Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

1 верасьня 1906 году ў Вільні выйшла пеpшая легальная белаpyская газэта “Hаша доля”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 1 верасьня

1 верасьня – дзень пачатку ня толькі восені, але й легальнага друку ў Беларусі. Менавіта 1 верасьня 1906 году ў Вільні выйшла пеpшая легальная белаpyская газэта “Hаша доля”. Праіснавала яна нядоўга – выйшла ўсяго 7 нумароў, якія канфіскоўваліся. Урэшце рэдактар і выдавец газэты Іван Тукеркес патрапіў пад суд, а калектыў рэдакцыі прыступіў да выданьня газэты больш памяркоўнага кірунку, якая называлася “Наша Ніва”.

Сёньня пачынаюцца заняткі ў школах усіх узроўняў, таму афіцыйна ў Беларусі адзначаецца Дзень ведаў.

Таксама ў першы дзень восені ў 1939 годзе пачалася другая сусьветная вайна. Нямеччына ўрываецца на тэрыторыю Польшчы і анэксуе горад Данцыг – па-польску Гданьск. З гэтай нагоды ў сьвеце 1 верасьня адзначаецца Сусьветны дзень міру.

1 верасьня 1941 году на тэрыторыі Беларусі акупацыйныя нямецкія ўлады ўтварылі Генэральны камісарыят, які ўзначаліў гаўляйтар Вільгельм Кубэ.

1 верасьня лічыць днём свайго заснаваньня беларускі ансамбаль “Песьняры”. Адбылося гэта ў 1969 годзе. Гэта значыць, што сёньня “Песьнярам” спаўняецца 35 гадоў.

1 верасьня 1983 году савецкая супрацьпаветраная абарона зьбіла паўднёвакарэйскі пасажырскі самалёт “Боінг-747”. Самалёт нібыта парушыў савецкую паветраную прастору ў раёне выспы Сахалін. У выніку загінула 269 чалавек.

1 верасьня 1853 году прыйшоў на сьвет Міхал Федароўскі –беларускі этнограф і фальклярыст. Нарадзіўся Федароўскі ў Варшаве, меў слабое здароўе – з 13 гадоў хварэў на сухоты. Аднак гэта не перашкодзіла яму аб’ехаць ды абысьці з экспэдыцыямі ўсю Беларусь. Федароўскі сабраў больш за 5 тысяч народных песень, больш за 10 тысяч прыказак і прымавак, сотні казак, павер’яў і рэцэптаў народнай мэдыцыны. Усе гэтыя матэрыялы ўвайшлі ў фундамэнтальны 8-тамовік пад назваю “Люд Беларускі”.

1 верасьня 1875 году нарадзіўся амэрыканскі пісьменьнік Эдгар Райс Бэроўз, той самы, які прыдумаў знакамітага Тарзана. Пра сябе Бэроўз казаў так: “Я з тых, хто прыбывае на пажар, калі той ужо загашаны”.
XS
SM
MD
LG