Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакінуў Міхаіла Марыніча за кратамі, нягледзячы на праблемы з сэрцам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Цэнтральны суд Менску адмовіўся задаволіць скаргу адвакаткі Веры Страмкоўскай, якая прасіла прызнаць далейшае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча пад вартай незаконным. Паводле зьвестак адвакаткі, стан здароўя Міхаіла Марыніча паступова пагаршаецца.

Судзьдзя Натальля Вайцэховіч з Цэнтральнага суду Менску адхіліла скаргу на незаконнае ўтрыманьне пад вартай Міхаіла Марыніча. Вызваленьня Марыніча дамагалася ягоная адвакатка Вера Страмкоўская. Яна спасылалася на адсутнасьць актыўных сьледчых дзеяньняў і аспрэчвала верагоднасьць ягоных уцёкаў з-пад сьледзтва ў выпадку зьмены меры стрыманьня. Судзьдзя пагадзілася з пастановай пракуратуры, паводле якой Міхаіл Марыніч будзе заставацца ў сьледчым ізалятары КГБ яшчэ прынамсі да 26 верасьня. Нагадаем, затрымалі былога міністра 26 красавіка.

Сын Міхаіла Марыніча Ігар лічыць рашэньне Цэнтральнага суду палітычна матываваным:

(Марыніч: ) “Мяч на баку дзейнага рэжыму. Калі б яны хацелі вырашыць гэтую праблему, ужо вырашылі б. Юрыдычных падставаў няма ніякіх, таму гэта яшчэ раз падкрэсьлівае палітычны характар справы”.

Адвакат Вера Страмкоўская сьцьвярджае, што стан здароўя Міхаіла Марыніча ў турме рэзка пагоршыўся. Паводле Веры Страмкоўскай, Міхаіл Марыніч пастаянна скардзіцца на боль у сэрцы. На рашэньне Цэнтральнага суду Вера Страмкоўская падала скаргу ў гарадзкі суд Менску.
XS
SM
MD
LG