Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Магілёўцы згадваюць час, калі краінай кіраваў Станіслаў Шушкевіч


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Чым людзям запомніўся час, калі кіраўніком краіны быў Станіслаў Шушкевіч? Як ім тады жылося? Наша карэспандэнтка зьвярнулася з такім пытаньнем да жыхароў Магілёва.

(Спадар: ) “Гэта быў вельмі цікавы час. Гэта быў час, калі мы вучыліся дэмакратыі. Насельніцтву было ў навіну даведвацца, што ёсьць розныя меркаваньні — пасьля гэтага таталітарнага рэжыму, усёўладзьдзя КПСС”.

(Спадар: ) “Перадусім час Шушкевіча — гэта час хуткага спраўджваньня мараў. Безумоўна, для мяне і герб Пагоня, і бел-чырвона-белы сьцяг выключна ляжалі ў рэчышчы мараў, я не чакаў, што ўсё гэта так хутка зьявіцца”.

(Спадар: ) “Гэта было ўжо даўно. Усё зьмяшалася. Час 20 гадоў таму, 30 гадоў таму — па-мойму, усё горш і горш. Я бюджэтнік, атрымліваў мала і тады, і цяпер”.

(Спадарыня: ) “Памятаю, што пачатак перабудовы быў. Памятаю, было цікава, што будзе далей, а так асабліва нічога такога”.

(Спадарыня: ) “Мы вучыліся ў вучэльні. І студэнты маглі сабе дазволіць пражыць і без дапамогі бацькоў. А цяпер працоўны чалавек ня можа сабе дазволіць нармалёва пражыць”.

(Спадарыня: ) “Мае бацькі займаліся індывідуальнай дзейнасьцю і нядрэнныя грошы зарабілі ў гэты пэрыяд. А потым пачалі патрохі прыціскаць, цяпер урэшце ўсё скончылася — наш бізнэс”.

(Спадар: ) “Не было такога беспрацоўя, можна было нешта недзе зарабіць. А цяпер беспрацоўе: на прадпрыемствы, якія добра працуюць, гавораць, не ўладкавацца, а якія не працуюць, тыя набіраюць, але заробку там няма”.

(Спадар: ) “У той час таксама жылося падобна. Але цяпер лепей. Кошты больш-менш стабілізаваліся, заробак плацяць своечасова. І стала больш крамаў, дзе нешта можна набыць”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, цяжэй, чым цяпер жыцьцё ў нас, ніколі не было. Падаецца, што лепей было. Я вось стары чалавек і, магчыма, у нечым недасьведчаны, але наступіў такі час, калі ўвогуле ня лічаць цябе за чалавека”.

(Спадар: ) “Ну як вам сказаць? Было дэманстрацыяў больш, займаліся палітыкай”.

(Спадарыня: ) “Не, гэта былі толькі словы. А на справе я гэтага не адчувала, што было больш свабоды і дэмакратыі”.

(Спадарыня: ) “Праблемаў было меней. І людзі займаліся сваімі справамі, праблемаў буйных палітычных не было. Я так думаю. А цяпер больш цяжка, нашмат”.

(Спадарыня: ) “Запомніўся Вярхоўны Савет, шмат эмацыйных палітычных баталіяў, але ўсе дастаткова актыўна адстойвалі свой пункт гледжаньня. Была свабода слова”.

(Спадар: ) “Былі свабоды! Можна было крытыкаваць Шушкевіча, гэта дапушчалася, і гэта было нармалёва для дэмакратычных краінаў. Гэта было, цяпер гэтага няма”.
XS
SM
MD
LG