Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Думаю, што калі б былі такія самыя званкі на дзяржаўным радыё, то ў эфіры ніколі не прагучаў бы ніводны апазыцыйны голас”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 1 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Мікола Саскевіч: ) “Мае шчырыя спачуваньні ўсяму ізраільскаму народу ў сувязі з тэрактам, дзе загінулі ня ў чым непавінныя людзі, у тым ліку і дзеці. Каралеўства ім нябеснага!

У мяне ў Ізраілі жывуць шмат сяброў і знаёмых, як сярод габрэяў так і беларусаў, у якіх ёсьць дзеці. Тым больш у 1990 годзе мае сябры даслалі мне афіцыйны вызаў на сталае месца жыхарства ў Ізраіле. Так што зараз я мог таксама жыць у гэтай краіне. Вызаў я захаваў для гісторыі. Я па нацыянальнасьці літвін, цяперашні беларус, думаю, што ў нас у Беларусі ўсё наладзіцца, таму і не паехаў у Ізраіль. Але цяпер нават шкадую. Але што зробіш? Такі мой лёс. І я буду спадзявацца на Бога, і можа ў маім жыцьці будуць зьмены ў лепшы бок.

Яшчэ раз прынашу шчырыя спачуваньні народу Ізраілю. Хачу сказаць, што я тэрарызм асуджаю, яму няма апраўданьня і няма літасьці!

Шаноўнае панства! На вашае пытаньне я адкажу так. Што тычыцца нашых паважаных настаўнікаў і выкладчыкаў, то ніякіх прэтэнзіяў у мяне няма, усё выдатна. А што тычыцца нашага дыктатарскага рэжыму, то да яго ёсьць прэтэнзіі.

Па-першае, усе дзеці вучацца не на сваёй роднай мове. Па-другое, увялі непатрэбныя ідэалягічныя ўрокі. Па-трэцяе, не пытаючыся дзяцей у масавым парадку прымаюць у піянэрскія непатрэбныя арганізацыі. Ёсьць жа нармальны, добраахвотны дзіцячы скаўцкі рух. Вось што патрэбна дзецям! Па-чацьвёртае, дзеці ходзяць у школы, а падручнікаў школы ня маюць, ні новых, ні старых. Вось вам і ўся адукацыя. Але ўсё роўна посьпехаў усім дзецям і пасьпяховых адзнакаў! Каб у вас усіх было б болей “дзесятак”! Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Прывітаньне на Радыё Свабодзе! Я не ўхваляю, як вы асьвятляеце эканамічныя і палітычныя падзеі, якія адбываюцца на Беларусі. Вы ўсё мажаце чорнай фарбай. Але ня можа быць такога апрыёры, што мы ўсе жывем у глыбокай чорнай яме, чакаем не дачакаемся, як да ўлады прыйдуць Лябедзька і Шушкевіч і павядуць усіх нас да сьветлай будучыні.

Але ў той жа час я глыбока ўдзячны Радыё Свабодзе за тое, што вы ў сваіх перадачах “Званкі на Свабоду” даеце магчымасьць выказацца людзям, якія маюць розныя пункты гледжаньня на падзеі. Гэта, відаць, і ёсьць свабода слова. Думаю, што калі б былі такія самыя званкі на дзяржаўным радыё, то ў эфіры ніколі не прагучаў бы ніводны апазыцыйны голас. Дзякуй.”

(Мікола Савіцкі: ) “Ці задаволены я ўзроўнем адукацыі ў школе? Не і яшчэ раз не. Таму што сыстэмы выхаваньня і навучаньня мэтанакіраваныя на забойства асновы нацыянальнай сьвядомасьці ў беларускіх дзяцей, на зьнішчэньне любові да маці-Беларусі, сваёй Радзімы.

Агульна вядома, што школа павінна ня толькі даць веды, а і выхаваць нацыянальна сьвядомага грамадзяніна бацькаўшчыны. Чыя мова ў школе, таго і адукацыя. У рускамоўных школах зь беларусаў рыхтуюць будучых калябарантаў-манкуртаў і вельмі мала патрыётаў бацькаўшчыны”.

(Валер Шаўчэнка, Наваполацк: ) “Лічу, што ня толькі мяне ўразіла выказваньне Лукашэнкі ў Берасьці аб тым, што беларускія спартоўцы выступіла на Алімпіядзе недарэчна і бесталкова. Зразумела, не выканалі загад атрыманьня 25-ці мэдалёў. На жаль, не ўсе тыя, на якіх рабілася стаўка, атрымалі пашану”.

(Спадар: ) “У мяне пытаньне. Чаму не гаворыць Свабода на беларускай мове там, дзе звычайна гаварыла? У чым справа?”

(Спадар: ) “Наконт Алімпіяды ў Афінах. Генэралісімус, вялікі вучоны, знаўца прадпрыемстваў, вялікі палітык! Учора па тэлебачаньню, добра што перадае тэлебачаньне, каб людзі пляваліся і рагаталі зь яго. Ужо ж дурней быць ня можа! Можна знайсьці, але ня знойдзеш. Карэспандэнт пытае: “Як вы ставіцеся да вынікаў у Афінах?” – “Мы прайгралі ў тактыцы і стратэгіі”. Вы чуеце? Якая тактыка?! Якая стратэгія?! Кап’ё дзевачка здолела на 61 мэтар кінуць, каб патрапіць у паўфінал: фінал – а яна 51 мэтар шпурляе! Тое самае ў штурханьні, тое і ў кіданьні молата, у скачках у даўжыню і ў вышыню. Якая стратэгія можа быць?! Якая тактыка?! Падмануць, ці што? Як яго цыганска-азіяцкі падыход да ўсяго спрацаваць тут зможа? Тут ніяк не падманеш! І так ва ўсім: і ў гаспадарчых пытаньнях, і ў палітыцы, і ў адносінах да людзей, якіх ён да галечы давёў. Гэта трэба тыражаваць, каб пабачылі ўсе, каб парагаталі тыя, хто ня бачыў. Гэта ж дзікасьць, вар’яцтва! Якая тактыка, якая стратэгія?! Гэта ён падумаў, сказаў на ўвесь сьвет!”

(Слухач зь Вілейкі: ) “Дзякую за вашы перадачы, іх зьмест! На жаль, якасьць гучаньня не заўсёды добрая, зь перашкодамі.

Хачу выказацца наконт дэпутатаў. Мне падабаецца наш дэпутат Баслык Ігар. Ён адзіны з пачэсных гасьцей, хто гаварыў на беларускай мове на сьвяце вызваленьня 3-га ліпеня. Наш ранейшы дэпутат Варашнін Уладзімер грэбаваў беларускай мовай. Цяпер ён прадстаўляе Мазыр. Варашнін, як тая трава перакаці-поле, напэўна, будзе яшчэ дзе-небудзь дэпутатам, бо надта праслаўляе цяперашнюю ўладу. Дзякуй за ўвагу”.
XS
SM
MD
LG