Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Героем беларускага трылеру – Фэлікс Дзяржынскі


Валянціна Аксак, Менск Выйшла з друку першая частка трылера “Крывавы памол”, галоўным гэроем якога зьяўляецца кіраўнік бальшавіцкіх карных органаў, беларус Фэлікс Дзяржынскі. Ягоны мастацкі вобраз узяўся стварыць вядомы паэт і бард, былы супрацоўнік нашага радыё Сяржук Сокалаў-Воюш. Кніжку ўжо прачытала і па тэлефоне з аўтарам, які цяпер жыве ў ЗША, абмеркавала наша менская карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму для аповеду пра такую жахлівую асобу ў гісторыі як Фэлікс Дзяржынскі ты абраў такі жанр – трылер?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэта самы адпаведны жанр, у якім можна пісаць як пра Дзяржынскага, так і пра падобных яму. Усё збудавана паводле фактаў: там вельмі мала прыдуманага. Ёсьць інтэрпрэтацыя таго, што было ў жыцьці Дзяржынскага, але яно так і было”.

(Карэспандэнтка: ) “З тваёй характарыстыкі галоўнага героя ён выглядае сымпатычным маладым чалавекам: любімая гульня – біць маскаля, потым ён становіцца такім пабожным у цябе, і нават нацыянальна сьвядомым. Ці сапраўды гэта было так?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэта збор самых розных крыніцаў, і гэта сапраўды было так. Нейкі час Фэлікс Дзяржынскі нават стаяў на пазыцыях беларускага нацыяналізму, калі вучыўся ў гімназіі. Ён таксама марыў быць сьвятаром, і гэта таксама дакладны факт. “Біць маскаля” – гэта таксама ёсьць у ўспамінах ягонай сястры. Так што тут прыдуманага няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вядома, пазьнейшая біяграфія характарызуецца зусім іншымі рысамі гэтага чалавека. З гэтай часткі кніжкі выснова такая, што ён расплачваўся за грэх сваіх продкаў. Ці правільна я зразумела?”

(Сокалаў-Воюш: ) “А за чые грахі мы цяпер расплачваемся, як не ха грахі сваіх продкаў? Хіба ня нашы продкі некалі прадалі тую самую Беларусь? Нашы продкі. Сёньня мы за іх разьлічваемся. І так і ёсьць: усё закладзена ў продках, і мы адказныя за тое, што рабілі нашыя дзяды й прадзеды. Адказныя ў сэнсе: або паправіць – або працягваць жыць, як набяжыць. Вось і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “Тое, што ён стаў фактычна катам – ён у гэтым не вінаваты, вінаваты продкі, так?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Ад нас залежыць, мы папраўляем грахі продкаў, выпраўляем іх, ці ідзем той дарогай, якая проста во ляжыць перад намі. Таму ад нас – залежыць, безумоўна: усьвядоміць тыя грахі продкаў і або паправіць іх, або застацца нікім”.
XS
SM
MD
LG