Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

2 верасьня 1814 году памёр Жан Жылібэр


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 2 верасьня

2 верасьня 1814 году пакінуў гэты сьвет Жан Жылібэр, францускі натураліст, хірург і анатам, жыцьцё і дзейнасьць якога зьвязаныя з нашым краем. Напрыканцы 18 стагодзьдзя доктар мэдыцыны Жан Эмануэль Жылібэр заснаваў у Горадні мэдычную акадэмію, акушэрскую і вэтэрынарную школы, а таксама клінічны шпіталь. Пасьля гэтага ён выкладаў у Віленскім унівэрсытэце і стварыў у Вільні батанічны сад. Дзейнасьць францускага прафэсара ў нашым краі доўжылася ўсяго 8 гадоў. Аднак ягоны ўнёсак не вычэрпваецца пералічанымі дасягненьнямі. Жан Жылібэр пакінуў навуковыя працы пра расьлінны сьвет Беларусі і пра тое, на якія хваробы хварэлі нашыя продкі ды якім чынам тыя хваробы трэба было лячыць.

2 верасьня 1993 году ва Ўзбэкістане ўрад пастанавіў перавесьці дзяржаўную ўзбэцкую мову з кірылічнага шрыфта на лацінскі. Тут дарэчы згадаць, што ў Беларусі спрэчкі пра выбар паміж кірыліцай і лацінкай вядуцца ўжо сто гадоў. У сярэднявеччы па-беларуску пісалі кірыліцай, а ў 19-м стагодзьдзі пераважна лацінкай. Славутыя пасланьні нашчадкам ад Каліноўскага й Багушэвіча напісаныя менавіта лацінскім шрыфтам. Лацінкай і кірыліцай адначасова выходзіла легендарная газэта “Наша Ніва”. Аднак на дзяржаўным узроўні пытаньне пра выбар шрыфта ў Беларусі пакуль не разглядалася.

2 верасьня 1996 году ва Ўкраіне была ўведзеная ў абарот нацыянальная грашовая адзінка, грыўна – замест ранейшых часовых карбаванцаў. У Беларусі ў першыя гады незалежнасьці таксама было шмат размоваў пра замену беларускіх рублёў на традыцыйныя талеры. Кажуць, што талеры былі нават надрукаваныя і цяпер захоўваюцца недзе ў падвалах Нацыянальнага банку.

2 верасьня 1998 году ў Віцебску быў арыштаваны апазыцыянэр Ўладзімер Плешчанка. Яму інкрымінавалі крадзёж вулічнага бюста Аляксандра Суворава, расейскага палкаводца, які ў беларускую гісторыю ўвайшоў як душыцель паўстаньня за незалежнасьць 1794 году. Помнік Сувораву быў пастаўлены ў Віцебску яшчэ пры жыцьці Сталіна. Празь дзень страту знайшлі, але Плешчанку пратрымалі за кратамі каля году.

А яшчэ 2 верасьня 1948 году нарадзілася амэрыканская настаўніца Шэран Крыста Макаліф, пра якую цяпер мала хто помніць, а ў 1986-м годзе ведаў увесь сьвет. Можа нехта тады і плакаў над яе лёсам. Гэта яна брала ўдзел у палёце касьмічнага карабля “Чэленджэр” – таго самага, што ўзьляцеў і на вачох усяго сьвету (бо старт трансьлявалі ва ўсіх краінах) ператварыўся ў воблака, выбухнуў. Вось там і загінула адважная настаўніца-касманаўтка.
XS
SM
MD
LG