Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 3 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 3 верасьня.

“Сын Беларуса”, 1924 год. З Польшчы:

“У міністэрстве “зямельных рэформ” адбылася канферэнцыя ў справе асушкі Пінскіх балот. Але, як сцьвярджаюць афіцыйныя інфармацыі, “дыскусія ў гэтай цікавай справе не дала ніякіх канкрэтных рэзультатаў”. Пастаноўлена толькі на маленькім кавалку зрабіць спробу, ці што выйдзе з гэтай працы, і — падлічыць, колькі-б каштавала ўся гэтая вялікая праца”.

“Звязда”, 1934 год. Паведамленьне з Саўнаркаму БССР:

“СНК прапанаваў Белкаапсаюзу, пад адказнасць тав. Баскіна, на працягу верасня закончыць усе работы па будаўніцтву фабрыкі-кухні. Фабрыка будзе абслугоўваць тры тысячы студэнтаў БДУ, Інстытута народнай гаспадаркі, медінстытута, архітэктурна-будаўнічага тэхнікума і тысячу чалавек інжынерна-тэхнічнага персанала. Таксама фабрыка-кухня будзе абслугоўваць 1200 дыетыкаў, у тым ліку 600 дзяцей. Для работы на фабрыцы вылучаны 8 высокакваліфікаваных повараў у якасці загадчыкаў цэхаў і 50 повароў, скончыўшых ФЗВ. Арганізаваны трохтыднёвыя курсы для падрыхтоўкі афіцыянтак”.

“Могилёвские ведомости”, 1994 год:

“Прабачце, Аляксандар Рыгоравіч, што зьвяртаюся да вас з “праблемай” не прэзыдэнцкага маштабу, аднак што рабіць, калі на месцах любыя дробязі жыцьця не вырашаюцца? Ва ўсім пасёлку аўтазаводу каторы ўжо год няма вулічнага асьвятленьня… Калі даводзіцца каму хуткую дапамогу выклікаць, дык шафёр шукае мінакоў, каб спытацца адрас. Няма, відаць, у Магілёве спэцыялістаў, якія б зрабілі заключэньне, чаму ад электралініі няма асьвятленьня. Трэба нам дапамагчы, Аляксандар Рыгоравіч, уся надзея на вас. Ала Няўмоева, дэпутат Кастрычніцкага райсавету г. Магілёва”.
XS
SM
MD
LG