Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Андрэй Хадановіч


Андрэй Хадановіч, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прэзэнтуе Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, выкладчык францускай літаратуры.

“Дзёньнікаў на вайне я ня вёў”, — пісаў адзін клясык савецкае пары. Што да мяне, дык я, прызнаюся, ня вёў дзёньнікаў наагул. Так што вы цяпер моцна рызыкуеце, слухаючы ці чытаючы ўсё гэта… Справа вашая, але я папярэджваў!

Субота, 28 жніўня

28 жніўня для мяне пачынаецца з распакоўкі торбы й прывядзеньня ў парадак наскрозь вымаклых рэчаў. Парасон, нататнік, пулярэс (амаль пусты), кніга (вядома ж, чужая). Паціху корпаюся пад тэлетрансьляцыю Алімпійскіх гульняў. Раней не зьвяртаў увагі, што выраз “эстафэта 4х100” надзвычай пасуе для таварыскай сустрэчы за пляшкаю. А выраз “эстафэта 4х400” набывае ў гэтым сьвятле проста манумэнтальны маштаб. Па тэлевізіі трансьлююць якраз 4х400. Покуль жаночая зборная Ямайкі выходзіць наперад, я выцягваю зь вільготнага чахла добра-ткі падмоклую гітару й сумна канстатую: “Другая за апошні месяц”. Першая пала ахвяраю вандроўкі на байдарках па рацэ Котры, гэтая — пацярпела за Беларускі гуманітарны ліцэй.

Напярэдадні ўвечары мусіла адбыцца прэзэнтацыя ліцэйскага дыску “Веру ў цябе” у клюбе “Бліндаж”. Але ў клюб ліцэістаў — у найлепшых традыцыях — не пусьцілі. Давялося сьпяваць каля незахопленага “Бліндажу”. Тут нас усіх і падпільнавала капітальная залева. І ўсё б нічога, каб не адна маленькая прыкрасьць. Першае, па чым у чалавеку б’юць ваенна-палявыя ўмовы й гераічная атмасфэра навокал, — гэта пачуцьцё гумару. Спрабуеш жартаваць, а перад табою збольшага змагарна-каменныя твары. Можа, так яно й трэба на сапсаваным сьвяце?..

У другой палове дня выпраўляюся ў “Філязофскую вандроўку”. У “Філязофскія вандроўкі” ўжо каторы год водзіць навучэнцаў “Беларускага Калегіюму” іх выкладчык Валянцін Акудовіч. Раз-пораз далучаюся і я. Месцам прызначэньня гэтым разам абралі Іслач. Іронія лёсу: “Дом творчасьці”, што даўно не функцыянуе, а побач такая сабе альтэрнатыўная нарада маладых літаратараў.

Па дарозе на вакзал назіраю сцэну на выхадзе з мэтро. “Эй, малчык, нэ ты потэрял?” — крычыць маладзён каўкаскай нацыянальнасьці 4–5-гадоваму карапузу й паказвае на дробную грашовую купюру на сходах. “Я!” — згаджаецца карапуз і хуценька падымае паперчыну. Маці малога не пытаецца, скуль грошыкі, затое ветліва просіць падзякаваць дзядю. “Спасіба, дзядзя!” — радасна гаворыць малы, а я гляджу на ўсё гэтае зачаравана. Калі напраўду, дык купюра была маёй, але я не замінаю пэдагагічнаму працэсу.

Першы (і, мабыць, апошні) раз едзем у паход аўтобусам, каб ацаніць усе выгоды электрычак. Аўтобус бітма набіты, а паўтара дзясяткі інтэлектуалаў пруцца па праходзе са сваімі вялізарнымі заплечнікамі. “Туристы недоделанные”, — нечакана выдае кабеціна інтэлігентнага выгляду. Гучная беларуская гамонка сустракаецца пасажырамі, зрэшты, прыязна. А на прыпынку ў Ракаве найбліжэйшы да нас юнак нават зьвяртаецца да сваёй абраньніцы па-беларуску. “Ты что — дебил?” — разгублена пытаецца тая. “Які дэбіл?! Мова памірае!” — не разгубіўся новы адэпт беларушчыны, а мы старанна здушылі рогат — не выпадае псаваць такія моманты!

