Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпольны ліцэй, сноўборд, аўтастоп, пірацтва, піва ў парку ды іншыя мэтады ўзвышэньня ўзроўню адрэналіну


Франак Вячорка, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”

Сёньня ў праграме:

– Новы навучальны год у падпольным Ліцэі. Папаўненьне шэрагаў ліцэістаў; – Улады абвяшчаюць вайну алькагольным напоям і тытуню ў сквэрах Менску. Мы наўмысна зрабіліся парушальнікамі парадку; – Інтэлектуальнае пірацтва. Кампутарны злачынца раскрывае свае тэхналёгіі; – Аўтастоп. Вандроўнікі ня ведаюць, дзе яны будуць спаць сёньня і наагул, ці застануцца яны жывымі; – Сноўборд. Майстэрства беларускіх катальнікаў на дошках вышэйшае за ўзровень супернікаў; – Парлямэнцкія выбары: моладзь зьбірае подпісы. Мы павандравалі зь ініцыятыўнай групай.

ГАВОРКІ ПРА НАВУЧАЛЬНЫ ГОД

1 верасьня Беларусь адзначыла Дзень ведаў. Былі ўрачыстыя лінейкі, былі першыя званкі й першыя урокі, якія, паводле савецкай традыцыі, былі прысьвечаныя міру. На гэтым урачыстым тле мала хто згадваў пра зьліквідаваны ўладамі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў зьбіраецца ствараць унівэрсытэт у выгнаньні. А колішнія студэнты пачынаюць год у іншых ВНУ – альбо наагул за ведамі падаліся ў замежжа.

А тым часам Беларускі гуманітарны ліцэй, таксама некалі зачынены ўладамі, зладзіў уступныя іспыты. 20 чалавек прайшлі выпрабаваньні й пачалі навучаньне ў спартанскіх умовах.

Выпадковыя, а часам нават падпольныя месцы для лекцыяў, не зусім зручны расклад, адсутнасьць належнага абсталяваньня, ды яшчэ й верагоднасьць ня здаць экстэрн і не атрымаць пасьведчаньня пра сярэднюю адукацыю – такая пэрспэктыва не спыніла Машу Козел. Цяпер яна ліцэістка.

(Франак Вячорка: ) “Чаму ты выбрала Ліцэй?”

(Маша Козел: ) “Ён мне найбольш спадабаўся. Пра яго вельмі шмат усюль было чуваць. Вельмі шмат станоўчага было чуваць. Мне папросту захацелася вучыцца на беларускай мове і атрымаць беларускамоўную адукацыю ад высокакваліфікаваных настаўнікаў”.

(Франак Вячорка: ) “А гэта ўласны выбар? Ці ты абрала ліцэй пад уплывам бацькоў?”

(Маша Козел: ) “Большасьцю гэта мой уласны выбар. У нашай сям’і дзеці самі вырашаюць свой лёс, і таму мы самі знаходзім тое месца, дзе хочам вучыцца, але бацькі мяне падтрымалі”.

(Франак Вячорка: ) “А ці не спыняла цябе тое, у якім стане знаходзіцца Ліцэй? Лічы – падпольная, неафіцыйная ўстанова...”

(Маша Козел: ) “Не. Вярнуцца назад у школу ніколі не позна”.

(Франак Вячорка: ) “Малады чалавек можа назіраць, як разгортваюцца падзеі зь беларускамоўнай адукацыяй. Ад пачатку зьліквідавалі Беларускі ліцэй, сёлета – Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. У чым малады чалавек можа бачыць пэрспэктыву?”

(Маша Козел: ) “Мне падаецца, што так нават больш цікава. Цікава ісьці супраць таго, што цябе даймае. Мажліва, будзе такі час, калі ў нас зьявяцца добрыя навучальныя ўстановы, дзе будуць выкладаць па-беларуску”.

(Франак Вячорка: ) “А што ты можаш сказаць пра іспыты, якія прыходзілася здаваць?”

(Маша Козел: ) “Нельга сказаць, каб іспыты былі вельмі складаныя. Але яны падкрэсьлілі, што школьная адукацыя – гэта амаль што нішто. На іспытах былі вельмі цяжкія пытаньні па геаграфіі і гісторыі. У школьным курсе ім надаецца ня вельмі шмат часу”.

ГАВОРКІ ПРА ПАРКІ

Улады Менску вырашылі абвесьціць вайну нездароваму ладу жыцьця. У плянах – забараніць алькагольныя напоі і паленьне ў гайках. Тлумачацца такія намеры дбаньнем пра здароўе маладога пакаленьня.

Не пасьпеў Менгарвыканкам сказаць “трэба”, як Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адказаў “ёсьць”. Актывісты БРСМу гатовыя стварыць адмысловыя дружыны, якія будуць сачыць за парадкам ў парках ды сквэрах.

Творчая брыгада праграмы “Маладыя галасы” заўсёды прапагандавала здаровы лад жыцьця. Але каб здабыць меркаваньні адваротнага боку, мы былі вымушаныя адысьці ад нашых прынцыпаў. “Атаварыліся” ў краме і скіраваліся на пошукі прыгодаў.

(Франак Вячорка: ) “Мы сабраліся ў парку з маім сябрам, купілі па бутэльцы піва… Ну што, Антось, за сустрэчу! – за сустрэчу.. О! Як смачна п’ецца піва… Ці ведаеш ты, Антось, пра апошнія намер зрабіць паркі й гайкі безалькагольнымі й безтытунёвымі? Наагул, як ты думаеш, наколькі гэтыя намеры гарадзкіх уладаў скарэктуюць паводзіны моладзі.”

(Антось: ) “Думаю, што ні на колькі. Атрымаецца, як заўсёды. У нашай краіне ўсе нешта хочуць зрабіць, а нічога не атрымліваецца. Яны пачнуць праганяць моладзь, яна будзе пераходзіць у нейкія іншыя месцы й займацца тым жа самым”.

(Франак Вячорка: ) “Але ёсьць жа вулічныя кавярні, дзе таксама прадаецца піва, чаму моладзь не ідзе туды, а застаецца ўсё ж такі на лаўках ў парках?”

(Антось: ) “Менавіта, кавярняў ня так і шмат, дзе прадаецца нармальнае піва. І звычайна яно даражэйшае за піва, якое можна набыць у шапіках, каб пайсьці піць у паркі. Сэрвіс – ён, вядома, не задавальняе, бо ня вельмі ветлівыя прадаўцы, брудныя сталы, паламаныя крэслы. Не прыбіраюць посуд са сталоў. Ня вельмі мне ўсё гэта падабаецца”.

(Франак Вячорка: ) “А наколькі ты сам падтрымліваеш той аргумэнт, што ў гайках зазвычай шмат малых дзетак, якія бавяць час: тое, што бачаць, як п’е моладзь – гэта можа даць кепскі прыклад”.

(Антось: ) “Лічу, што яны могуць набрацца такіх кепскіх прыкладаў дзе заўгодна. У той жа школцы, каля ўласнай хаты, у двары сваім…”

(Франак Вячорка: ) “Ці не зьвярталіся да цябе асабіста дарослыя, якія скардзіліся і крычалі: што вы такое тут робіце, паліце й п’яце?”

(Антось: ) “Маці, напрыклад, зь дзецьмі, яны – ніколі, я не заўважаў, ані каб позірк такі цяжкі, “што ты тут робіш”, “які прыклад паказваеш нашым дзеткам?”.. Такога ніколі не было”.

(Франак Вячорка: ) “Час зрабіць па чарговым глытку піва… Як толькі зьявіліся намеры зрабіць паркі безалькагольнымі й безтытунёвымі зонамі, зьявіліся БРСМаўцы, якія паведамілі, што мы можам глядзець і сачыць за моладзьдзю. Як ты да гэтага ставісься?”

(Антось: ) “Самі тут гэтыя БРСМаўцы й дружыньнікі, яны тут больш за ўсіх у парку й паляць, і п’юць, і лаюцца матам пры дзетках…”

(Франак Вячорка: ) “Чаму мы пытаемся: у савецкія часы існавалі так званыя камсамольскія дружыны, якія адсочвалі маладзёнаў з доўгімі валасамі, прымусова іх абстрыгалі. Ці не праводзіш ты якую паралель з часамі СССР?”

(Антось: ) “Я бачу паралелі, але, лічу – цяпер зусім іншы час. Цяпер не савецкая ўлада. А ў што ў гэта ўсё можа выліцца? Думаю, будуць нейкія сутычкі з БРСМ”.

(Франак Вячорка: ) “Давай уявім з табой такую сытуацыю: сядзіш у парку, п’еш піва й да цябе падыходзіць група БРСМаўцаў. І калі яны пачнуць вучыць цябе маралі, што ты на гэта адкажаш? Ці будзеш ты ўступаць зь імі ў канфлікт?”

(Антось: ) “Напэўна ўсё ж такі буду, калі гэтыя павучэньні будуць моцна ўплываць на мяне, калі яны пачнуць мяне выганяць з парку”.

(Франак Вячорка: ) “І на завяршэньне яшчэ адно пытаньне. Палітыка кантролю за піцьцём алькагольных напояў, у прыватнасьці, у дачыненьні да моладзі, ёсьць у любой краіне. Наколькі пасьлядоўнымі выглядаюць крокі нашых уладаў?”

(Антось: ) “Мне здаецца, палітыка нашай дзяржавы ў адносінах да алькаголю зьяўляецца непасьлядоўнай. Яны забараняюць піць піва ў парках, у той час крамы поўняцца разнастайным рознакаляровым сурагатам, таннай няякаснай гарэлкай. А намеры ўладаў забараніць піць піва ў парках зьяўляюцца проста сьмешнымі. Гэта тое самае, што тушыць вогнішча, і ў той жа час падліваць туды бэнзіну”.

ГАВОРКІ ПРА ПІРАЦТВА

Беларусь пакрысе цывілізуецца. Доўгі час краіна была пірацкімі джунглямі, дзе ня дзейнічалі законы ў абарону інтэлектуальнай уласнасьці. А ў рознага кшталту дасьледаваньнях Беларусь дагэтуль фігуруе сярод лідэраў вытворчасьці й продажу неліцэнзаванай прадукцыі.

Ёсьць усясьветны сымбаль (c) – copyright. Ён абазначае, што прадукцыя абароненая аўтарскім правам. Беларускія ж піраты вынайшлі панятак copyleft, у перакладзе – “левая копія”.

Наагул, праблема захаваньня аўтарскіх правоў вельмі падобная на праблему сплаты падаткаў. Людзі не гараць жаданьнем разьвітацца зь вялікай сумаю грошай, але адначасна разумеюць, што не плаціць немагчыма. Часта яны ня могуць пазьбегнуць спакусы адыйсьці ад правілаў: нешта не задэкляраваць альбо набыць нелегальную копію. І ў першым і ў другім выпадку выкананьне альбо парушэньне законаў сьведчаць пра ступень добрасумленнасьці і нават цывілізаванасьці.

На паліцах беларускіх крамаў усё часьцей зьяўляюцца фірмовыя музычныя дыскі ды праграмовае начыньне. А афіцыйныя мэдыі час ад часу рапартуюць пра чарговую пасьпяховую апэрацыю супраць піратаў 21-га стагодзьдзя.

Што праўда, маладыя грамадзяне Беларусі самі вырабляюць і распаўсюджваюць пірацкія копіі. Не падзяляючы пазыцыю Тодара, мы ўсё-ткі дамо яму слова, каб пачуць меркаваньні тых, хто заўсёды застаецца ў цені – саміх піратаў.

(Тодар: ) “Увесь сьвет звыкся да такіх рэчаў, як Microsoft Windows, Microsoft Office. На нашым беларускім рынку гэта ўсё неліцэнзійнае, гэта ўсё ломанае. Максымум адзін з сотні зможа аддаць 400 даляраў за офіс і 200 – за Windows. Патэнцыйны юзэр няздольны плаціць такія грошы за ліцэнзійны софт. А крэкнуты Windows і звычайны – яны паводзяць сябе аднолькава”.

(Франак Вячорка: ) “Калі прыкінуць колькасныя дадзеныя, на беларускім рынку колькі пірацкае, а колькі ліцэнзаванай прадукцыі?”

(Тодар: ) “Увогуле, мае знаёмыя выкарыстоваюць 100% пірацкай прадукцыі, але калі браць дзяржаўныя, афіцыйныя ўстановы, то можна меркаваць – каля 80% пірацкага софту”.

(Франак Вячорка: ) “Узьнікае праблема з аўтарскімі правамі й перасьледам за іх парушэньне. Твой погляд на пірацтва?”

