Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліканская канвэнцыя: Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пачаў апошнюю стадыю перадвыбарчай кампаніі


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пачаў апошнюю стадыю перадвыбарчай кампаніі, заявіўшы, што калі будзе пераабраны на другі тэрмін, асаблівую ўвагу зьверне на ўсталяваньне дэмакратыі на Блізкім Усходзе.

У часе Канвэнцыі рэспубліканскай партыі ў Нью-Ёрку Джордж Буш сказаў, што антытэрарыстычная стратэгія ягонага кабінэту прыносіць добрыя вынікі і што калі яго перабяруць на другі тэрмін, Вашынгтон будзе працягваць наступ на глябальны тэрарызм. Буш заклікаў амэрыканцаў падтрымаць ягоную ідэю пашырэньня свабоды і дэмакратыі на Блізкім Усходзе, пабудаваць больш бясьпечны сьвет.

(Буш: ) “Я веру, што Амэрыка закліканая несьці ідэю свабоды ў новым стагодзьдзі. Я веру, што мільёны людзей на Блізкім усходзе ўкрадкай просяць Бога, каб атрымаць свабоду. І я веру, што калі ім даць шанец, яны ўсталююць у сябе найбольш ганаровую форму ўлады, якую вынайшаў чалавек. Я веру ва ўсё гэта, таму што свабода – гэта дар усемагутнага Бога кожнаму мужчыне і кожнай жанчыне ў сьвеце”.

Сказаў Джордж Буш. Амэрыканскі прэзыдэнт прысьвяціў палову сваёй прамовы замежнай палітыцы, гаворачы, у асноўным, пра вайну з тэрарызмам і пашырэньне дэмакратыі на Блізкім Усходзе.

Буш бараніў таксама сваё рашэньне распачаць вайну супраць Садама Хусэйна. Паводле ягоных словаў, Злучаныя Штаты не засталіся ў гэтай вайне самотнымі, бо іх падтрымалі каля 30 дзяржаваў.

Джордж Буш падзякаваў за падтрымку прэм’ер-міністру Вялікай Брытаніі Тоні Блэру, прэм’ер-мінітру Італіі Сыльвіё Бэрлусконі, аўстралійскаму прэм’еру Джону Говарду і прэзыдэнту Польшчы Аляксандру Квасьнеўскаму.
XS
SM
MD
LG