Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы здаюць зброю, а кніжкі ў бібліятэку не вяртаюць


Алег Грузьдзіловіч, Менск Цягам 5 мінулых дзён жыхары Менска мелі магчымасьць без наступстваў для сябе здаць незарэгістраваную зброю. Апэрацыя “Арсэнал” пасьпяхова завершаная – а вось кампанія па добраахвотным вяртаньні ў бібліятэкі Беларусі фактычна скрадзеных кніг паводле дадзеных праходзіць без асаблівых дасягненьняў.

Homo sapiens, чалавек разумны, зусім неабавязкова ёсьць чалавекам сумленным. Адмыслова для недастаткова сумленных грамадзянаў менская міліцыя правяла апэрацыю “Арсэнал”. Цягам 5 дзён дзейнічала абяцаньне не караць тых, хто здасьць незаконную зброю добраахвотна. “А калі пасьля высьветліцца, што са зданага пісталета быў забіты чалавек – вы ж будзеце шукаць забойцу і таго, хто здаў гэты пісталет? Няўжо сапраўды здача зброі праходзіць ананімна?”, спытаўся я ў супрацоўніцы прэсавага цэнтру менскай міліцыі Анжэлікі Гурыновіч.

(Гурыновіч: ) “Ведаю дакладна : прыйшоў чалавек, сказаў, што хоча здаць зброю і здаў. А дадзеныя ягоныя не фіксуюцца”.

Паводле Анжэлікі Гурыновіч, здаюць у асноўным паляўнічыя стрэльбы, газавую зброю, радзей – баявыя пісталеты, на якія няма дазволу. Часта гэта робяць сваякі тых, хто ўжо памёр і пакінуў такую небясьпечную спадчыну. Паводле маёй субяседніцы, зброю, якая сапраўды была задзейнічаная ў нейкіх злачынствах, здаюць вельмі рэдка. Вынікі цяперашняй кампаніі “Арсэнал” будуць падведзеныя пазьней. Пакуль міліцыянты кажуць толькі, што зброі сабралі няшмат, і што іх гэта радуе. Маўляў, на руках ў грамадзянаў засталося мала зброі, а значыць, менш будзе выпадковых трагедыяў.

У сувязі з апэрацыяй “Арсэнал” згадалася гісторыя пра старшыню аднаго з райвыканкамаў. Вэртыкальшчыка западозрылі ў хабарніцтве і правялі ператрус ў ягоным доме. У выніку было знойдзенае цэлае сховішча незарэгістраванай зброі. У першую чаргу, шмат паляўнічых стрэльбаў і карабінаў. Але старшыня аказаўся знаходлівым – скарыстаўся апэрацыяй “Арсэнал” і заявіў пра добраахвотную здачу зброі дзяржаве. Дагэтуль за незаконнае валоданьне зброяй яго не пакаралі.

Паралельна ва ўсіх беларускіх бібліятэках ідзе падобная кампанія, скіраваная на аднаўленьне бібліятэчных фондаў.Тым нядобрасумленным чытачам, хто ўзяў кнігі і не вярнуў, прапанавана разьлічыцца зь бібліятэкамі з гарантыяй адсутнасьці адмоўных наступстваў. Ці дзейнічае гэтая прапанова, спытаў я ў дырэктара менскай бібліятэкі імя Пушкіна Натальлі Чуевай. Яна пацьвердзіла, што пачалі вяртаць кнігі больш актыўна, але праблема застаецца.

(Чуева: ) “Езьдзім да такога чытача, пазбаўляем яго права карыстацца бібліятэкай. Хаця, канешне, што ты будзеш рабіць? Гэта было, ёсьць і, ўлічваючы культуру нашу, будзе. Пакараць больш адчувальна даўжнікоў немагчыма. Хацелася б, але як пакараеш? Тут ужо трэба прымаць пэўна закон. Але такога закону няма. Мы ж толькі можам сваім загадам пазбавіць чалавека права карыстаньня бібліятэкай. Летась адносна аднаго ці двух чытачоў мы гэта зрабілі”.

Як бачым, Натальля Чуева больш спадзяецца на пэўныя захады супроць тых, хто наносіць шкоду бібліятэчнаму фонду. Між тым кампанія “Бібліятэка”, цягам якой даўжнікі могуць без наступстваў для сябе здаць прысабечаныя кнігі, працягваецца.
XS
SM
MD
LG