Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму апазыцыя робіць юрыдычныя памылкі пры вылучэньні сваіх кандыдатаў?


Уладзімер Глод, Менск Цяперашняя выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў паказвае, што ўжо на пачатковым этапе, апазыцыя нарабіла шмат юрыдычных памылак. Напрыклад, у склад ініцыятыўных групаў трапілі замежныя грамадзяне, непаўнагадовыя, псыхічна хворыя, на падставе чаго акруговыя камісіі, а потым Цэнтрвыбаркам і Вярхоўны суд адмовілі патэнцыйным кандыдатам у рэгістрацыі іхных групаў. Між тым, вядома, што на адпаведнае навучэньне былі выдаткаваныя пэўныя сродкі, для кандыдатаў у дэпутаты выпусьцілі адмысловыя “Дапаможнікі”. І ўсё ж пазьбегнуць памылак многія не змаглі. Чаму так атрымліваецца?

Зараз я трымаю у руках брашуру, якую выпусьціў праваабарончы цэнтар “Вясна”. Гэта адмысловы “Дапаможнік для кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”. У ім 80 старонак: тут усялякія парады, рэкамэндацыі, даведкі. Ня ведаю, ці трапіла гэтая брашура да кожнага з патэнцыйных кандыдатаў. Але дапаможнік сапраўды існуе. Чаму ж ім так дрэнна скарысталіся? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да аднаго зь лепшых у Беларусі знаўцаў выбарчага заканадаўства Міхаіла Пліскі. І вось як ён камэнтуе гэтую праблему:

(Пліска: ) “Што ж тут скажаш? Як кажуць, чалавечы фактар. Гэта людзі самі няўважліва аднесьліся да важнай справы. Мы ж не рэкамэндавалі ўключаць у ініцыятыўныя групы непаўнагадовых! Людзі проста няўважліва чытаюць нашы рэкамэндацыі. Усе, на жаль, праз сэмінары не прайшлі. Можа сэмінараў 5-6 я правёў, ня больш. Уся справа ў тым, што раней на ініцыятыўныя групы так моцна не ціснулі, не зьвярталі так шмат увагі”.

Такое ўражаньне, што вэртыкаль больш старанна рыхтавалася да выбараў, чым ейныя апанэнты. Магчымасьцяў, праўда, ва ўладаў значна больш. Але нават тое, што мае палітычная апазыцыя згодна з законам, яна не выкарыстоўвае. І на гэта зьвяртае ўвагу дэпутат Уладзімер Навасяд.

(Навасяд: ) “Участковыя камісіі фарміруюць на паседжаньнях выканкамаў раённых адміністрацыяў. А нават шараговыя грамадзяне, якія падалі адпаведныя заявы, маюць права прысутнічаць на тых паседжаньнях выканкамаў, дзе вырашаецца іхнае пытаньне. Гэта законам прапісана. І ніхто ў краіне не паспрабаваў гэтага зрабіць!? Колькі грошай патрачана ўжо на гэтыя сэмінары. Мядзьведзя, мабыць, можна было б за гэты час на ровары езьдзіць навучыць”.

Сустракаюцца і супрацьлеглыя прыклады – але яны ёсьць, хутчэй, выключэньнем. Напрыклад, учора прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі ў дэпутаты Людмілы Гразновай не пусьцілі ў інтэрнат лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Спадарыня Людміла адразу зьвярнулася за кансультацыяй ў юрыдычную службу Аб’яднанай грамадзянскай партыі, атрымала там апэратыўна парады і, як кажуць, пытаньне хутка зьнялі – актывістам ейнай групы дазволілі зьбіраць подпісы ў інтэрнаце. І вось што думае пра неабходнасьць юрыдычнай дапамогі спадарыня Гразнова:

(Гразнова: ) “У агульным сэнсе я юрыдычнымі пытаньнямі не валодаю, бо не зьяўляюся прафэсійным юрыстам. Але ж у партыі ёсьць экспэрты, якія валодаюць гэтай тэмай, падказваюць, кансультуюць нас і даюць парады. Таму больш-менш мы арыентуемся, ня робім прыкрых дзіцячых памылак. Але там, дзе няма такой добрай юрыдычнай службы, там такія памылкі здараюцца. І гэта вельмі недарэчна і недапушчальна ў нашай сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG