Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 2 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 2 верасьня

“Наша ніва”, 1914 год:

“Расея, Францыя і Англія зрабілі паміж сабой умову, па якой ні водная з гэтых дзержаваў не маець права адна без сагласу другой ісьці на замірэньне у часе цяперашняй вайны. Урады трох гэтых дзержаваў згаварыліся, што, калі надойдзе момэнт для згавору аб варунках міру, то ні водная з хаўрусьніц не мае права жадаць такіх ці сякіх варункоў згоды без сагласу на гэта дзьвюх апошніх дзяржаваў”.

“Сталинская молодежь”, 1954 год:

“У сувязі з пачаткам новага навучальнага году ў парку культуры і адпачынку імя Горкага 4 верасьня наладжваецца традыцыйны моладзевы карнавал. На летняй эстрадзе адбудзецца вялікі канцэрт, у якім возьмуць удзел артысты Маскоўскага Цэнтральнага тэатру транспарту, Белдзяржфілярмоніі, Белдзяржэстрады і калектывы мастацкай самадзейнасьці. У зялёным тэатры праводзіцца конкурс на лепшае выкананьне песень, апавяданьняў, вершаў і г.д. Пераможцам конкурсу ўручаць каштоўныя падарункі. На роварным трэку выступяць майстры спорту ў падняцьці цяжкасьцяў і фэхтаваньні. Карнавал скончыцца масавымі танцамі, гульнямі й фэервэркам”.

“Витебский курьер”, 1994 год:

“Рэспубліканскія газэты, заснаваныя ўрадам, стаіліся ў чаканьні найвышэйшага рашэньня свайго лёсу. Як стала вядома СІМ, у найбліжэйшы час некаторыя рэспубліканскія ўрадавыя газэты будуць адпушчаныя на “вольныя хлябы”, што пагражае банкруцтвам для гэтых выданьняў. Прэзыдэнт мае намер узяць пад уласнае крыло толькі адну газэту. Па зьвестках СІМ, шанцы зрабіцца прэзыдэнцкім “рупарам” маюць цяпер дзьве газэты — “Советская Белоруссия” і “Звязда”. Прычым у апошняй яны большыя, паколькі ў “дапрэзыдэнцкі” час “Звязда” не паказвала вялікага імпэту ў слаўленьні мудрага кіраўніцтва Кебіча і Ко, не шальмавала Лукашэнку”.
XS
SM
MD
LG