Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі адкрыты помнік Кірылу Тураўскаму


Казімір Яноўскі, Гомель Сёньня ў Гомелі, у дзень гораду, адкрыты помнік знакамітаму беларускаму асьветніку і гуманісту Кірылу Тураўскаму. Падзея як бы адкрывае прызначанае на заўтра ў старажытным Тураве сьвяткаваньне Дня беларускага пісьменства.

Духоўнымі сьпевамі суправаджалася адкрыцьцё ў горадзе па-над Сожам помніка Кірылу Тураўскаму. Менскія скульптары, бацька і сын Гумілёвы, прадставілі асьветніка землякам у вобразе Залатаслова – так называлі Кірылу Тураўскага ягоныя сучасьнікі. Ён стаіць ў поўны рост у бронзе, на шэраватага колеру гранітным пастамэнце. У левай руцэ асьветніка разгорнуты пэргамэнтны сьвітак са словамі ў старажытнаславянскім напісаньні: “О Валадар Прасьвяты! Пазбаў, Божа, горад гэты і краіну гэту ад усякага зла”. Правая рука Залатаслова ўскінутая ўгару, акурат як падчас дэклямаваньня.

На адкрыцьцё помніка сабраліся духоўныя асобы Гомельскай эпархіі, урадоўцы, кіраўнікі мясцовай улады, міністэрства культуры. Гаворыць віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын:

(Дражын: ) “Сёньня нам усім выпаў гонар адкрыць помнік слыннаму беларускаму асьветніку ХІІ-га стагодзьдзя Кірылу Тураўскаму. Яму належыць яркая старонка ў гісторыі разьвіцьця айчыннай пісьменнасьці і культуры. Імя гэтага выдатнага сына беларускай зямлі глыбока шануецца ня толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі”.

Пра Кірыла Тураўскага вядома ня шмат. Паходзіў ён з заможнай сям’і, атрымаў хатнюю і манастырскую адукацыю, зьдзейсьніў подзьвіг стаўпніцтва – замыкаўся ў манастырскай вежы, “стаўпе”, у знак нязгоды зь ідэйным апанэнтам, кіеўскім мітрапалітам Клімам Смаляцічам.

Калі вышэйшая царкоўная ўлада ў Кіеве зьмянілася, тураўскія месьцічы запрасілі Кірылу на эпіскапскую катэдру. Ён напісаў шмат пропаведзяў, малітваў, канонаў, прыпавесьцяў, павучаньняў. Некаторыя дасьледчыкі схіляюцца да думкі, што Кірыла Тураўскі і ёсьць аўтарам знакамітага “Слова пра паход Ігаравы” – клясычнага твору старажытнай славянскай паэзіі.

Як і многія жыхары гораду, загадчык катэдры беларускай культуры Гомельскага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны Дзьмітрый Паўлавец задаволены, што, нарэшце, у горадзе зьявіўся помнік менавіта беларускаму асьветніку. Праўда, месца для яго, як лічыць спадар Паўлавец, ня самае прыдатнае: у сквэрыку, побач з драматычным тэатрам, насупраць помніку Леніну.

(Паўлавец: ) “Я думаю, што Кірыла Тураўскі крышку ўсьцешаны, што, нарэшце, вярнуўся на сваю родную зямлю, у Гомель. Во тут яго паставілі. Калі б у мяне спыталі, я яго тут не разьмясьціў бы. У нас ёсьць плошча Перамогі перад абласной бібліятэкай. Вельмі вялікі пляц. Тут і дарэчы было б паставіць помнік, акурат перад бібліятэкай. А вуліцу Чырвонаармейскую зрабіць вуліцай Кірылы Тураўскага. На жаль, у Гомелі такой вуліцы няма. І ўлады да гэтага ніяк ня паварочваюцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG