Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваныя тры чалавекі, зьвязаныя з захопам школы ў Бэслане


МАСКВА. Расейскія ўлады паведамілі пра арышт трох чалавек, якіх падазраюць у датычнасьці да арганізацыі захопу закладнікаў у паўночнаасэтынскім горадзе Бэслан. Міністар унутраных справаў рэспублікі Ісмэл Шараў заявіў, што яны былі арыштаваныя непасрэдна ў Бэслане. Шараў адзначыў, што ўсе тры паведамілі важныя зьвесткі, на падставе якіх улады спадзяюцца знайсьці адказных за арганізацыю нападаў. Тым часам сёньня ў Бэслане прайшлі першыя пахаваньні ахвяраў трагедыі. Амаль палова загіблых – гэта школьнікі, прынамсі 700 чалавек былі параненыя, 260 лічацца зьніклымі бязь вестак. Колькасьць ахвяраў перавысіла лічбу ў 350 чалавек. У Бэслане практычна няма ніводнай сям’і, у якой не загінуў бы прынамсі адзін чалавек. Урад Чэхіі і мэрыя харвацкага гораду Заграб прапанавалі дзецям з Бэслану адпачынак на курортах, амэрыканскі ўрад выдаткаваў 50 тысячаў даляраў на неадкладную мэдычную дапамогу параненым у часе захопу закладнікаў. Паводле зьвестак нямецкай газэты "Більд ам зонтаг", якая спасылаецца на крыніцы ў спэцслужбах краіны, сярод тэрарыстаў былі грамадзяне Сырыі ды Ярданіі.
XS
SM
MD
LG