Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі спэцназ штурмам узяў школу, прынамсі 382 чалавекі загінулі


RFE/RL Расейскі спэцназ у Бэслане, Паўночная Асэтыя, штурмам узяў школу, у якой чачэнскія ваяўнікі ўжо два дні ўтрымлівалі ў закладніках некалькі соцень чалавек, дарослых і дзяцей. Паводле апошніх дадзеных у спартовай залі загінулі недзе 382 чалавекі.У шпіталях знаходзяцца прынамсі 400 закладнікаў, большасьць зь іх – дзеці.

Гаворыць карэспандэнт Радыё Свабода Дзьмітры Аляксандраў.

(Аляксандраў: ) “Пачалося каля гадзіны дня. Быў атрыманы дазвол ад баевікоў забраць целы загіблых. Супрацоўнікі міністэрства надзвычайных сытуацыяў падышлі да будынку, там адбыліся два моцныя выбухі. Пасьля гэтага пачалася страляніна і сілы спэцназа прарваліся ў школу”.

Пасьля таго, як у будынку прагучалі выбухі, абрынуўся дах, шмат закладнікаў вырваліся з будынку. Гаворыць карэспандэнтка Радыё Свабода Тацяна Собаль.

(Собаль: ) “Вакол людзі разьбягаюцца ў розныя бакі, чутная страляніна, выбягаюць людзі, жанчыны ў крыві, дзеці паўразьдзетыя. Дзеці, якія дабягаюць да дарослых – ім даюць ваду. Дзеці пачынаюць піць, відаць вельмі цяжка было знаходзіцца ў спартзале”.

Бой за школу працягваўся некалькі гадзінаў, паводле некаторых дадзеных, некалькі захопнікаў, пераапрануўшыся, здолелі сысьці са школы. У Бэслане адбываецца апэрацыя па іх абясшкоджваньні.

Пакуль няма дакладных дадзеных, колькі закладнікаў загінулі падчас крызысу. Але паводле шэрагу інфармацыйных крыніцаў у будынку ня менш за сто целаў загіблых. Целы ахвяраў убачылі ў спартовай залі брытанскі й расейскі журналіст.

У мясцовыя шпіталі ўжо дастаўлена больш як 400 параненых.

***

Паступаюць супярэчлівыя зьвесткі наконт таго, што сталася прычынай штурму. Кіраўнік ФСБ на Паўночным Каўказе Валер Андрэеў заявіў:

(Андрэеў: ) “Хачу заўважыць, што якіх бы то ні было сілавых акцыяў не плянавалася. Мы плянавалі працяг перамоваў дзеля мірнага вызваленьня закладнікаў”.

Сёньня раніцай перад пачаткам штурму школы прэзыдэнт Паўночнай Асэтыі Аляксандар Дзасохаў заявіў, што захопнікі патрабавалі незалежнасьці Чачэніі й вываду расейскіх войскаў.

Гл. таксама • Расейскія спэцслужбы: ад захопу шпіталя ў Будзёнаўску да “Норд-Осту” й школы ў Бэслане • Карэспандэнта расейскай службы Радыё Свабода не пусьцілі ў Паўночную Асэтыю • У Беларусі дзяцей таксама бралі ў закладнікі • Асэтын зь Берасьця ўважліва сочыць за падзеямі ў Паўночнай Асэтыі
XS
SM
MD
LG