Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты дзень у судзе: Экспэрты не знайшлі абразы прэзыдэнта ў вершаванай улётцы


Сяргей Астраўцоў, Горадня Дакладна чатыры месяцы сядзіць за кратамі кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі. Сёньня таксама быў пяты дзень судовага працэсу супраць спадара Леванеўскага і ягонага намесьніка Аляксандра Васільева. Іх абвінавачваюць у нанясеньні публічнай абразы прэзыдэнту Лукашэнку. Дзяржаўны абвінаваўца Панасюк спрабуе давесьці на працэсе, што ў вершаванай улётцы, распаўсюджанай кіраўнікамі страйкаму, быў абражаны прэзыдэнт.

У судзе былі заслуханы сьведкі, прадстаўленыя абвінаваўчым бокам. Ім задавалі пытаньне: ці ёсьць у вершы, надрукаваным ва ўлётцы, абраза адносна Аляксандра Лукашэнкі? З гэтай нагоды Валеры Леванеўскі зьвярнуўся да суду з хадайніцтвам. Ён лічыць, што, апытваючы людзей, якія самі прызнаюцца, што мала што разумеюць у паэзіі, тым самым штучна ствараюць доказы віны Леванеўскага. Ягоны адвакат Аляксандар Бірылаў патлумачыў:

(Бірылаў: ) “Сёньня Леванеўскі заявіў хадайніцтва аб тым, каб гэтыя паказаньні лічыліся неправамоцнымі на падставе таго, што гэтыя людзі дапытаныя з парушэньнямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Яны дапытаныя па сутнасьці як экспэрты, як спэцыялісты, якія маюць веды ў пэўных галінах навукі, але яны імі не зьяўляюцца”.

Экспэрты, да якіх зьвяртаўся сьледчы пракуратуры, які рыхтаваў крымінальную справу, ня выявілі ў вершаванай улётцы абразы адносна прэзыдэнта Лукашэнкі. Таму абвінаваўчы бок вырашыў выкарыстаць у якасьці экспэртаў міліцыянтаў, рабочых, пэнсіянэраў.

На здымку: Гарадзенская турма №1, у сьледчым ізалятары якой трымаюць Валерыя Леванеўскага
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG