Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Coca-cola”, “Pepsi” ды іншыя газаваныя напоі спрыяюць атлусьценьню й дыябэту


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: газаваныя салодкія напоі спрыяюць атлусьценьню й зьяўляюцца асноўнай прычынай дыябэту другога тыпу.

Смак “Кока-колы” альбо “Пэпсі” ды іхныя лягатыпы вядомы бадай кожнаму, нават у самых аддаленых закутках сьвету. Рэцэптуру “Кока-колы”, якая захоўваецца ў строгім сакрэце, распрацаваў амэрыканскі аптэкар Джон Пэмбэртон у 1886 годзе. Асноўнымі складнікамі гэтага напою зьяўляецца экстракт зь лісьця кокі і з арэшкаў колі. Адсюль і назва напою “Кока-кола”. Назву гэтую прыдумаў памочнік Пэмбэртона – Франк Робінсон. Ён жа і зрабіў дызайн фірменнага знаку.

За сто зь лішнім гадоў “Кока-кола” сталася адным з сымбаляў Амэрыкі і неад’емным элемэнтам амэрыканскага ладу жыцьця, таксама як джынсы “Levi’s” і гамбургеры “McDonald’s”. Канкурэнт “Кока-Колы” – “Пэпсі-кола” – значна маладзейшая і была прыдуманая ў другой палове мінулага стагодзьдзя. Рэцэптура гэтага напою меней стабільная і зьмяняецца ў залежнасьці ад густаў спажыўцоў і рэгіёну сьвету. “Кока-кола” і “Пэпсі” – магутныя кампаніі, якія апрача сваіх тытульных напояў вырабляюць дзесяткі іншых газаваных напояў. У многіх краінаў сьвету яны вырабляюць свае прадукты на месцы, не імпартуючы іх з-за мяжы.

Спэцыялісты ўжо даўно перасьцерагалі, што “Кока-кола” ды “Пэпсі-кола” – шкодныя для здароўя. Першыя пратэсты адбыліся больш як 100 гадоў таму. Пасьля пратэстаў з боку праціўнікаў наркаманіі, яшчэ ў 1901 годзе “ Кока-кола” пачала імпартаваць з Паўдзённай Амэрыкі лісьце колы, якое было ачышчанае ад какаіну, а затым ўдвая зьменшыла ў сваіх напоях колькасьць кафэіну.

Апрача кафэіну, лекары зьвярталі ўвагу на тое, што і “Кока-кола” і “Пэпсі” шкодзяць зубную эмаль, выклікаюць кішэчныя недамаганьні й рак. Цяпер жа, спасылаючыся на шматгадовыя дасьледаваньні, экспэрты апублікавалі навукова абгрунтаваныя доказы шкоднасьці “Кока-колы” і “Пэпсі-колы” на старонках навуковага часопісу “Journal of the American Medical Association”.

Буйнамаштабнае дасьледаваньне з удзелам 52 тысяч мэдычных сёстраў правялі спэцыялісты з мэдычнага факультэту Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Выявілася, што газаваныя салодкія напоі ня толькі спрыяюць атлусьценьню, але і зьяўляюцца асноўнай прычынай дыябэту другога тыпу, на які хварэюць 17 мільёнаў амэрыканцаў.

У тых, хто выпіваў як мінімум адну бутэльку напою ў дзень, рызыка дыябэту павялічвалася на 83% ў параўнаньні з тымі, хто выпіваў ўсяго адну бутэльку ў месяц.

Згодна зь іншым, васьмігадовым дасьледаваньнем, праведзеным Жаночым і дзіцячым шпіталем у Бостане, сярод жанчынаў, якія п’юць шмат салодкіх напояў, за пэрыяд дасьледаваньня (8 гадоў) значна павялічылася доля хворых на дыябэт, а ў сярэднім гэтыя жанчыны патаўсьцелі на 8 кіляграмаў.

Вытворцы салодкіх газаваных напояў, найперш “Кока-кола” і “Пэпсі” разам выступілі супраць гарвардзкага дасьледаваньня. “Незразумела, чаму гэта дасьледчыкі ўзялі на прыцэл толькі нашы кампаніі”, – заявіў прадстаўнік Амэрыканскага таварыства напояў. Віцэ-прэзыдэнт таварыства Рычард Адамсон спаслаўся на тое, што Нацыянальны інстытут здароўя афіцыйна ня згадвае пра цукар ў якасьці прычыны дыябэту. Ён назваў дасьледаваньне “правакацыйным і галаслоўным”.

Аднак факты сьведчаць: газаваныя напоі, высокалярыйныя, але пазбаўленыя істотных харчовых складнікаў, зьяўляюцца адной з галоўных прычынаў таго, што Амэрыка таўсьцее.

Іншыя прычыны, гэта ўсеагульная “аўтамабільная культура”, недахоп фізычнай актыўнасьці, а таксама харчаваньне ў сыстэме “фастфуд” кшталту “McDonald’s”.

Вучоныя нагадваюць, што ў адной бутэльцы “Пэпсі” або “Кока-колы” ўтрымваецца 150 калёрыяў, што адпавядае 10 чайным лыжкам цукру. Статыстычны амэрыканец выпівае ў год амаль 200 літраў такіх напояў. Колькі гэта цукру – падлічыць ня цяжка. Варта таксама адзначыць, што сярэдні амэрыканец выпівае ў год 77 літраў малака і ўсяго 63 літры мінэральнай вады.

Яшчэ задоўга да публікацыі вынікаў гэтага дасьледаваньня, вытворцы салодкіх напояў пачалі выпускаць болей вады і сокаў, але зьмяніць прывычкі амэрыканцаў ня так проста.

Спрабуючы зьмякчыць крытыку на адрас вытворцаў газаваных напояў Рычард Адамсон заявіў, што актыўнымі спажыўцамі газаваных напояў зьяўляюцца тыя, хто любіць добра паесьці, хто курыць, і наагул хто вядзе нездаровы лад жыцьця. Маўляў, нашы напоі шкодныя толькі ў спалучэньні зь іншымі чыньнікамі, ня самі па сабе. Аўтары гарвардзкага дасьледаваньня ня ўтойвалі таго факту, што аматары салодкіх напояў аддаюць перавагу малаактыўнаму ладу жыцьця, кураць, ядуць зашмат тлушчу і замала бялкоў. Яны прааналізавалі многія чыньнкі, уключна са спажываньнем кафэіну, мяса, чыпсаў, ласункаў, садавіны й гародніны. Вынікі аказаліся такімі ж: салодкія газаваныя напоі – асноўная прычыны павышанай рызыкі захварэць еа дыябэт 2 тыпу.

Гл. таксама • Газаваныя безалькагольныя напоі могуць выклікаць рак стрававода
XS
SM
MD
LG