Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэалягічны факультэт пад кіраўніцтвам Філярэта пераходзіць з ЭГУ ў БДУ


Галіна Жарко, Менск Багаслоўскі факультэт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта на чале з мітрапалітам Філарэтам ўвайшоў у склад БДУ. Чальцы вучонага савета дзяржаўнага ўнівэрсытэту ўчора прагаласавалі за гэта амаль аднагалосна.

Паводле даўнейшае традыцыі для таго, каб навучальная ўстанова мела статус клясычнага ўнівэрсытэту, неабходна, каб яна мела, апроч іншых, тэалягічны і мэдычны факультэты. У БДУ ўжо быў мэдычны факультэт. Рэктар Аляксандар Казулін стварыў было факультэт нетрадыцыйнай мэдыцыны, але праіснаваў ён, праўда, нядоўга. Зараз вось набыткам дзяржаўнага ўнівэрсытэту стаў тэалягічны – толькі не факультэт, а Інстытут багаслоўя. Менавіта з такім статусам увайшоў у склад БДУ тэалягічны факультэт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Мітрапаліт Філарэт адпаведна цяпер будзе называцца не дэканам, а дырэктарам. Затое ўстанова будзе юрыдычнаю асобаю.

Самога мітрапаліта на паседжаньні вучонага савету, які працягвалася даволі доўга, не было. На, шматлікія пытаньні адказваў ягоны памочнік іераманах Сэрафім. Найбольш хвалявала, вядома, пытаньне фінансаваньня. Іераманах супакоіў, што Інстытут ня толькі будзе фінансавацца са сродкаў царквы, але яшчэ й дапамагаць Белдзяржунівэрсытэту, як некалі дапамагалі Эўрапейскаму ўнівэрсытэту.

Нават філёзафу Валянціну Акудовічу, як ён сказаў, цяжка зразумець, карысны гэта набытак для БДУ ці не. Тое, што ў Беларусі ёсьць вышэйшая багаслоўская адукацыя – гэта, паводле ягонага меркаваньня, добра. Але ж ня варта ігнараваць той факт, што праваслаўная царква адолела яшчэ адну прыступку ў дзяржаве.

(Акудовіч: ) “Тут я рашуча супраць любой змычкі дзяржавы з царквою. Эўрапейскае грамадзтва вельмі доўга выпакутвала гэтае разьдзяленьне царквы й дзяржавы. Гэта быў вельмі няпросты шлях, шмат было на гэтым шляху і крывавага. І зноў вяртацца да таго, што перажыта?.. Гэта дрэнна. Вось гэта не здабытак. Гэта вялікая страта. Праўда, ня тыя часы. Ня надта яны й злучацца”.

Вядомыя Люблінскі альбо Лёвэнскі каталіцкія ўнівэрсытэты – там нямала вучылася беларусаў – адасобленыя ад дзяржавы. Але вось цікава: ствараючы эўрапейскі, паводле традыцыі, унівэрсытэт рэктар Міхайлаў арганізаваў тэалягічны факультэт не ў эўрапейскай традыцыі – тады б гэта быў факультэт каталіцкі. Дый беларушчыну, дарэчы, каталікі, больш актыўна падтрымліваюць. Арганізуючы багаслоўскі факультэт у праваслаўнай традыцыі на чале з уплывовым у дзяржаве мітрапалітам Філярэтам, можна было спадзявацца на падтрымку. Але бараніць alma mater – Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт – мітрапаліт ня стаў, а проста “перавёўся” ў БДУ.

Ці запатрабаваныя ў Беларусі выпускнікі багаслоўскага інстытуту? На ўсіх пяці курсах вучыцца пакуль што толькі 92 чалавекі. Але гэтае пытаньне – працаўладкаваньне выпускнікоў – цікавіла й вучоны савет дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Іераманах Сэрафім так адказаў на гэтае пытаньне.

(Сэрафім: ) “У параўнаньні з факультэтамі БДУ у нас невялікі факультэт. Але будзе большы. Мы працуем на пэрспэктыву. Пакуль што ў школах Беларусі няма такога прадмета, як багаслоўе ці рэлігіязнаўства. Таму што й кадраў яшчэ няма такіх, якія б выкладалі такі прадмет. Мы працуем на пэрспэктыву, што такія прадметы будуць у школе. Таму мы рыхтуем такія кадры”.

Маючы грошы і нават уласны будынак у цэнтры Менску, Багаслоўскі інстытут мог бы існаваць і цалкам самастойна. Але цяпер выпускнікі будуць атрымліваць дыплёмы дзяржаўнае навучальнае ўстановы. Варта дадаць, што для паступленьня ў багаслоўскі інстытут абавязковая рэкамэндацыя сьвятара. Паступаюць ня толькі праваслаўныя: цяпер тут 10 адсоткаў студэнтаў – рымскія каталікі. Ёсьць нават адзін грэка-каталік.
XS
SM
MD
LG