Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шэрагу акругаў адначасова балятуюцца па тры-чатыры кандыдаты ад апазыцыі


Уладзімер Глод, Менск Менш за тыдзень застаецца да завяршэньня чарговага этапу выбарчай кампаніі – вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Але ўжо цяпер у шэрагу выбарчых акругаў зьявіліся кандыдаты, чыё суседзтва выклікае зьдзіўленьне. І гэта тычыцца ня толькі палітычнай апазыцыі, але і ўладнай вэртыкалі. Чым можна патлумачыць такое незвычайнае спаборніцтва?

Напрыклад, у Пінскай сельскай акрузе зарэгістраваны ініцыятыўныя групы сябра Савета Рэспублікі Васіля Двараніновіча і намесьніка парлямэнцкай камісіі Палаты прадстаўнікоў Івана Кібака. У менскай Чкалаўскай акрузе сутыкнуліся Станіслаў Багданкевіч і Ўладзімер Парфяновіч. І такіх прыкладаў вельмі многа.

У шэрагу акругаў апазыцыя і ўлады прытрымліваюцца аднолькавай схемы – кожны бок вылучае па дзьве асобы, асноўную і дублёра. Прычым сярод улады гэта звычайна мужчына й жанчына. Падобна, што такім чынам хочуць задаволіць Аляксандра Лукашэнку, які публічна заяўляў, што ў парлямэнце трэба мець каля 40 % жанчын. І калі вэртыкаль пакуль трымаецца менавіта такога раскладу, то ад апазыцыі ў адной акрузе сутыкаюцца па тры-чатыры, а сям-там нават па пяць кандыдатаў. Прычым ня толькі з розных блёкаў, а нават з аднаго – “Пяцёркі+”. Вось як тлумачыць такую сытуацыю намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Ёсьць акругі, у якіх гэта тактычнае рашэньне, зыходзячы з сытуацыі ў канкрэтнай акрузе. А ёсьць акругі, дзе кандыдаты і нават лідэры ня здолелі дамовіцца. Таму мы вырашылі працягнуць дамоўленасьці ўжо пасьля рэгістрацыі кандыдатаў. Мы бачым, што шмат якія праблемы могуць узьнікнуць, зыходзячы з таго, што выбарчыя камісіі, у сваёй большасьці, будуць мэтанакіравана працаваць супраць нашых кандыдатаў”.

Ёсьць і іншыя погляды на гэтую сытуацыю. Але пачну з канкрэтнага прыкладу – у менскай Купалаўскай акрузе зарэгістраваныя групы спадарыні Палевіковай – цяпер яна ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, спадара Мудрачэнкі – партыя БНФ, спадара Трусава – зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. І вось як тлумачыць такую “шчыльнасьць” дэмакратаў яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты па гэтай жа акрузе, Уладзімер Навасяд:

(Навасяд: ) “З майго пункту гледжаньня гэта – працяг той тактыкі, якая была ў 2000-м годзе, калі адны ўдзельнічалі ў парлямэнцкіх выбарах, а другія байкатавалі. А цяпер аб’ектыўныя й суб’ектыўныя абставіны ў Беларусі склаліся такім чынам, што не ісьці на выбары – проста нонсэнс. Таму дэмакратычныя партыі цяпер прынялі правільнае рашэньне, але пакуль ня вызначыліся, як гэта лепш і дакладна зрабіць”.

Чуткі пра тое, што нават нядаўнія галадоўнікі цяпер будуць змагацца за дэпутацкі мандат у адной і той жа акрузе – цяпер ужо ня чуткі, а рэчаіснасьць. У Лідзкай акрузе зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца і актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марыны Багдановіч. Так, тых самых людзей, якія разам трымалі галадоўку. Зразумела, я ня мог утрымацца, каб не спытаць, чаму яны так зрабілі. Спадар Скрабец патлумачыў сытуацыю і за сябе, і за спадарыню Багдановіч наступным чынам:

(Скрабец: ) “Я лічу, што гэта і ёсьць дэмакратыя. Кожны мае магчымасьць заявіць аб сабе”.
XS
SM
MD
LG