Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзіне зьліквідаваная адзіная ў горадзе беларускамоўная кляса


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Бацькі аднаго зь яе вучняў Янкі Лапіцкага на знак пратэсту вырашылі не аддаваць сына ў расейскамоўную клясу.

Васьмігадовыя жодзінцы Янка Лапіцкі й Ягор Ярашэвіч зьбіраліся сёлета пайсьці ў трэцюю беларускамоўную клясу. Яны пасьпяхова скончылі мінулы навучальны год і разьлічвалі прадоўжыць вучобу ў школе №7. Аднак мясцовыя чыноўнікі вырашылі інакш. Распавядае маці Янкі Сьвятлана Лапіцкая:

(Лапіцкая: ) “Нам афіцыйна ніякім лістом не паведамілі да ўчорашняга дня. Учора трэба было ісьці ў школу, бо сёньня ж лінейка. Калі я пайшла паглядзець, калі ў нас будзе сустрэча з настаўніцай, то нашай 3 “Ж” клясы не аказалася. Гэта сьведчыла пра тое, што наша кляса не існуе. Я патэлефанавала ў наш аддзел адукацыі, датэлефанавалася да намесьніцы загадчыка, якая паведаміла, што нашай клясы насамрэч не існуе. Яна прапанавала пайсьці нам у расейскамоўную клясу”.

Рашэньне пра ліквідацыю беларускамоўнай клясы ў Жодзіне пацьвердзіў 1 верасьня нашаму радыё загадчык аддзелу адукацыі мясцовага гарвыканкаму Яўген Горыд:

(Горыд: ) “Кляса зачыненая. Прынятае рашэньне выканкамам. Якую клясу з двух чалавек можна сёньня трымаць?! І праграмы пісалі, і ўсё рабілі, і ніхто не жадае навучацца на беларускай мове. Я ж не магу сілком загнаць. Мы прапануем: бярыце дадатковыя гадзіны, факультатывы, курсы”.

У сувязі зь ліквідацыяй беларускамоўнай клясы бацькі Ягора Ярашэвіча пагадзіліся аддаць хлапчука ў расейскамоўную клясу. Лапіцкія ж прапанову Жодзінскага аддзелу адукацыі палічылі непрымальнай. Таму сёньня Янка ў школу не пайшоў, а застаўся дома. Як мяркуе бацька хлопчыка Аляксей Лапіцкі, кіраўніцтва аддзелу адукацыі парушае іхнае права навучаць дзіця на роднай мове:

(Лапіцкі: ) “Ад самага пачатку стварэньня клясы было відаць, што аддзел адукацыі не праяўляе ініцыятывы. Цягам навучаньня адчуваўся ціск на бацькоў: угаворвалі разысьціся з гэтай клясы. Замест таго, каб рабіць нейкія праграмы па разьвіцьці клясы. Для функцыянэра мілая справа — сказаць, што кепска, ніхто ня хоча, і таму ня трэба разьвіваць. Усё гэта вялікая хлусьня. Кажуць, што ёсьць роўнасьць моваў, а насамрэч робяцца крокі па вынішчэньні беларускасьці”.
XS
SM
MD
LG