Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці падкінула дзіця, бо лічыла, што ня мае матэрыяльнай магчымасьці яго выгадаваць


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёўскай вобласьці апошнімі днямі знайшлі адразу двух падкідышаў-немаўлятаў. Аднаго маці падкінула ў Горацкі раённы шпіталь, іншага знайшлі на прыступках царквы ў абласным цэнтры.

Першага падкідыша знайшлі ў калідоры прыёмнага шпіталю ў Горках. Фэльчар “хуткай дапамогі”, які прывёз пацыента, зьвярнуў увагу на “бясхозны” скрутак, а калі адкінуў коўдру, убачыў малога, які мірна спаў. Яго адразу забралі ў дзіцячае аддзяленьне, і высьветлілася, што яго колькі гадзінаў таму нарадзілі ў хатніх умовах.

Празь некалькі дзён яшчэ аднаго падкідыша знайшоў увечары вартаўнік у двары адной з праваслаўных цэркваў Магілёва – Барысаглебскай. Хлопчык быў акуратна спавіты, і там быў ліст ад маці з інфармацыяй пра дзіцё – рост, вага, зьвесткі пра прышчэпкі і заклік да людзей, якія яго знойдуць: “Людзі добрыя, дапамажыце Хрыста дзеля!” Гэты хлопчык таксама цяпер ў шпіталі.

Абодва падкідышы пачуваюць сябе нармалёва, гэта здаровыя хлопчыкі. Таму, які ў Горках, нават імя далі – у адпаведнасьці са сьвятцамі, Міхаіл.

Маці падкідыша, якога знайшлі ў Магілёве, шукаюць і, напэўна, лёгка знойдуць, таму што ён нарадзіўся, відаць, у шпіталі, дзе яму рабілі прышчэпкі, і ў лісьце была дакладная дата нараджэньня.

Маці горацкага падкідыша ўжо знайшлі. Гэтай жанчыне 42 гады, яна выхоўвае двух дзяцей – яны школьнікі і гавораць, што і яны часта не ядуць уволю. Карацей, сям’я не без праблемаў. У жанчыны не хапіла грошай на аборт, таму яна нарадзіла й падкінула дзіцё, бо лічыць, што ня мае матэрыяльнай магчымасьці яго выгадаваць.

Аднак любыя довады, няхай і матэрыяльнага характару, не прабачаюць маці, якая кінула сваё дзіця – такое абсалютна адназначнае грамадзкае меркаваньне.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, у нас шмат народу, які жыве не вельмі добра. Тым ня менш, яны ж не падкідваюць сваіх дзяцей”.

(Спадар: ) “Калі ня хочаш раджаць, то не зацяжарвай”.

(Спадарыня: ) “Дзіця не вінавата, што яно нарадзілася”.

(Спадар: ) “У любым выпадку падкідваць дзіцё – я лічу, што гэта проста жахліва”.

(Спадарыня: ) “Тое, што робяць гэтыя жанчыны – іх маці нельга назваць ні ў якім разе. Проста крыўдна за нашу нацыю!”

Маці падкідышаў расшукваюць не для таго, каб іх прысароміць, а каб аформіць дакумэнты – адмову ад дзіцяці, інакш для ўсынаўленьня спатрэбіцца шмат карпатлівай папяровай працы.

А вось шанцы падкідышаў знайсьці новых бацькоў інспэктар магілёўскага цэнтру ўсынаўленьня Вольга Валошына ацэньвае як вельмі высокія:

(Валошына: ) “Я мяркую, што праблемаў ня будзе, ім хутка знойдзецца сям’я. Таму што пастаянна прыходзяць людзі, і ёсьць патрэба ў малых, такіх маленькіх, да года”.

Немаўлятамі і дзецьмі да 3-х гадоў, як паведамілі ў цэнтры ўсынаўленьня, цікавяцца больш беларусы, грамадзяне нашай краіны. А вось замежнікі ўсынаўляюць дзяцей старэйшага ўзросту. У Магілёўскай вобласьці ёсьць банк інфармацыі пра сіротаў, якіх можна адаптаваць. Летась замежнікі ўсынавілі амаль 150 дзяцей, нашы грамадзяне – паўсотні. Сёлета за паўгода беларусы ўсынавілі 30 дзяцей. А вось агульная лічба сіротаў у Магілёўскай вобласьці апошнімі гадамі застаецца нязьменнай нягледзячы на ўсынаўленьні – гэта прыкладна 1400 дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG