Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як могуць паўплываць на Беларусь тэракты ў Расеі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 2 верасьня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Валер Карбалевіч: ) “Расея ўступіла ў чарговы пэрыяд катаклізмаў, зьвязаных з тэрактамі. Спачатку выбухнулі два самалёты, потым адбыўся выбух каля станцыі мэтро ў Маскве. І вось захоп школы ў Паўночнай Асеціі. Калісьці ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага веку, калі ў самым разгары была першая чачэнская вайна, у асяродзьдзі беларускіх дэмакратаў была папулярная думка: “Усё, надышоў канец палітыцы інтэграцыі з Расеяй. Убачыўшы столькі ахвяраў, беларускія грамадзяне напужаюцца і ня будуць больш падтрымліваць ідэю аб’яднаньня з Расеяй”. Але, як ні дзіўна, тады гэтая вайна ня надта паўплывала на інтэграцыйныя настроі беларускага грамадзтва. Пасьля адбылося шмат іншых падзеяў, зьвязаных з чачэнскай вайной, тэрарыстычных актаў, захопаў закладнікаў. Як усе гэтыя падзеі ўплываюць на інтэграцыйныя настроі беларусаў? Ці можна тут назіраць нейкую тэндэнцыю?”

(Аляксандар Сасноў: ) “Найперш, трэба сказаць, што пэўны спад інтэграцыйных настрояў у дачыненьні Расеі назіраецца даўно. І патроху ён набірае моц. Цяжка вылучыць, якая частка гэтага спаду зьвязаная з тэрактамі. Але нашыя сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што насельніцтва стала больш стрымана ставіцца да інтэграцыі ў зьвязку з тэрактамі. Напрыклад, калі адбыўся інцыдэнт з “Норд-Ост”, адразу пасьля яго ў Беларусі прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй стала на 8% меней, праціўнікаў павялічылася амаль на 5%.

Яшчэ адзін прыклад. Восеньню 1999 году на пытаньне аб наступствах аб’яднаньня Беларусі й Расеі ў адну дзяржаву быў такі адказ: 53% адказалі, што беларусам давядзецца ваяваць у Чачэніі, і толькі 24% адказалі, што не давядзецца, 64% (гэта 2/3) адказалі, што тэрарысты перанясуць сваю дзейнасьць на тэрыторыю Беларусі, і толькі 11% адзначылі, што гэтага не адбудзецца. Такім чынам, можна канстатаваць, што насельніцтва ў асноўным разумее, якія наступствы можа мець інтэграцыя з Расеяй”.

(Уладзімер Падгол: ) “Трэба тут падзяліць інтэграцыю палітычную, эканамічную, культурніцкую. Я лічу, што, канечне, палітычныя інтэграцыйныя настроі паменшацца. А з эканамічнай інтэграцыяй справа іншая. У гэтым годзе назіраецца бум у гандлі з Расеяй. Яна стала шмат купляць нашай прадукцыі. Таму працаўнікі буйных заводаў, заробкі якіх залежаць ад збыту прадукцыі на расейскім рынку, зацікаўленыя ў эканамічнай інтэграцыі”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, тут існуе зьява, якую я назваў Вялікім беларускім мітам. Большасьць беларусаў упэўненая, што ў ходзе інтэграцыі з Расеяй можна атрымліваць плюсы бязь мінусаў, атрымліваць толькі станоўчае і за гэта нічога не плаціць. Танныя энэргарэсурсы, ваенную бясьпеку — гэта калі ласка. Але ваяваць у Чачэніі беларусы ня хочуць і лічаць, што тэрарысты іх не дастануць.

Сёньня ў краінах эўраатлянтычнай супольнасьці на першае месца сярод клопатаў і інтарэсаў людзей выходзіць патрэба ў бясьпецы. Тое ж адбываецца ў Расеі. А як у беларусаў? Ці стала праблема бясьпекі прыярытэтнай у масавай сьвядомасьці?”

(Сасноў: ) “Пакуль ня стала. Сярод праблемаў, якія хвалююць беларусаў, на першым месцы знаходзяцца эканамічныя: рост цэнаў, падзеньне жыцьцёвага ўзроўню, беспрацоўе і іншае. Пытаньне бясьпекі знаходзіцца амаль на апошнім месцы ў гэтым шэрагу. Насельніцтва ня бачыць нейкай небясьпекі ад суседзяў, іншых дзяржаваў”.

(Падгол: ) “Нічога ня маю супраць вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў. Але справа ў тым, што глыбінныя, нават неўсьвядомленыя пласты чалавечай псыхікі заўжды ўтрымліваюць адчуваньне небясьпекі. Чалавек увесь час падсьвядома думае пра пагрозы сабе і сваім дзецям. Іншая справа, як СМІ актуалізуюць гэтую праблему. Я лічу, што сёньня мы знаходзімся ў самым пачатку кампаніі апрацоўкі мазгоў нашых грамадзянаў напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў. Хутка пойдуць ідэалягічныя перадачы па тэлевізіі, дзе будзе акцэнтавацца ўвага на расейскіх тэрактах, расейскім гармідары і беларускай стабільнасьці. Гэтая кампанія пачнецца празь месяц і будзе цягнуцца, бадай, да 20 кастрычніка. Яна будзе ісьці на мяжы гістэрыі. Улады і найперш Лукашэнка будуць ідэалізаваныя як абаронцы бясьпекі”.