(Тодар: ) “Увогуле, я лічу, ім трэба паставіць помнік, бо фактычна яны зьдзяйсьняюць распаўсюджваньне сучаснага праграмнага забесьпячэньня на тэрыторыі нашай краіны, інакш бы ў нас нічога не было. Аўтарскія правы на прадукты, зробленыя за межамі нашае краіны, у нас амаль ня ўлічваюцца, таму што заканадаўчая база ня тая. Схема тут вельмі простая, таму што з разьвіцьцём сеціва грамадзянін любой дзяржавы можа напісаць крэк, потым гэты фрагмэнт выкідваецца на нейкі сайт у павуціньні, і той, хто жадае, можа скачаць яго адтуль. Усё! Вельмі-вельмі простая схема. І нельга вылічыць чалавека, які напісаў гэтую праграму, і нельга пачаць яго перасьлед, паколькі ён можа знаходзіцца на іншым канцы сьвету. Прасьцей глядзець на гэта скрозь пальцы, чым лавіць гэтых піратаў”.

(Франак Вячорка: ) “Пытаньне асабістага кшталту: самі вы калі-небудзь займаліся распаўсюдам неліцэнзаванай прадукцыі?”

(Тодар: ) “Канешне. Я звычайна раблю mp3 калекцыі. Я ведаю, што гэта парушэньне аўтарскіх правоў, бо mp3-фармат забаронены ва ўсім сьвеце. Так што я лічу, што займаюся пірацтвам”.

(Франак Вячорка: ) “Сумленьне не турбуе?”

(Тодар: ) “Інфармацыя павінна быць даступнай для любога чалавека, таму не турбуе.”

(Франак Вячорка: ) “Ці складана быць піратам, і што для гэтага трэба?”

(Тодар: ) “Пірацтва – гэта вельмі-вельмі доўгі працэс. Як гэта ўсё робіцца: у Расеі, Украіне й нават у нас ёсьць некалькі падпольных студыяў запісу. Яны штампуюць гэтыя дыскі. Калі дыскі вязуцца празь мяжу – іх запакоўваюць ў цэляфан і вязуць у звычайных баулах, каб проста нябачна было. Вокладкі пастаўляюцца іншым кшталтам, а боксы наагул набываюцца тут. Потым спэцыяльныя людзі кладуць у бокс, укладаюць вокладку, пакуюць у цэляфан, і яго ўжо можна прадаваць.”

(Франак Вячорка: ) “Якое пірацтва больш распаўсюджанае: аматарскае ці прамысловае?”

(Тодар: ) “Прафэсійнае, бо маленькія партыі проста фінансава ня мае сэнсу выпускаць, бо гэта не дае тых прыбыткаў, што дае масавае пірацтва, калі тыражы ідуць тысячамі й дзесяткамі тысячаў”.

(Франак Вячорка: ) “Крокі супраць пірацтва можна параўнаць з барацьбою з прастытуцыяй, тытунём ці алькаголем. Калі ўлады робяць крок насуперак, то супрацьлеглы бок робіць 2 крокі ў адказ. Такое супрацьстаяньне будзе бясконцае? Ваш рэцэпт выйсьця?”

(Тодар: ) “Адказ на абодва пытаньні ў адным: трэба падняць фінансавы стан нашых суайчыньнікаў да такога ўзроўню, каб ім прасьцей было пайсьці й набыць ліцэнзійны софт”.

ГАВОРКІ ПРА АЎТАСТОП

Лета, а разам зь ім і сэзонныя захапленьні, скончыліся. Самы час падводзіць вынікі. Сонца, мора, і пляж альбо сонца, лес і грыбы – гэта, вельмі файна. Праўда, такім ужо нікога ня зьдзівіш. Што іншае – экстрэмальны адпачынак? Аднак і гэта не навіна.

Ёсьць, праўда, яшчэ неспакойнае сярод экстрэмальнага. Пад гэтае азначэньне падпадае аўтастоп. Прыгоды – гарантаваныя, побытавы камфорт – не заўсёды, а пэрспэктыва фізычнага выжываньня – каму як пашанцуе.

Аўтастопнікі – людзі авантурныя і да неразумнага сьмелыя. Дзеля вастрыні пачуцьцяў яны гатовы рушыць на іншы край кантынэнту без капейкі ў кішэні: ці то выправіцца ў Галяндыю на футбольны матч, ці ў Ізраіль, каб наведаць стрыечную бабулю. Прычым аўтобусы, цягнікі і аўто не ў пашане. Толькі уласныя ногі і ўзьнятая рука, якой галасуюць на трасах.

Мы дачакаліся, пакуль Багдан вернецца з чарговай вандроўкі. Сустрэліся і на дыктафоне націснулі кнопку “запіс”.

(Франак Вячорка: ) “Што такое падарожнічаць аўтастопам?”

(Багдан: ) “Перш за ўсё гэта адчуваньне, якое ні на хвіліну не пакідае. Ты ня ведаеш, што здарыцца ў наступную гадзіну, дзе ты будзеш спаць сёньня ноччу, у якім горадзе і на якой лаўцы, наагул, ці будзе ты жывы. Рэч у тым, што вядомы заўсёды толькі канчатковы пункт. А сам маршрут карэктуецца па ходу. Самае кляснае ў аўтастопе – што ты ні ад каго не залежыш”.

(Франак Вячорка: ) “Для незаангажаванага чалавека гэтая справа падаецца небясьпечнай і нават авантурнай. Ці ёсьць нейкія сакрэты і таямніцы прафэсійных аўстастопнікаў, як пазьбегнуць небясьпекі і выкруціцца зь любога кшталту сытуацыяў?”

(Багдан: ) “Што да грошай і дакумэнтаў: натуральна, іх заўсёды трэба трымаць у тым месцы. куды зможаш дацягнуцца рукою. А што да небясьпекі быць забітым ці ўзятым у сэксуальнае рабства – натуральна, трэба рабіць ногі”.

(Франак Вячорка: ) “Якое стаўленьне да аўтастопнікаў у Беларусі?”

(Багдан: ) “У Беларусі бывае дастаткова складана падарожнічаць аўтастопам. Аднойчы зь сябрам мы вырашылі паехаць на гару Дзяржынскую – самую высокую кропку Беларусі. 30 кілямэтраў ад Менску. Мы паўдні ішлі пехатою”.

(Франак Вячорка: ) “Як трэба размаўляць зь кіроўцамі фураў? Што трэба сказаць, каб яны дакладна цябе падвезьлі?”

(Багдан: ) “Істотны ня той момант, калі ты размаўляеш з кіроўцам. Ён спыніўся і тут ужо 95 адсоткаў, што ён цябе забярэ. Галоўны момант, як ты будзеш галасаваць. Калі ты гідліва будзеш матляць рукою, ніхто спыняцца ня будзе. А калі ты нейкай сваёй аўрай змусіш яго націснуць на стоп – гэта тваё шчасьце. У гэтым сэнсе самая лёгкая краіна – Гішпанія. Калі ніхто не спыняецца, можна напісаць на кавалку кардону: “Спыніцеся, казлы!” Хто-небудзь абавязкова зь цікавасьцю спыніцца, каб запытацца, што напісана. А ты яму скажаш, што напісана “Спыніцеся, калі ласка!”

(Франак Вячорка: ) “Аўтастопнікі – зьява інтэрнацыянальная. Калі ў прыгарадзе Гановэру ты натыкаесься на фуру з бабруйскім кіроўцам. Ці ўзьнікае пачуцьцё еднасьці, нечага роднага беларускага?”

(Багдан: ) “У мяне быў дастаткова сумны досьвед такіх сустрэчаў. Калісьці я завіс на адной запраўцы. Была глыбокая ноч. Кукаваў там, падыходзіў да фураў, якія прыяжджалі, але ніхто не хацеў мяне браць. Гляджу – беларускі нумар! Думаю, хоць парай словаў перакінуся. Але пагаварылі мы надта нядоўга. Чувак, хоць і быў адзін, нікуды мяне ня ўзяў. Шчыра кажучы, такога не чакаў. А праз пару гадзінаў прыехаў вельмі цікавы чувак. Сам ён быў румынам, жыў у Італіі. Сказаў мне, што ён крыху можа размаўляць па-расейску. Пасьля высьветлілася, што ягоныя бацькі зь Менску. І адсоткаў на 60-70 ён размаўляў па-беларуску. Ён ужываў такія фразы: “ты маеш ехаць”. “ці маеш ты грошы”, “частуйся кілбасой”.

ГАВОРКІ ПРА СНОЎБОРД

Калі лета сышло, а зіма за гарамі, наступае пэрыяд міжсэзоньня. Адны падводзяць вынікі, а іншыя толькі рыхтуюцца да стартаў.

Сноўборд не аднесьці да традыцыйных захапленьняў беларускай моладзі. Гор у краіне няма, дый зімы не заўсёды бываюць са сьнегам. Праўда, гэта не спыняе апантаных аматараў экзотыкі. Хто прыгодаў шукае, то іх знойдзе абавязкова. Адзін зь ліку бясстрашных заваёўнікаў схілаў – Сяргей Правалінскі.

(Сяргей Правалінскі: ) “Зьяўляецца шмат новых райдэраў, якія катаюцца на даволі высокім узроўні, яны займаюць даволі высокія месцы на міжнародных спаборніцтвах. Некаторыя са сноўбардыстаў прыйшлі ў гэты від спорту з лыжаў. У Беларусі вельмі моцная школа фрыстайлу, і некаторыя менавіта адтуль і прыйшлі”.

(Франак Вячорка: ) “Ці ёсьць пэўныя колькасныя дадзеныя пра сноўбардыстаў на Беларусі?”

(Сяргей Правалінскі: ) “Канкрэтных дадзеных мы ня маем, але калі вы хочаце зразумець, наколькі нас шмат, вы можаце проста ўзімку прыйсьці на гару, альбо залезьці ў інтэрнэт-форум па сноўборду, яны адны з самых папулярных”.

(Франак Вячорка: ) “На кожную спартовую забаву трэба мець нейкія аксэсуары? Які варта мець прылады для сноўборду й колькі гэта будзе каштаваць?”

(Сяргей Правалінскі: ) “Першыя рэчы якія неабходныя, каб стаць сноўбардыстам, гэта непасрэдна сама дошка, адмысловыя мацавальнікі й боты – гэта аснова. Таксама вельмі важна мець спэцыяльныя штаны, якія не прамакаюць, і пальчаткі. Калі называць прыкладныя кошты на ўсё гэта, то гэта каля 500-600 даляраў”.

(Франак Вячорка: ) “Захапленьне ня з танных. Праз сноўборд – ці можна зарабіць нейкія грошы?”

(Сяргей Правалінскі: ) “Не магу сказаць, што ў Беларусі гэтым можна зарабіць сабе на жыцьцё, таму што ў нас няма спонсарства, такога, як за мяжой”.

(Франак Вячорка: ) “А дзе катаюцца беларускія сноўбардысты на тэрыторыі нашай дзяржавы?”

(Сяргей Правалінскі: ) “Напрыклад, гэта Курасоўшчына, Баяры, Раўбічы, траса ў Лагойску – месцаў хапае. Рэльеф у некаторых месцах Беларусі вельмі спрыяльны”.

(Франак Вячорка: ) “У пералічаным сьпісе няма ні саляных гор пад Салігорскам, ні крэйдавых кар’ераў пад Ваўкавыскам...”

(Сяргей Правалінскі: ) “Райдзіць на штучных схілах – гэта даволі небясьпечна, бо ў выніку летніх дажджоў зьяўляюцца пустэчы ў гэтых схілах, можна туды праваліцца. Зьверху вас засыпле й усё – будуць вам кранты!”

(Франак Вячорка: ) “Любы спорт – гэта працэс няспынных трэніровак. Тыя самыя лыжнікі ўлетку прымацоўваюць колцы й катаюцца. Хай вас ня зьдзівіць пытаньне: сноўбардысты езьдзяць толькі ўзімку, ці ўлетку таксама можна нешта прымацаваць?”

(Сяргей Правалінскі: ) “Вядома ж, не. Ніякіх колцаў да сноўбордаў мы не прымацоўваем, але ўсё ж стараемся знайсьці нейкія альтэрнатывы. 2 разы на тыдзень на лыжна-ролернай трасе мы зьбіраемся і катаемся на роліках”.

(Франак Вячорка: ) “Уявіце: вы залезьлі на схіл і рыхтуецеся зь яго імкліва спусьціцца. Што адчувае чалавек у такой сытуацыі?”

(Сяргей Правалінскі: ) “Мяне адразу зацягнулі на самы круты схіл, я спалохаўся. Першыя крокі ў сноўбордзе ніяк нельга назваць катаньнем, таму што ты скрабеш па схіле на заднім канце, падаеш кожныя 5 сэкундаў: мокрае мяккае месца, мокрыя рукі. Але ж натхненьне зьяўляецца нейкае незразумелае. Зь цягам часу ты паступова авалодваеш тэхнікай, пачынаеш сьлізгаць уздоўж па схіле, і вось першы момант, калі гэта ў цябе добра выходзіць – гэта ні з чым не параўнальнае адчуваньне. Напэўна гэта больш падобна да палёту. На вялікай хуткасьці, калі вецер б’е табе ў твар, а сьнег падымаецца з-пад твайго канта. Усё гэта вельмі прыгожа й незабыўна”.

(Франак Вячорка: ) “…а потым нешта здараецца: вы перакульваецеся, аб нешта спатыкаецеся й каціцеся ўніз з гэтага фантастычнага схілу. Гэтыя пераломы, гузакі, няздольнасьць устаць, адчуваньне пабітасьці, як быццам бы па вас праехаліся танкам. Гэта не спыняе вашага жаданьня працягваць гэтае экстрэмальнае захапленьне?”

(Сяргей Правалінскі: ) “Сноўбардысты – народ “бяз башні”. Жаданьне не зьнікае, а наадварот гэта неяк цябе падштурхоўвае, ня ўпасьці, а правільна зрабіць элемэнт. Ты залазіш на гару зноў і зноў, і пакуль ты гэтага ня зробіш – ты ня зьлезеш”.

ГАВОРКІ ПРА ВЫБАРЫ

У палітычным календары – кампанія выбараў у Палату прадстаўнікоў. Выбарчыя акругі сфармавалі, склады падліковых камісіяў зацьвердзілі, ініцыятыўныя групы зарэгістравалі. І вось скончыўся чарговы этап – збор подпісаў за будучых кандыдатаў на дэпутата.

Напярэдадні мы далучыліся да актывістаў перадвыбарчага штабу. Яны палявалі на аўтографы, а мы – на развагі маладых людзей.

(Франак Вячорка: ) “Ты ведаеш нешта пра восеньскія выбары?”

(Дзяўчына: ) “Ну толькі тое, што яны будуць.

(Франак Вячорка: ) “А, можа, знаёмая зь нейкімі перадвыбарнымі кааліцыямі?”

(Дзяўчына: ) “Не, мяне гэта не цікавіць”.

(Іншая дзяўчына: ) “Вельмі мала інфармацыі, вельмі мала да іх даходзіць. Магчыма, праблема ў тым, што і самі яны вельмі мала цікавяцца. Даходзіла да такога абсурду, што мне тэлефанавалі й казалі: “Вось мы паспрачаліся на скрыню піва, ці існуе такое аб’яднаньне “Пяцёрка плюс”. Калі моладзь праявіць актыўны ўдзел, то тады я спадзяюся, гэта неяк паўплывае на жыцьцё моладзі і зьменіць яго да лепшага”.

(Франак Вячорка: ) “Ці ня страшна ставіць подпіс пад іменем дэмакратычнага кандыдата?”

(Іншая дзяўчына: ) “Мне асабіста ня страшна. Але я думаю, большасьці моладзі, большасьці студэнтаў страшна, таму што ёсьць такое, што ва ўнівэрсытэтах запалохваюць, многія баяцца згубіць месца вучобы ці месца працы, і баяцца, што подпіс – гэта нешта крамольнае й крымінальнае”.

(Франак Вячорка: ) “На тваю думку, што гэтыя выбары могуць даць моладзі?”

(Хлопец: ) “Хіба што тым, хто прыходзіць першы раз на выбарныя ўчасткі, кветачку ад выбарнай камісіі. Ніякіх такіх грандыёзных пераменаў ня бачу й не чакаю”.

(Франак Вячорка: ) “Што мусяць абяцаць кандыдаты, каб іх падтрымала моладзь?”

(Хлопец: ) “Недапушчэньне правядзеньня рэфэрэндуму па пытаньні 3-га тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Калі яны будуць абяцаць гэта, то нейкую падтрымку сярод моладзі (ды й ня толькі) яны атрымаюць”.

Пачатак навучальнага году, новыя правілы адпачынку ў гайках, інтэлектуальнае пірацтва, аўтастоп, сноўборд і стаўленьне моладзі да парлямэнцкіх выбараў – гэта ўсё, пра што мы пасьпелі распавесьці вам. Я, Франак Вячорка, разьвітваюся з вамі. Не сумуйце – хутка пачуемся!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG