Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Ці задаволены гамельчукі ўзроўнем адукацыі ў гомельскіх школах?


Казімер Яноўскі, Гомель На пытаньне тыдня адказваюць гомельскія школьнікі й студэнты. “Ці задаволены вы ўзроўнем адукацыі ў беларускіх школах і якім чынам яго падвысіць?” — гэтае пытаньне задаваў школьнікам і студэнтам Гомелю наш карэспандэнт.

(Дзяўчына: ) “Я задаволена адукацыяй ў беларускіх школах. Аднак узровень заўсёды трэба падвышаць. Трэба даваць болей ведаў нашым выкладчыкам”.

(Хлопец: ) “Я не задаволены. У школах адукацыя на вельмі нізкім узроўні. Я неаднаразова быў за мяжою. У тэхнічным прагрэсе мы ад іх адсталі. Па-ранейшаму дзеці ўсё робяць уручную, пішуць канспэкты. Яны ня ведаюць, што такое кампутары, інтэрнэт-школа. У інстытутах нашых добра замацавалася карупцыя. Яны ня могуць даць патрэбнай адукацыі дзецям. У Беларусі цяпер не засталося ніводнай беларускамоўнай навучальнай установы. А гэта ўжо ненармалёвая сытуацыя”.

(Дзяўчына: ) “Я ня вельмі задаволена ўзроўнем адукацыі. Ён не аднолькавы ў горадзе і аддаленых вёсках. У вёскі накіроўваюць ня вельмі добрых настаўнікаў. Дзеці там ня так падрыхтаваныя, як у горадзе. Трэба асабліва разьвіваць адукацыю ў вёсках”.

(Карэспандэнт: ) “Ці задаволены вы ўзроўнем адукацыі ў беларускіх школах і якім чынам яго падвысіць?”

(Хлопец: ) “Трэба падвышаць узровень адукацыі ў базавых школах”.

(Хлопец: ) “Узровень нашых пэдагогаў дастаткова высокі. Ён цэніцца ва ўсіх краінах. Магчыма, нашу сыстэму трэба зрабіць больш свабоднаю і ўвесьці болей замежных моваў”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што трэба зрабіць большы ўхіл на матэматыку і інфарматыку. Цяпер настала эпоха кампутарных тэхналёгіяў, трэба болей зьвяртаць увагі менавіта на гэтыя прадметы”.

(Хлопец: ) “Галоўнае ў адукацыі — падабраць настаўнікаў. Трэба правяраць у іх ня толькі веды, напрыклад, матэматыка, як ён ведае матэматыку, але і як ён можа працаваць са школьнікамі. Ці можа ён зразумець вучня, яго схільнасьці, знайсьці да яго індывідуальны падыход, каб ён зразумеў матэматыку, а ня проста завучваў напамяць”.

(Хлопец: ) “Вельмі складана вучыцца па 10-бальнай сыстэме”.

(Дзяўчына: ) “Я вучылася ў 52-й школе і вельмі была задаволена тым, што ў мяне была профільная кляса. Нам давалі тыя веды, якія патрэбны для паступленьня. Астатнімі прадметамі ня моцна загружалі”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што ў школах трэба ўводзіць такія прадметы як гісторыя Беларусі. Больш падрабязна яе вывучаць. Тое, што было ў нас у школе, мяне ня вельмі задавальняла”.

(Хлопец: ) “Я мяркую, што варта было бы перапрацаваць школьную праграму, асабліва па ангельскай мове і інфарматыцы. Праграма па гэтых прадметах заніжана”.

(Дзяўчына: ) “Канікулы зрабілі малыя. Займаліся да 4 чэрвеня, раней — да 15 траўня”.

(Дзяўчына: ) “Восем урокаў будзе на дзень. Цяжка!”

(Дзяўчына: ) “Падручнікі цяжкія. Кайстра, набітая імі, цяжкая. Сьпіна псуецца, асанка. Парты нязручныя, сядзець немагчыма. Асанка жахліва псуецца, скаліёз пачынаецца”.
XS
SM
MD
LG