Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шосты дзень у Горадні працягваўся працэс над Валерыем Леванеўскім і Аляксандрам Васільевым


Сяргей Астраўцоў, Горадня Іх абвінавачваюць паводле артыкулу 368, частка ІІ — за нанясеньне публічнай абразы прэзыдэнту Лукашэнку і абвінавачаньне яго ў злоўжываньні уладай. Спадар Леванеўскі чарговым разам хадайнічаў, каб яму зьмянілі меру стрыманьня, паколькі ён зьбіраецца ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Судзьдзя Дзьмітры Дземчанка адмовіў яму. Валеры Леванеўскі таксама заявіў аб недаверы спадару Дземчанку, патлумачыўшы, што судзьдзяў прызначае прэзыдэнт, таму судзьдзя зьяўляецца ў гэтым працэсе зацікаўленым бокам.

Цяпер працягваецца судовае сьледзтва. Заслухаўшы сьведкаў, праглядаюць апэратыўную відэаздымку, зробленую апэратарамі КГБ і міліцыі: першамайскі мітынг, ператрусы ў кватэрах Леванеўскіх і Васільевых, у сваякоў і ў рэдакцыі газэты “День”. Зь відэаздымкі й допытаў вынікае, што некаторыя факты не адпавядаюць вэрсіі абвінавачаньня: на мітынгу ўдзельнікі не абражалі міліцыю, міліцыя не папярэджвала іх аб забароне правядзеньня несанкцыянаванай акцыі.

Што да абразы і абвінавачаньня ў злоўжываньнях прэзыдэнта Лукашэнкі ў вершаванай улётцы, дык сьведкі, якіх я чуў, паказалі, што абразу яны бачаць толькі ў нецэнзурных словах, якія, дарэчы, не надрукаваны цалкам, а пазначаны шматкроп’ем. Тым часам Леванеўскага і Васільева судзяць якраз за абвінавачаньне прэзыдэнта ў злоўжываньні ўладай. Меркаваньне адваката абвінавачаных Аляксандра Бірылава:

(Бірылаў: ) “Увесь ход працэсу сьведчыць, што менавіта на падставе гэтых паказаньняў сьведкаў і будзе вынесены прысуд. Прынамсі абвінавачаньне лічыць, што гэтых доказаў будзе дастаткова для вынясеньня абвінаваўчага прысуду”.
XS
SM
MD
LG