Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агульная колькасьць інфэкцыйна хворых сёлета зьнізілася, але стала болей сухотнікаў


Юлія Шарова, Менск Беларускія эпідэміёлягі адзначаюць сёлета зьніжэньне агульнай колькасьці рознага кшталту інфэкцыйных захворваньняў. Гэтае агульнае паляпшэньне эпідэмсытуацыі адмыслоўцы зьвязваюць з цэлым шэрагам прафіляктычных захадаў, а таксама з распаўсюдам імунізацыі насельніцтва. Разам з тым мэдыкі занепакоеныя значным ростам колькасьці хворых на мэнінгіт і сухоты.

Сёлета беларусы сталі радзей хварэць на дызэнтэрыю, сальманэлёз, гаворыць галоўны санітарны доктар краіны Міхаіл Рымжа. Зь ягоных словаў, адбылося гэта дзякуючы таму, што санітарна-эпідэміялягічныя службы цяпер надзвычай пільна сочаць за вытворцамі харчоў, а таксама за прадпрыемствамі гандлю й грамадзкага харчаваньня. Таму на сёньняшні дзень вінаватыя ў заражэньні бываюць хіба самі хворыя, якія не прытрымліваюцца элемэнтарных гігіенічных патрабаваньняў. Нядаўна ў Бярозаўскім раёне на сальманэлёз захварэла адразу 13 чалавек – паелі вараных качыных яек, хоць лекары наагул рэкамэндуюць іх не ўжываць.

Беларускім эпідэміёлягам ўдалося таксама амаль зацугляць гепатыт А – у гэтым дапамагла імунізацыя. Дарэчы, нават немаўлятаў у радзільні сталі прышчапляць супраць гэтай хваробы, прычым у першыя суткі жыцьця. Прышчапляюць цяпер і першаклясьнікаў, у абавязковым парадку.

Дарослым таксама рэкамэндуюць прайсьці імунізацыю, але ж яны ставяцца да прышчэпак ня надта прыязна, мяркуе Міхаіл Рымжа. У выніку яны сталі менш устойлівымі нават да тых інфэкцыяў, што лічыліся ледзьве не пераможанымі. Сёлета ў Беларусі было 6 выпадкаў дыфтэрыі, летась – 2. Нават такія лічбы прымушаюць мэдыкаў устрывожыцца.

(Рымжа: ) “У нас насельніцтва часам настолькі баіцца гэтага няшчаснага ўкола, што гэта проста анэкдатычна. Ня ўкола трэба баяцца, трэба баяцца, каб ня трапіў ўзбуджальнік і не разьвіліся цяжкія наступствы, калі рабіць ня будзе чаго”.

Галоўны санітарны доктар мяркуе, што ў наступным годзе трэба будзе зноў прышчапляць усё дарослае насельніцтва ад дыфтэрыі. Ёсьць, аднак, шэраг інфэкцыяў, якімі кіраваць няпроста. У 2004 годзе ад мэнінгіту памёрла каля 20 чалавек, сярод іх ёсьць і дзеці. Таксама эпідэміёлягаў непакоіць тое, што ў Беларусі стала значна болей сухотнікаў, кажа Міхаіл Рымжа.

(Рымжа: ) “Калі летась у нас было 2,5 тысячы хворых, то на сёньня мы маем 3 тысячы хворых. Мы вельмі актыўна займаемся разборам гэтай сытуацыі, але я хачу сказаць, што на гэтай інфэкцыі, як і на вэнэрычных захворваньнях асабліва дакладна выяўляецца сацыяльны статус захварэлых”.

Зь ягоных словаў, на сухоты цяпер хварэюць гэтак званыя асобы асацыяльных паводзінаў – бамжы, алькаголікі й наркаманы. Поўны курс лекаваньня для іх ідзе за кошт дзяржавы, больш за тое – сухотнікі маюць права на асобнае жытло, таксама дзяржаўнае. Сапраўдным рассаднікам тубэркулёзу застаюцца беларускія турмы, але які дакладна адсотак вязьняў сёньня хварэе на сухоты, Міхаіл Рымжа не распавёў – ня кожную лічбу можна даваць у прэсу, кажа ён.
XS
SM
MD
LG