Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Што трэба зрабіць, каб не дапусьціць тэрарызму ў Беларусі?


Ганна Соусь, Менск З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Што трэба зрабіць, каб не дапусьціць тэрарызму ў Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Я вельмі рада, што ў Беларусі такога няма. Я настолькі ўражаная тым, што адбылося ў Расеі... Для мяне гэта шок. Напэўна, пільнасьць павінна быць. Мне падабаецца, што ў нас многа міліцыі. Чым болей міліцыі, тым я больш спакойная за сябе і сваю сям’ю”.

(Спадар: ) “Трэба, каб Беларусь ніколі не ўступала ні ў якія лякальныя канфлікты. Узмацненьне спэцслужбаў. Тую палітыку, якую праводзіць нашая дзяржава, я лічу прымальнай, каб нам пазьбегнуць тэрарызму. У нас жа тэрактаў фактычна не адбывалася”.

(Спадар: ) “Закрыць мяжу”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што ў параўнаньні з Расеяй у нас больш спакойная абстаноўка, мінімум тэрарызму, але ўсё ж трэба ўзмацніць нашу ахову, у прыватнасьці, аэрапорту і дарог”.

(Спадарыня: ) “Недакладная сыстэма аховы нашых навучальных установаў. Усіх міліцыянтаў, якія бяздумна боўтаюцца па вуліцы, трэба кінуць у справу”.

(Спадар: ) “У Беларусі ў нас больш-менш спакойна, я лічу, што з прычыны правільнай зьнешняй палітыкі нашай дзяржавы. А што можна зрабіць? Гэта залежыць найперш ад грамадзянаў — не правакаваць розныя крымінальныя элемэнты, быць пільнымі”.

(Спадарыня: ) “Каб лепей і болей працавала нашая міліцыя, каб ахоўвала нас”.

(Спадар: ) “Я лічу, што нашыя праваахоўчыя органы працуюць лепей за расейскія”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што людзі павінны быць больш уважлівымі, зьвяртаць увагу вакол сябе, і калі бачаць нешта падазронае, павінны паведаміць пра гэтае ў найбліжэйшы адзел міліцыі. Трэба, каб людзі ўжо неяк з большай асьцярогай назіралі за іншагароднімі людзьмі, за людзьмі іншай нацыянальнасьці”.

(Спадар: ) “Я лічу, што найперш патрэбнае ўзаемадзеяньне ўсіх службаў і зваротная сувязь паміж нашым насельніцтвам і гэтымі службамі. У нас у краіне, на маю думку, не разьвітая гэтая зваротная сувязь”.

(Спадарыня: ) “Самае галоўнае, каб было ціха на зямлі, каб не было тэрарызму. Мірна жыць. Так я разумею”.

(Спадар: ) “На жаль, я ня ведаю, як адказаць на гэтае пытаньне. Я пра гэта не думаў, бо пакуль у Беларусі гэтага няма. Калі будзе, тады, напэўна, буду задумвацца, а зараз усё добра — і дзякуй богу”.

(Спадарыня: ) “Пазьбегнуць тэрарызму ў Беларусі? Я неяк не праецыравала такое паняцьце як тэрарызм на Беларусь. Мы тут усе неяк адпачываем. Усё пачынаецца з вялікай палітыкі й заканчваецца чалавечымі ахвярамі. Ня ведаю, што мы можам з гэтым рабіць. Палітыкі павінны думаць, мне падаецца”.

(Спадар: ) “Я думаю, што становішча з тэрарызмам у нашай краіне наогул адрозьніваецца ад становішча ў сьвеце. Я лічу, што ў нас робіцца дастаткова дзеля таго, каб пазьбегнуць тых праблемаў, як у Расеі, ЗША ці іншых краінах сьвету”.
XS
SM
MD
LG