Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кастрычніцкай плошчы адбылася акцыя "Хочам вучыцца па-беларуску" - міліцыя затрымала чатырох чалавек


Юры Сьвірко, Менск У цэнтры Менску адбылася акцыя “Хочам вучыцца па-беларуску”, якую зладзілі прадстаўнікі некалькіх моладзевых арганізацыяў. Яшчэ да пачатку акцыі былі затрыманыя трое — Франак Вячорка, Яўген Афнагель і прадстаўнік ліквідаванай правабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Пазьней, калі ўдзельнікі акцыі накіраваліся ўскладаць кветкі да помніка Янку Купалу, міліцыянты схапілі й кіраўніка Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявона Баршчэўскага.

А 16-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы, каля якой павесілі расейскамоўны транспарант “З новым навучальным годам, дарагія мінчане!”, бліжэй да ГУМу пачалі зьбірацца ўдзельнікі акцыі ды журналісты. Раптам зь іншага канца плошчы пачуліся крыкі — гэта міліцыянты ў цывільным пачалі хапаць удзельнікаў акцыі.

Выявілася, што затрымалі ліцэіста Франака Вячорку, які пазьней распавёў з Цэнтральнага райаддзелу міліцыі па мабільным тэлефоне:

(Вячорка: ) “Сілай мяне зацягнулі да аўтобусу. За гэты час яны пасьпелі мяне пабіць некалькі разоў, ударыць нагамі й парваць мне кашулю й штаны. Мяне там пасадзілі й пачалі матам супраць мяне лаяцца”.

Разам са спадаром Вячоркам затрымалі Яўгена Афнагеля й супрацоўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча. Але акцыя працягвалася. Яе ўдзельнікі з прышпіленымі на вопратку надпісамі “1 верасьня. Хочам вучыцца па-беларуску” сталі ў кола й прасьпявалі некалькі песень. Адна зь іх скончылася гэтак:

(Сьпяваюць: ) “Мы закрычым: “На абардаж” — І гэты горад будзе наш. Луку на муку!”

Пасьля з Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі акцыі накіраваліся да помніка Янку Купалу ў суседнім парку, каб ускласьці кветкі. У гэты момант міліцыянты схапілі кіраўніка Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявона Баршчэўскага, які перад гэтым сказаў Радыё Свабода, што ня мог не прыйсьці на акцыю, бо хацеў падтрымаць жаданьне ліцэістаў вучыцца па-беларуску. Адзін з вучняў спадара Баршчэўскага заявіў:

(Вучань: ) “Мы выступаем за тое, каб у нашай краіне можна было навучацца па-беларуску. Цяпер гэта амаль што забаронена. У гэты час у Латвіі праходзіць мітынг за расейскія школы. Іх там, мне здаецца, не разагналі. Але ж у іх расейская мова — не дзяржаўная. А ў нас яна зьяўляецца дзяржаўнай, нацыянальнай, любімай мовай, вось так у нас атрымоўваецца: разганяюць беларусаў за тое, што яны жадаюць навучацца па-беларуску”.

Акцыя скончылася імправізаваным канцэртам каля помніка Янку Купалу. Удзел у ёй узялі каля 50 чалавек.



XS
SM
MD
LG