Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адэля Вольская й Ружана Вячорка будуць хадзіць у той самы беларускамоўны кляс


Падрыхтаваў Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускіх газэтаў

Сёньняшняя “Комсомольская правда в Белоруссии” дае рэпартаж пра рок-зорку Лявона Вольскага, які ўпершыню павёў сваю дачку Адэлю ў школу. А дакладней – у менскую гімназію нумар 23. Вядома, ў беларускамоўны кляс. Цікава, што апрача Адэлі Вольскай ў гімназіі будуць вучыцца Ружана Вячорка – малодшая дачка лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, а таксама дзеці іншых вядомых культурніцкіх і грамадзкіх дзеячоў. Паводле “Камсамолкі”, школьнікі пазналі Лявона Вольскага. Урачыстая лінейка ператварылася ў міні-хэпэнінг, калі Ружана Вячорка пачала сьпяваць рэпэртуар гурта “NRM”.

Апрача “Камсамолкі”, сёньня выходзяць адразу дзьве незалежныя газэты Барысава.

“Кантроль за божым промыслам” – завецца артыкул карэспандэнткі “Курьера из Борисава” Вікторыі Равінскай. Журналістка аналізуе нядаўнюю сустрэчу прадстаўнікоў рэлігійных канфэсіяў з раённым і гарадзкім кіраўніцтвам. Сьвятары пятнаццаці канфэсіяў, зарэгістраваных у Барысаве размаўлялі з чыноўнікамі на тэму “Духоўнасьць і маральнасьць – аснова ўземаадносінаў між дзяржаўнымі ўстановамі і рэлігійнымі арганізацыямі”. Вядома, не сьвятары настаялі на сустрэчы. Гаворка вядзецца пра працу камісіяў, якія маюць даўгую назву: Камісія спрыяньня кантролю за выкананьнем заканадаўства па свабодзе веравызнаньня і рэлігійным арганізацыям. З артыкулу можна даведацца, што сьвятары маюць сумневы ў тым, што беларуская дзяржава аддзяліла сябе ад рэлігіі. “Не было такіх камісіяў раней, але неба на зямлю ня падала, да разбурэньня дзяржаўнага ладу дзейнасьць традыцыйных для рэспублікі канфэсіяў не прыводзіла”, піша Вікторыя Равінская напрыканцы артыкулу.

А вось газэта “Борисовские новости” выказвае сваю вэрсію наконт злоўжываньняў службовым становішчам з боку старшыні гарвыканкаму спадара Бургуна. У чым канкрэтна палягаюць падазрэньні – чытайце ў сёньняшнім нумары газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG