Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэртам на Крапівенскім полі будуць адзначаныя 490-я ўгодкі Аршанскай бітвы


Браніслава Станкевіч, Віцебск У гэтыя выходныя (дакладней, у ноч з 4-га на 5-га верасьня) на Крапівенскім полі пад Воршай пройдзе традыцыйны бардаўскі фэст, прысьвечаны ўгодкам Аршанскай бітвы. Як і штогод, у першыя выходныя верасьня сюды зьедуцца беларускія барды і пройдзе імправізаваны канцэрт для гасьцей з усяе Беларусі.

Аршанская бітва адбылася 8 верасьня 1514-га году. На рацэ Крапіўна беларускія ваяры перамаглі расейскае войска, і гэтая падзея стала адной з самых славутых у беларускай гісторыі.

Сёлетні фэст будзе своеасаблівым адзначэньнем 490-х угодкаў Аршанскае бітвы. Таму гасьцей на Крапівенскім полі будзе шмат. Асабліва калі будзе добрае надвор’е. Таксама я ведаю, што на фэст гэтым разам прыедзе шмат маладых сьпевакоў, прычым як бардаў, так і рок-музыкаў. А што да знаных ужо выканаўцаў, то і яны бываюць тут ці не штогод, а вядомы бард Андрэй Мельнікаў быў адным з пачынальнікаў, так бы сказаць, “крапівенскага бардаўскага руху”.

Разам зь ім “бацькамі” фэсту называюць краязнаўцу Юрыя Копціка ды яшчэ аднаго мясцовага аматара беларушчыны, Генадзя Шэпелева. Спадара Генадзя я папрасіла прыгадаць, хто з вядомых на Беларусі асобаў прыяжджаў на бардаўскія фэсты ў мінулыя гады, і хто зьбіраецца прыехаць цяпер.

(Шэпелеў: ) “Стала прыяжджае Алесь Пушкін, толькі адзін год, я памятаю, яго не было. Уладзімер Арлоў прыяжджае апошнія тры гады запар, ён абяцаў прыехаць і сёлета. З бардаў штогод прыяжджае Сяржук Мінскевіч. Але ж асабліва прыемна, калі штогод прыяжджае шмат новых людзей. Вось сёлета скаўты зьбіраюцца прыехаць. Я размаўляў з гэтымі хлопцамі, і яны казалі, што прыедуць досыць вялікай грамадою”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Генадзь, як вы параіце дабірацца тым, хто мяркуе прыехаць на Крапівенскае поле ўпершыню?”

(Шэпелеў: ) “Каб ня блытацца, то можна адразу з чыгуначнага вакзалу даехаць да аўтавакзалу ды сесьці на аўтобус да Дуброўны. Выходзіць трэба ў Гацькаўшчыне. Там ёсьць указальнік, і адтуль да Крапівенскага поля мэтраў 800, ня болей. А яшчэ можна згуртавацца, і адразу з чыгуначнага вакзалу наняць “маршрутку” – “маршрутак” у нас вельмі шмат, і яны з задавальненьнем вас завязуць. Сядайце – і прыяжджайце!”

Такім чынам, на гэтую імпрэзу ніхто не чакае запрашэньняў, бо яе ўжо цалкам можна назваць “народным сьвятам” – сюды прыяжджаюць і аматары сьпеваў, і нават тыя, хто ўвогуле ня ўмее сьпяваць, затое любіць слухаць. А можа, проста хоча пагаманіць па-беларуску са сваімі аднадумцамі…

Але ж вельмі часта апошнім часам усе падобныя нефармальныя імпрэзы патрапляюць пад увагу міліцыянтаў. Ці былі калі-небудзь падобныя інцыдэнты на Крапівенскім полі?

Міліцыянты прыяжджаюць да пачатку фэсту таксама ці не штогод, і напачатку, як правіла, паводзяць сябе досыць актыўна: летась, да прыкладу, супрацоўнікі аршанскага райаддзелу перапісалі нумары ўсіх машынаў, на якіх прыехалі госьці. Але, наколькі я ведаю, ніякіх наступстваў потым не было. І ўвогуле, калі міліцыянты пачынаюць разумець, што тут сабраліся нармалёвыя людзі, а ня нейкія там крымінальнікі ці злачынцы, як зазвычай паказваюць удзельнікаў нефармальных акцыяў па беларускім тэлебачаньні, то супрацоўнікі міліцыі на вачох мяняюць сваё стаўленьне да ўсяго, што бачаць. Бывала, што й падпявалі, і нават асьвятлялі сцэну фарамі сваіх машынаў.

Ці шмат аршанцаў увогуле ведае ды памятае пра тое, што была такая бітва, у якой перамаглі беларускія воі на чале з князем Астрожскім? Калі ў іншых школах нашае краіны курс рэгіёназнаўства ўводзіцца толькі з гэтага навучальнага году, то ў Воршы ўжо гадоў 5 дзеці навучаюцца па адмысловым падручніку, напісаным, праўда, па-расейску – “Оршеведение”. І там ёсьць зьвесткі і пра Астрожскага, і пра перамогу беларусаў на рацэ Крапіўне…

Што да дарослых аршанцаў, то мне неаднаразова даводзілася чуць меркаваньне, што галоўную вуліцу горада, якая дагэтуль носіць імя Леніна, даўно варта было б перайменаваць, да прыкладу, у праспэкт імя Канстанціна Астрожскага!

На сёлетнім бардаўскім фэсьце адзін з выканаўцаў атрымае адмысловы прыз ад Радыё Свабода. Ён дастанецца таму, хто ў сваёй творчасьці зможа найлепш адлюстраваць ідэю Свабоды і Незалежнасьці. Памятныя сувэніры ад Беларускай службы Радыё Свабода, якая сёлета адзначае 50-я ўгодкі, атрымаюць усе ўдзельнікі канцэрту і госьці фэсту.
XS
SM
MD
LG