Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне зьявяцца сямейныя лекары-ўнівэрсалы


Казімір Яноўскі, Гомель Гомельская ўправа аховы здароўя пашырае ўкараненьне ў практыку сямейных лекараў. Яны павінны аказваць людзям першасную мэдычную дапамогу. Чым абумоўлена ўкараненьне ў практыку так званых “сямейных лекараў”? І што новага яны прыносяць ў мэдычнае абслугоўваньне людзей?

Сямейны лекар – гэта адмысловец ня вузкага профілю, а агульнай практыкі. Ён мае досьвед ня толькі ў тэрапіі, але і ў хірургічнай галіне, оталярынгалёгіі, афтальмалёгіі. Такі лекар павінен быць дасьведчаным у пэдыятрыі, гінэкалёгіі ды іншых дысцыплінах. Натуральна, што ён закліканы аказаць у сям’і мэдычную дапамогу і старому, і малому.

У рэгіёне сёньня працуе 30 такіх адмыслоўцаў. 12 зь іх сёлета прайшлі перападрыхтоўку ў Менскай мэдычнай акадэміі постдыплёмнай адукацыі і Віцебскім мэдычным унівэрсытэце.

Яшчэ звыш дзесятка тэрапэўтаў атрымалі накіраваньне на перападрыхтоўку, каб стаць тымі ж сямейнымі лекарамі, лекарамі агульнай практыкі.

Навошта гэткі ўнівэрсал у мэдыцыне? На гэтае пытаньне кіраўнік аддзелу кадраў абласной управы аховы здароўя Сяргей Савіч кажа наступнае:

(Савіч: ) “Урач агульнай практыкі прызначаецца перш за ўсё для сельскай мясцовасьці. Ён будзе выконваць і функцыі сямейнага лекара. У яго і адпаведная амбуляторыя. Такі адмысловец аказвае першасную мэдычную дапамогу ў многіх накірунках. Ня так, як зараз тэрапэўт: лёгкія паслухаў – і ўсё. Трэба чалавеку невялікая хірургічная дапамога – едзь у горад. Вуха ці горла забалела – таксама едзь. Урач агульнай практыкі ў межах сваёй кампэтэнцыі на месцы прызначае лячэньне, аказвае мэдычную дапамогу. У гэтым сэнс”.

Дарэчы, і ў абласным цэнтры зьявіўся ўжо лекар агульнай практыкі ў мікрараёне “Мільча” – найбольш аддаленым ад гарадзкіх лячэбных установаў. Паводле кіраўніка гарадзкой мэдычнай управы Алы Зелянкевіч, яшчэ адзін лекар агульнай практыкі зьявіцца ў хуткім часе ў прыгарадным паселішчы Новае Жыцьцё.

Пра асаблівасьці сваёй працы ў якасьці лекара агульнай практыкі мікрараёне “Мільча” распавядае Уладзімер Шаронаў:

(Шаронаў: ) “Я сам вырашаю, што магу ў межах сваёй кампэтэнцыі, сваіх ведаў вырашаць. Гэта каб не ганяць людзей па кабінэтах. Калі ўжо нейкае складанае пытаньне ўзьнікае, тады накіроўваю да вузкіх адмыслоўцаў”.

І яшчэ адна дэталь. У асяродку саміх мэдыкаў далёка ня ўсе схільны атаясамліваць лекара агульнай практыкі і сямейнага ўрача. Пакуль сямейныя ўрачы ёсьць у нешматлікіх забясьпечаных людзей, здольных неяк заахвоціць лекараў. І дамовы паміж імі ажыцьцяўляюцца прыватным чынам, без удзелу афіцыйных органаў кіраваньня мэдыцынай.

Складваецца такое ўражаньне, што пашырэньне практыкі аказаньня мэдычнай дапамогі, так бы мовіць, лекарамі-ўнівэрсаламі – гэта не ад добрага жыцьця. Ці зьяўляецца ўвядзеньне гэтага інстытуту паніжэньнем узроўню аказаньня людзям кваліфікаванай мэдычнай дапамогі – адназначна сказаць нельга. Адмыслоўцы-ўнівэрсалы хіба толькі могуць вырашыць кадравую праблему. Няма афтальмоляга ці гінэколяга, затое ёсьць унівэрсал.

Вядома таксама, што зараз паўсюдна скарачаюць невялікія сельскія амбуляторыі, шпіталі – калі не цалкам, то ягоныя аддзяленьні. Мэдыцына аддалілася ад чалавека, паколькі доля фінансаваньня яе ў бюджэце краіны складае ўсяго 4 адсоткі. Гэта напалову меней, чымсьці прадугледжана адмысловым законам.

Вось што кажа пра цяперашняе мэдычнае абслугоўваньне пэнсіянэрка Анастасія зь вёскі Зарадзьвіньне Добрушскага раёну:

(Пэнсіянэрка: ) “Ідзеш у бальніцу, давай даляры тыя, якіх я і ня бачыла. А не, то ідзі, баба. Во зараз як! Хто захварэў, то ўсё ўжо – памірай”.

Так вось пакуль гаворыць пра якасьць мэдычнага абслугоўваньня ў глыбінцы пэнсіянэрка зь вёскі Зарадзьвіньне Добрушскага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG