Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі працягваюцца каля школы у Беслане


БЕСЛАН (Паўночная Асэтыя). Каля будынку школы у Паўночнай Асэтыі працягваюцца баі з ваяўнікамі. У будынку школы чутныя моцныя выбухі. Агенцтва Інтэрфакс паведамляе, што у школе хаваюцца трое захопнікаў, у тым ліку і кіраўнік групоўкі. Яны утрымліваюць частку дзяцей у закладніках. Карэспандэнты перадаюць з месца падзеяў, што расейскія войскі не кантралююць сытуацыю. Будынак школы з закладнікамі 1 верасьня захапілі каля 20 узброенных чалавек. Паводле агенцтва Інтэрфакс, закладнікоў было як найменей 1200 чалавек. 70 працэнтаў закладнікаў – дзеці. Захопнікі патрабавалі незалежнасьці Чачэніі. Дакладная колькасьць ахвяраў невядомая. Як найменей 150 чалавек загінулі у захопленай школе. Асламбек Аслаханаў, адзін з дараднікаў прэзыдэнта Расеі, заявіў, што колькасьць сьмерцяў значна перавышае 150. 646 чалавек параненыя, 227 зь іх -- дзеці. Болей за 100 целаў забітых закладнікаў знойдзеныя у спартовым залі школы. Зьвесткі афіцыйна пацьверджаныя. Паведамляюцца супярэчлівыя зьвесткі пра абставіны пачатку штурму школы. Карэспандэнт радыё Свабода Тацяна Собаль, якая знаходзіцца у Беслане каля школы, паведаміла: “Захоп пачаўся пасьля таго, як супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях атрымалі дазвол вынесьці трупы забітых закладнікаў з тэрыторыі школы. Пасьля гэтага пачалася інтэнсыўная страляніна. Спачатку два выбухі, пасьля – перастрэлка.” Прыкладна а першай гадзіне дня захопнікі дазволілі забраць целы загіблых. Калі вайскоўцы увайшлі на тэрыторыю школы, пачуліся некалькі моцных выбухаў, часткова абваліўся дах. З будынку пачалі выбягаць закладнікі – дзеці, многія бяз вопраткі, пачалася перастрэлка. У паветра над школай у момант штурму узьняліся чатыры баявых гэлікоптары. Кіраўнік аддзяленьня расейскага ФСБ па Паўночнай Асэтыі Валеры Андрэеў заявіў, што урадавыя войскі неплянавалі і не ініцыявалі штурм.
XS
SM
MD
LG