Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адзначаюць дзень нараджэньня беларускага пісьменьніка й грамадзскага дзеяча Алеся Адамовіча?


Ганна Соусь, Менск Ягоная дачка Натальля Адамовіч распавядае для Радыё Свабода пра памятны знак, які плянуецца ўсталяваць у вёсцы Канюхі ў Капыльскім раёне на Меншчыне, дзе нарадзіўся пісьменьнік, а таксама пра будучы фільм “Франц і Паліна”, які будзе здымацца паводле аповесьці Алеся Адамовіча “Нямко”.

Павялося, што беларуская грамадзкасьць адзначае дзень народзінаў Алеся Адамовіча 3 верасьня. Але насамрэч пісьменьнік нарадзіўся 3 жніўня 1926 году, а не 1927, як запісана ва ўсіх энцыкляпэдыях. Перад вайной пры афармленьні дакумэнтаў дата і год нараджэньня Алеся Адамовіча чамусьці былі пераблытаныя.

З 1995 году 3 верасьня Беларускі ПЭН-Цэнтар уручае журналісцкія прэміі імя Алеся Адамовіча. Але й сёлета, і летась ганараваньня не адбылося. Як патлумачылі дачцэ пісьменьніка Натальлі Адамовіч у Беларускім ПЭН-Цэнтры, не знайшлі годных кандыдатаў на прэмію.

(Адамовіч: ) “Думаю, што ў наступным годзе будзе абавязкова, таму што ў студзені 2005 году cпоўніцца 10 гадоў, як яна была заснаваная. Упершыню яна была ўручаная ў верасьні 1995 году, калі яе атрымалі Шарамет, Казловіч, Цыганкоў, Жданко і Алай зь Пятроўскім”.

Натальля Адамовіч спадзяецца, што ў хуткім часе ў вёсцы Канюхі ў Капыльскім раёне на Меншчыне, дзе нарадзіўся яе бацька, будзе ўсталяваны памятны знак. Гэтую ідэю прапанаваў прадпрымальнік са Слуцку Анатоль Самусевіч, які будзе фінансаваць праект, а аўтарам памятнага знаку ёсьць скульптар Алесь Шатэрнік.

(Адамовіч: ) “У Глушы музэю так і не атрымліваецца, у Менску таксама ж нічога няма 10 гадоў, ні вуліцы, ні якіх знакаў. Дык я ўжо сьмяюся, усё пойдзе з Канюхоў. Там, на жаль, не засталося дому, дзе жыў Міхал Адамовіч з Ганнай і дзецьмі, дзе нарадзіўся мой тата. На гэтым месцы стаіць вялікая школа-інтэрнат. Думка такая: паставіць валун перад школай, на ім Шатэрнік плянуе барэльеф — раскрытая кніга, і будзе надпіс, што тут нарадзіўся вядомы беларускі пісьменьнік Алесь Адамовіч. І яшчэ яму хочацца выявы двух канёў — маці і жарабя. Я ўчора гэты эскіз Шатэрніка паказвала людзям, якія ведалі Алеся Адамовіча —Тарасу, Букчыну, Тычыну”.

Натальля Адамовіч распавяла для Радыё Сваабода, што цяпер ідзе суд над злачынцамі, якія рабавалі вясковыя дамы й лецішчы, у тым ліку й хату маці Алеся Адамовіча. Натальля Адамовіч зьдзіўленая тым, што толькі ў хаце Адамовічаў была намаляваная свастыка і апаганеныя партызанскія фатаздымкі, астатнія ж дамы былі проста разрабаваныя. Натальля Адамовіч не выключае, што злачынцаў нехта падвучыў апаганіць хату Адамовіча.

Дачка Алеся Адамовіча паведаміла і пра тое, што вядзецца падрыхтоўка да здымак фільму “Франц і Паліна” паводле адной з апошніх аповесьцяў Алеся Адамовіча “Нямко”. Гэтую ідэю падтрымаў нямецкі Інстытут Гётэ, грошы на стужку знайшоў расейскі прадусар у Ханты-Мансійску, а здымаць стужку на “Беларусьфільме” будзе малады расейскі рэжысэр Міхаіл Сягал.

(Адамовіч: ) “У мяне была ўмова — не адыходзіць ад Адамовіча, драматургію яго трымаць. Працуе ўся беларуская група, ад дырэктара да касьцюмераў, мастакоў, каб яны захавалі ўсё беларускае. Здымкі тут усе будуць”.

І яшчэ адна навіна, што да ўшанаваньня памяці Алеся Адамовіча — 20 кастрычніка ў Маскве ў Літаратурным дзяржаўным музэі адкрыецца выстава, прысьвечаная Алесю Адамовічу. Раней гэтая выстава экспанавался ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG