Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя камуністы вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня прайшоў пазачарговы зьезд апазыцыйнай Партыі камуністаў беларускай па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Апазыцыйныя камуністы правялі свой зьезд апошнімі з партыяў, якія падтрымліваюць плятформу народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”.

Зьезд прайшоў бязь лідэра ПКБ Сяргей Калякіна, які захварэў. Партыя камуністаў вылучыла 46 кандыдатаў у дэпутаты, большасьць зь якіх паралельна стварыла ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў. Як зазначыў адзін з лідэраў ПКБ Валерый Ухналёў, апазыцыйныя камуністы разьлічваюць на перамогу, прынамсі ў шэрагу акругаў:

(Ухналёў: ) “Калі рэальна ацэньваць, бо кандыдаты ўсё-ткі розныя і паводле ўзроўню падрыхтоўкі, і паводле магчымасьцяў іх камандаў, і паводле таго, які супернік ім супрацьстаіць, то мы лічым, што 15-20 кандыдатураў з вылучаных сёньня маюць усе рэальныя шанцы перамагчы, калі б выбары былі сумленнымі”.

Паводле Валерыя Ухналёва, у аснове зацьверджанай перадвыбарчай плятформы ПКБ – палажэньні праграмы “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”, галоўныя зь якіх датычацца вырашэньня сацыяльных праблем, дэмакратызацыі грамадзтва і выбарчага працэсу.

Выступаючы са справаздачай зьезду, Валерый Ухналёў зазначыў, што ўжо цяпер кампанія ідзе несумленна, улады не дапускаюць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазыцыі. Гэта сьведчыць, што ўлады хочуць фальсыфікаваць вынікі выбараў, заявіў спадар Ухналёў.

(Ухналёў: ) “Мы адназначна мяркуем, і кампанія, якая пачалася, толькі пацьвярджае, што сумленных выбараў ня будзе”.

Спадар Ухналёў абвінаваціў Міністэрства юстыцыі ў падвойных стандартах: маўляў, Мінюст адсочвае самыя дробныя парушэньні ў дзейнасьці партыяў, але ні разу ня выступіў з крытыкай мясцовых уладаў, якія парушаюць правы партыяў, ажыцьцяўляюць ціск і запалохваньне палітычных актывістаў. У выніку гэтага ціску тры патэнцыйныя кандыдаты ад ПКБ ўжо адмовіліся ад удзелу ў перадвыбарчай гонцы, паведаміў спадар Ухналёў. Ён перасьцярог кандыдатаў ад ПКБ ад спробаў заключэньня нейкіх дамоўленасьцяў з мясцовымі ўладамі. Гэта памылка, улады ня спыняцца ні перад якімі парушэньнямі законаў і нормаў маралі, выконваючы загады зьверху, бо сумленнымі мэтадамі яна выйграць ня здольная, заявіў спадар Ухналёў.

Адзін з кандыдатаў ад ПКБ, Мікалай Петрушэнка, у 1988 годзе выйграў выбары народных дэпутатаў СССР. Параўноўваючы перадвыбарчую сытуацыю ў краіне з тагачаснай, ён зазначыў, што цяпер сытуацыя нават горшая, улада не выконвае Канстытуцыю й імкнецца выціснуць палітычныя партыі з выбарчага працэсу.

(Петрушэнка: ) “Калісьці я ў роспачы кінуў Гарбачову: Міхаіл Сяргеевіч, калі на капітанскім мосьціку сядзіць варона, караблю не пазьбегнуць памыйкі… Цяпер я гэтак жа перакананы, што на капітанскім мосьціку карабля “Беларусь” сядзіць такая самая варона. Толькі адрозьніваецца яна тым, што яна нахабная і галодная ад тых кавалкаў прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці, якія на яе зваліліся. Апэтыт у яе распаліўся. Таму барацьба, на жаль, ідзе не на роўных”.
XS
SM
MD
LG