Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія спэцслужбы: ад захопу шпіталя ў Будзёнаўску да “Норд-Осту” й школы ў Бэслане


Юрыя Дракахруст, Прага Захоп закладнікаў у Бэслане – ня першы ў найноўшай расейскай гісторыі крызыс такога кшталту. Самыя буйныя з іх – захоп гарадзкога шпіталю ў Будзёнаўску ў 1995 годзе, захоп закладнікаў у Кізляры ў 1996 годзе, захоп тэатра на Дуброўцы ў Маскве ў 2002 годзе. Наколькі эфэктыўна падчас гэтых крызысаў з захопам закладнікаў дзейнічалі расейскія спэцслужбы?

У 1995 годзе злучэньне Шаміля Басаева захапіла прынамсі 1800 чалавек у гарадзкім шпіталі Будзёнаўска. Загінулі 129 чалавек, 415 былі параненыя.

У 1996 годзе злучэньне Салмана Радуева напала на Кізляр, потым, прыкрываючыся шчытом з сотняў закладнікаў, сышла ў вёску Первамайскае. Падчас крызысу загінула 78 чалавек, 300 былі параненыя.

Нарэшце, у 2002 годзе быў захоплены тэатар на Дуброўцы ў Маскве. Больш за сотню загіблых.

Дасьледчык з маскоўскага цэнтру палітычных тэхнялёгіяў Барыс Макаранка называе дзеяньні спэцслужбаў у Будзёнаўску і Первамайскім правалам.

(Макаранка: ) “Можна сказаць, што першыя два крызысы расейскія спэцслужбы правалілі. У першым выпадку пачалі штурм, але ён быў няўдалы, яго давялося адмяняць з ахвярамі сярод супрацоўнікаў спэцслужбаў і закладнікаў і пасьля гэтага давялося адпускаць тэрарыстаў. Размова ідзе пра Будзёнаўск”.

Пасьля 5 дзён асады ў Будзёнаўску групе Басаева дазволілі пакінуць будынак і сысьці ў Чачэнію. У Дагестане, у Первамайскім расейскія войскі абстрэльвалі пазыцыі захопнікаў, паводле меркаваньня шэрагу крытыкаў пры гэтым меркаваньні бясьпекі закладнікаў не браліся пад увагу. У выніку загінула шмат закладнікаў, а значная частка захопнікаў здолела вырвацца з кальца ачапленьня і вярнуцца ў Чачэнію.

Нарэшце ў Маскве, калі былі ўзятыя ў закладнікі каля 700 чалавек, у будынак тэатру быў пушчаны газ і ўчынены штурм. Хаця 41 тэрарыст быў забіты, амаль 130 закладнікаў памерлі ад узьдзеяньня газу.

Паводле Барыса Макаранкі падчас крызысу ў Норд-Осьце менавіта спэцслужбы дзейнічалі як раз някепска.

(Макаранка: ) “Норд-Ост – гэта зусім іншая гісторыя. Як апэрацыя спэцслужбаў, падкрэсьліваю, як апэрацыя спэцслужбаў, яна была добрая. Спэцслужбы правільна ацанілі сытуацыю, зразумелі, што яны маюць права на рызыку штурму, правялі штурм без ахвяраў ад перастрэлкі і выбуховых прыстасаваньняў. Но тут высьветлілася, што яны добра навучыліся змагацца з тэрарыстамі, але ўся сыстэма кепска навучылася ратаваць людзей”.

Дактары тады не пасьпелі аказаць пацярпелым, атручаным газам належную дапамогу, праблемаю было і тое, што ўрачам не паведамілі, які газ быў ужыты. Паводле Макаранкі ў параўнаньні з Будзёнаўскам і Первамайскім дзеяньні спэцслужбаў падчас крызысу ў Норд-Осьце ўяўлялі сабой пэўны прагрэс.

Поль Бівэр, брытанскі дасьледчык у галіне бясьпекі мяркуе, што расейскія спэцслужбы непадрыхтаваныя да дзеяньняў ва ўмовах падобных экстрэмальных сытуацыяў.

Расейцы маюць вельмі высокае меркаваньне пра сябе, але іх войскі ня надта добрыя. У іх вельмі шмат навабранцаў.

На думку Поля Бівэра расейскія сілавыя структуры захоўваюць стыль дзеяньняў савецкіх часоў, што ў выніку абарочваецца вялікімі чалавечымі ахвярамі.
XS
SM
MD
LG