(Карбалевіч: ) “Апытаньне на вуліцах Менску, якое праводзіла сёньня нашая журналістка Ганна Соусь, таксама сьведчыць аб тым, што адчуваньне нейкай небясьпекі пакуль у сьвядомасьці мінакоў не зьяўляецца прыярытэтным. Але хацеў бы працягнуць думку, якую выказаў спадар Падгол. У сераду, падчас адкрыцьця Баранавіцкага ўнівэрсытэту Лукашэнка адзначыў, што ў адрозьненьні ад суседніх краінаў у Беларусі назіраецца стабільнасьць. То бок, ня першы раз кіраўнік дзяржавы спрабуе выкарыстаць тэракты ў Расеі дзеля ўмацаваньня сваёй улады. Як бы вы маглі гэта пракамэнтаваць?”

(Сасноў: ) “Лукашэнка вельмі моцны палітык. Ён ведае, якімі сродкамі можна ўмацоўваць уладу, і выкарыстоўвае дзеля гэтага любы момант. Ягонае выказваньне ў Баранавічах сьведчыць аб тым, што ён хоча стварыць уражаньне: прэзыдэнт блякуе ўсялякія дрэнныя ўплывы з Расеі”.

(Падгол: ) “Ужо відаць, што ўлады будуць рабіць спробу фальсыфікаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Цяпер назіральнікаў будуць выкідаць з выбарчых участкаў і аб’яўляць іх тэрарыстамі. Памятаеце, як падчас прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка назваў назіральнікаў, якія рыхтаваліся пад патранажам АБСЭ, тэрарыстамі? І народ скажа: Бог зь імі, толькі б гэтыя школы ня выбухнулі. А вядома ж, што большасьць участкаў знаходзіцца ў школах”.

(Сасноў: ) “Іх бы выкінулі ўсё роўна, незалежна ад таго, што там адбываецца ў Расеі”.

(Падгол: ) “Але мы цяпер кажам пра грамадзкую думку. Адна справа, калі іх выкінулі, і грамадзкая думка была бы на баку апазыцыі. А цяпер пасьля гэтых выбухаў дэмакратычным сілам будзе цяжка заваяваць давер выбаршчыкаў”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, Лукашэнка, у зьвязку з расейскімі тэрактамі, спрабуе давесьці да грамадзтва тры ідэі. Па-першае, палітычная стабільнасьць у Беларусі — гэта вынік ягонай дзейнасьці. І стабільнасьць будзе існаваць, пакуль ён будзе пры ўладзе. Невыпадкова падчас сваёй апошняй прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка падмяніў пытаньне правоў чалавека пытаньнем бясьпекі беларускіх грамадзянаў.

Па-другое, тыя палітычныя сілы, якія выступаюць супраць цяперашняй улады, дэстабілізуюць сытуацыю. І такім чынам, праводзіцца непрыкметная сувязь паміж тэрарыстамі й апазыцыяй. Па-трэцяе, расейскія тэракты даюць яшчэ адзін аргумэнт для неабходнасьці дыстанцыявацца ад Расеі, мацаваць незалежнасьць.

Ці могуць тэракты ў Расеі паўплываць на ўзмацненьне настрояў у кірунку эўрапейскай інтэграцыі? Ці ўвогуле, паколькі ў Эўропе таксама неспакойна, гэта можа ўзмацніць ізаляцыянісцкія настроі? Лукашэнка ўвесь час ужывае вобраз Беларусі як выспы стабільнасьці. Можа, беларусы выберуць жыцьцё на гэтым спакойным востраве пад моцнаю ўладаю Лукашэнкі ў піку нейкім інтэграцыйным памкненьням на ўсход ці захад?”

(Сасноў: ) “Думаю, што насельніцтва разумее, што адсядзецца на нейкім востраве, тым больш пасярэдзіне Эўропы, немагчыма. Павінны быць эканамічныя стасункі з суседнімі краінамі. Таму закрыць Беларусь, пабудаваць нейкі жалезны плот не атрымаецца. Зразумела, тэракты, якія адбываюцца ў іншых краінах, стрымліваюць інтэграцыйныя настроі беларусаў, у тым ліку, і ў бок Эўропы. Але рост узроўню жыцьця ў тых краінах, якія нядаўна ўступілі ў Эўразьвяз, будзе ўплываць на беларускую сьвядомасьць у кірунку інтэграцыі ў Эўропу”.

(Падгол: ) “Я лічу, што тая інфармацыя аб тэрактах у розных краінах спрыяе ўмацаваньню незалежнасьці ў сьвядомасьці грамадзянаў. У апошнія дні афіцыйныя газэты прысьвяцілі артыкулы пяцідзесяцігодзьдзю Лукашэнкі. У газэце “Рэспубліка” быў вялікі нарыс “Зьвязда прэзыдэнта”. Там ёсьць словы: “Лукашэнка зьдзейсьніў подзьвіг, усталяваўшы незалежнасьць Беларусі”.

Але гэтую незалежнасьць я бы назваў “інваліднай”. Бо ў ёй бракуе імкненьня беларускага грамадзтва да дэмакратычных каштоўнасьцяў. На п’едэстал узводзіцца жыцьцё па-беларуску, што тоесна жыцьцю па-лукашэнкаўску, жыцьцю па-дыктатарску”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна меркаваць, што сэрыя тэрактаў у Расеі адмоўна паўплывае на інтэграцыйныя настроі беларусаў. Зь іншага боку, гэтыя падзеі могуць актуалізаваць праблему бясьпекі ў грамадзкай сьвядомасьці. Зразумела, што Лукашэнка будзе выкарыстоўваць гэтую сытуацыю дзеля ўмацаваньня сваёй аўтарытарнай улады, паспрабуе падмяніць праблему дэмакратыі й правоў чалавека пытаньнем бясьпекі грамадзян”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG