Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ПЭН-Цэнтар падтрымаў намінацыю Вацлава Гаўла на Нобэлеўскую прэмію міру


Валянціна Аксак, Менск Зьберажэньне беларускае мовы і культуры, аднаўленьне чалавечае годнасьці, ажыўленьне выдавецкіх праектаў, актывізацыя міжнародных творчых кантактаў — гэта першачародныя справы, якія вызначыў для сябе на найбліжэйшы час Беларускі ПЭН-Цэнтар на сваім сёньняшнім гадавым сходзе.

“Два гады, якія я быў першым намесьнікам старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру, сталіся для арганізацыі залатым часам”, — гэтак з гумарам пачаў справаздачны даклад Андрэй Дынько. І патлумачыў, што за гэты час арганізацыю шматкроць правяралі розныя службы камітэту дзяржкантролю, фінансавых ды юрыдычных органаў, зь якіх ПЭНу ўсё ж удалося выбрацца жывым. Ды яшчэ і ладзіць пэўную пасьпяховую працу, зь якое выступоўца вылучыў захады ў справе падтрымкі беларускае мовы і літаратуры, беларускамоўнае адукацыі й незалежных сродкаў масавае інфармацыі, конкурсы маладых літаратараў. Гэтыя ды іншыя справы сход назваў у якасьці прыярытэтных у сваёй дзейнасьці на блізкі час.

Сход ПЭН-Цэнтру падтрымаў ініцыятыву сваіх замежных калегаў намінаваць былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла на Нобэлеўскую прэмію міру. Вось як патлумачыў нашаму радыё гэтае рашэньне старшыня арганізацыі Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Вацлаў Гавэл — абсалютна выбітная асоба, у якога душа заўсёды балела і баліць за Беларусь.дастаткова ўспомніць мінулагоднюю перадачу сваёй уласнай прэміі газэце “Наша Ніва”, дастаткова ўспомніць яго падтрымку бацькоўскаму камітэту Беларускага ліцэю, і асабліва вялікую падтрымку дзейнасьці камітэту “Людзі ў нядолі”, які працуе ў Чэхіі й які даў магчымасьць многім беларусам-палітэмігрантам набыць апору пры выезьдзе ў Чэхію”.

Кожны год на сходах ПЭНу разглядалася пытаньне пра падтрымку беларускага намінанта на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Нязьменна гэта быў Васіль Быкаў. Аднак пасьля яго сьмерці рада не прыйшла да згоды па новай кандыдатуры. І сёньня гэтае пытаньне не абмяркоўвалася.

Сход ПЭН-Цэнтру абраў новага першага намесьніка старшыні, які згодна са статутам арганізацыі зьяўляецца фактычным выканаўчым дырэктарам. Ім стаў малады перакладчык Сяржук Сматрычэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG