Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Песьняры” існуюць ужо 35 гадоў


Ігар Карней, Менск 1 верасьня 1969 году лічыцца датай нараджэньня аднаго з самых славутых музычных калектываў Беларусі — ансамблю “Песьняры”. Экскурс у мінулае і сёньняшні дзень гурту, які прынёс славу беларускай музычнай культуры.

Адзначаць нараджэньне ансамблю менавіта 1 верасьня — было асабістай ініцыятывай Ўладзімера Мулявіна. Пэўна, гэта зьвязана з тым, што 1 верасьня 1969 году на маскоўскай фірме “Мелодия” выйшла першая кружэлка “Песьняроў”, якія дагэтуль гралі пад назвай “Лявоны”. Так пачалася слава калектыву і на радзіме, і па-за яе межамі. У розныя гады ў ансамблі “Песьняры” выступалі дзясяткі музыкаў і сьпевакоў: крытыкі кажуць пра сем складаў ансамблю ў розных варыянтах.

Цяпер на ролю спадкаемцаў “Песьняроў” Уладзімера Мулявіна прэтэндуюць ажно чатыры калектывы. Найперш, гэта Дзяржаўны ансамбаль “Песьняры” пад кіраўніцтвам Валерыя Скаражонка. Затым — “Беларускія песьняры” Ўладзіслава Місевіча, гітарыста складу яшчэ 1969 году. Трэці склад сабраў у Маскве Лявон Барткевіч, гастралюючы па Расеі пад назвай “Барткевіч і “Песьняры”. А зусім нядаўна зьвіліся і чацьвертыя “Песьняры”, складзеныя з музыкаў, якія гралі ў ансамблі ў розныя гады: там нефармальным лідэрам колішні дырэктар мулявінскіх “Песьняроў” Ігар Сьвечкін. Тым часам, паводле заканадаўства, кожны калектыў мае быць афіцыйна зарэгістраваны, плаціць падаткі, рабіць аўтарскія адлічэньні і, нарэшце, мець гастрольнае пасьведчаньне. Я патэлефанаваў у Рэспубліканскае прадпрыемства інтэлектуальнай уласнасьці й запытаўся: хто з гэтых “Песьняроў” зарэгістраваны афіцыйна? Адказвае супрацоўніца аддзелу ўліку аўтараў Вольга Жажкова:

(Жажкова: ) “Дзяржаўны ансамбаль “Песьняры”, які пад эгідай прэзыдэнта — гэта дакладна. “Беларускія песьняры” зарэгістраваныя і ў нас, і ў Маскве — у Нацыянальным агенцтве аўтарскіх правоў. А вось Барткевіч зь “Песьнярамі імя Мулявіна” — гэта кшталту самазванцаў”.

Я наведаў студыю дзяржаўнага ансамблю “Песьняры”. Яго дырэктар Валеры Скаражонак пераконвае, што і цяпер “Песьняры” запатрабаваныя ня меней, чым 35 гадоў таму. А пра адносіны зь іншымі прэтэндэнтамі на песьняроўскую шыльду спадар Скаражонак сказаў:

(Скаражонак: ) “Найперш, мы — базавыя пераемнікі Ўладзімера Георгіевіча. І мы маем на гэта ўсе правы… Па-другое, з Барткевічам няма ніякіх стасункаў, а зь “Беларускімі песьнярамі” вітаемся. Вось і ўсё. У кожнага свой шлях”.

(Карэспандэнт: ) “Самыя блізкія пляны: дзе вас можна пачуць і ўбачыць?”

(Скаражонак: ) “Дажынкі”, 16–17 верасьня. Мы выконваем усе дзяржаўныя замовы, прысутнічаем на ўсіх дзяржаўных канцэртах”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, канцэртны графік для вас складае і Міністэрства культуры?”

(Скаражонак: ) “Абавязкова”.

Адзіны музыка пачатковага складу “Песьняроў”, Уладзіслаў Місевіч, ад сярэдзіны 1990-х працуе ў Маскве. Ягоны творчы развод з Уладзімерам Мулявіным адбыўся яшчэ пры жыцьці кіраўніка ансамблю. Тым ня меней, ён не выключае кантактаваньня з афіцыйнымі “Песьнярамі”.

(Місевіч: ) “Асабіста нам надакучыла гэтае цкаваньне за сьпіной. Калі гістэрык ня будзе — то мэта будзе дасягнутая. Але мы ўсё роўна застаемся ў Маскве. Адзінае, што калі будзе нейкая магчымасьць, то будзем як-небудзь інфармаваць адзін аднаго. Міністэрства культуры празь беларускую амбасаду ў Маскве мае карысныя кантакты, якія дапамаглі бы і нам у арганізацыі канцэртаў у Расеі. Таму ў гэтым ёсьць пэўны сэнс і для нас. Жыцьцё пакажа”.

Кіраўнікі двух астатніх складаў “Песьняроў” да кантактаў не ахвочыя. Дый іх цяжка знайсьці на бязьмежных гастрольных прасторах Расеі. Абодва калектывы спадзяюцца на тое, што публіка ў правінцыйных гарадах Расеі ды Ўкраіны ня ведае нюансаў песьняроўскага кланаваньня і ўжо ня памятае імёнаў славутых музыкаў, а на канцэрты прыйдзе перадусім з-за назвы.

На фотаздымку: мэмарыяльная шыльда на доме, дзе жыў Уладзімер Мулявін.
XS
SM
MD
LG