Дзень скончыўся звычайнымі для паходаў сьпевамі пад гітару (я, вядома, граў на чужой). А ў нядзельку параненька пачынаецца тое, дзеля чаго мы й пазьбіраліся, філязофская дыскусія. Абвешчаная “мадэратарам” тэма — “Творца і ўлада”. Гаворыцца пра канкурэнцыю, жорсткую барацьбу за ўладу над людзьмі паміж палітычнымі лідэрамі й творцамі. Я цалкам згодны: як пісаў, здаецца, Бродзкі, чалавекам, што чытае паэзію, ужо значна цяжэй маніпуляваць. Вось толькі ці на карысьць пісьменьніку, калі ён прымае ўмовы гэтай барацьбы, навязаныя ўладаю? Бо гуляючы ў такія гульні, творца рызыкуе так і застацца ў гісторыі дробным паэтам часоў таго ці іншага прэзыдэнта. А ў ідэале мусіць быць наадварот: прэзыдэнт — дробны палітык эпохі таго ці іншага творцы.

Вяртаемся ў Менск таксама аўтобусам. На ўвесь салён гучыць крымінальна-рэстаранная папса. Лірычны герой песьні быў бухі да непрытомнасьці. Прыўкрасная незнаёмка таксама п’яная ў бэлю. Яны сустрэліся й зразумелі, што гэта лёс:

С какова дуба ты, радная, Упала сверху на міня?..

Скажы мне, каго ты слухаеш, і я скажу, хто ты. Такое ўражаньне, што я ведаю кіроўцу ўсё жыцьцё…

Панядзелак, 30 жніўня

Гартаю чарговы раман Чака Паланіка. Страшна падабаецца, але наводзіць на сумныя думкі. Як выказаўся шчэ адзін “жывы клясык”, сёньняшнія творцы незваротна падзяліліся на два лягеры. Першыя аптымістычна вераць у чалавека й дзеляцца зь ім дабром і радасьцю, але глядзяць на сьвет праз ружовыя акуляры. Другія (а Паланік — з такіх) гавораць сьвету непрыемную праўду, але выплёскваюць на нашыя галовы столькі “чарнухі”, што любові да чалавека за ёю ўжо не відаць. Я ўмоўна называю іх на беларускі капыл: адных — творцамі тыпу Караткевіча, другіх — тыпу Быкава. Альбо — хай не крыўдуюць на мэтафару аматары Быкава! — эльфамі й гоблінамі. Досыць на хвілінку параўнаць: Паўла Каэльё — і Стывэн Кінг, Эмір Кустурыца — і Ларс фон Трыер, Арлоў з Васючэнкам — і Юры Станкевіч з Глобусам.

Дарэчы, нядаўна ў Кустурыцы спыталі, ці мог бы ён дзеля файнага кінакадру забіць жывёліну, як гэта зрабіў фон Трыер. “Вядома ж, не! — адказаў той. — А ваш фон Трыер — дзіўны чалавек!” Сумна, але “гоблінаў” сёньня штораз болей, а “эльфы” калі й сустракаюцца, то ўжо амаль не выходзяць па-за рамы творчасьці для дзяцей.

Увечары пэднарада ў ліцэйскіх выкладчыкаў. Прыходжу на кватэру, дзе неўзабаве пачнуцца “падпольныя” заняткі, а там у дзьвярах заклініла ручку, і квет беларускай нацыі аказаўся пад замком. Лінгвісты й перакладнікі, палітыкі й паэты з двух бакоў дзьвярэй амаль гадзіну не маглі даць сабе рады. Першы ж не-гуманітар, што падасьпеў на дапамогу, лёгка вызваліў таварыства. Лаўлю сябе на думцы, што выраз “Беларусь — краіна паэтаў” усё больш мяне раздражняе.

Аўторак, 31 жніўня

Зранку бяру ўдзел у запісе тэлеперадачы пра князя Францішка Сапегу. У мяне, як выкладчыка францускай літаратуры, цікавяцца, ці мог наш князь быць прататыпам галоўнага пэрсанажа “Парыскіх таямніцаў” Эжэна Сю. Мой адказ — не, але сама постаць Францішка Сапегі інтрыгуе куды больш за героя Сю. Уладальнік маёнтку на 50 мільёнаў, зь якіх 10 мільёнаў пазык, авантурнік, лявэляс, карцёжнік і мэцэнат, што зрабіў процьму добрых учынкаў, нібыта сам саромеючыся іх. Эўрапеец бяз каліва правінцыйных комплексаў. Вось каму ня трэба было бурыць Парыжу, бо для яго Парыж стаяў упоравень з родным Дзярэчынам. А Вэнэцыя, што “трымае хвост у вадзе, а голаў над вадою”, нагадвала пінскага бабра. Пераняўшыся лёсам пінскіх баброў, складаю верш у гонар князя Францішка.

Серада, 1 верасьня, Дзень ведаў

Урачыстая “лінейка” на вуліцы Кірава, насупраць забранага будынку ліцэю. Прыходжу з гітараю. Хочацца прасьпяваць ліцэістам нешта ўзьнёслае. Сьпяваю свой пераклад песьні Леанарда Коэна “Алілюя”. Аглядаю твары вакол. Бачу старога знаёмца — вусатага хрэна ў цывільным. Гэта ён пару тыдняў таму падыходзіў да мяне й Веры Бурлак перад выступам — папярэдзіць, што вулічныя канцэрты цяпер забароненыя, і ў нас будуць сур’ёзныя непрыемнасьці. Тады я знайшоўся, што адказаць: маўляў, няма грошай — адсуньцеся, не замінайце зарабляць вулічным музыкам. Той адсунуўся й старанна зафіксаваў увесь выступ на камэру. Сёньня бяз камэры, але мы пазнаем адзін аднога. Яшчэ пару акцыяў, і пачнем вітацца.

Але найцікавейшае пачынаецца ўвечар. А 15.00 тэлефануе Франак Вячорка, каб я зь песьнямі далучаўся да ліцэйскай акцыі на Кастрычніцкай. Праз гадзіну прыяжджаю, а Франка ўжо схапілі. Па дарозе да помніка Купалу абганяю Лявона Баршчэўскага, які нікога не чапае й мірна дае інтэрвію. Покуль я там сьпяваю, Лявона таксама арыштоўваюць. Толькі я скончыў выступаць, маці аднаго зь ліцэістаў бярэ мяне пад руку й склікае іншых, каб ішлі разам і ня трапілі пад “хапун”. Я амаль расчульваюся й кажу супрацоўніку “Нашай Нівы”, што міліцыя зладзіла Коласаўскаму ліцэю сапраўдны Дзень ведаў. Каб ведалі!

Дома гляджу сёньняшнюю праграму тэлеперадач. А там — да Дня беларускага пісьменства — дакумэнтальны фільм “Колас будзе вечна жыць”. Такія вось рыфмы!

Чацьвер, 2 верасьня

Маю ўжо сапраўдныя заняткі — у ліцэі й на філфаку БДУ. Ліцэісты стаічна слухаюць мае байкі пра эгіпэцкую лірыку й асыра-бабілёнскага Гільгамэша. Пасьля дзялюся з Баршчэўскім, якога шчэ ўчора выпусьцілі на свабоду, сваімі пэдагагічнымі здабыткамі. Цытую, як тры з паловай тысячагодзьдзі таму апісвалі каханую, якую — паводле старажытных канонаў — без усякага намёку на інцэст называлі сястрою:

Сястра мая — на тым беразе. Замінаючы шляху мілосьці, Працякае рака між намі. На прыпёку ляжыць кракадзіл…

Уражаны псыхалягізмам эгіпцянаў, Баршчэўскі просіць перапісаць словы.

На лекцыі ў БДУ, як заўсёды, прапаную студэнтам небеларускай спэцыяльнасьці пытацца ў мяне, калі не зразумеюць якога беларускага слова. Сёньня такіх словаў тры: “апалёгія”, “ракайльны” ды “іроікамічны”. Пачуваюся радасна й крыху “іроікамічна”.

Пятніца, 3 верасьня

Зьбіраюся на чарговыя лекцыі, плянуючы па дарозе запісаць на радыё гэтыя нататкі, якія часам нагадвалі рэпартаж з гітарай на шыі. Дарэчы, прамоклы чахол даўно высах — можна сьмела ехаць на Крапівенскае поле.
XS
SM
MD
LG