Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына выдзеліла першыя 24 стыпэндыі ў памеры 125 тысячаў эўра для студэнтаў ЭГУ


Ул. інф. Такую заяву распаўсюдзіла для прэсы фэдэральнае міністэрства замежных справаў. Размова пакуль ідзе пра тых студэнтаў-пяцікурсьнікаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, якія запрошаныя на вучобу ўнівэрсытэтам Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры.

Як паведамляе нямецкае зьнешнепалітычнае ведамства, з таго моманту, як беларускія ўлады заявілі пра закрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску, Бэрлін неаднаразова імкнуўся дыпляматычным шляхам пераканаць афіцыйны Менск адносна таго, якія наступствы можа выклікаць гэтае рашэньне для дачыненьняў між Беларусьсю й Эўропай. Міністэрства замежных справаў Нямеччыны выказвае сваё шкадаваньне, што беларускае кіраўніцтва ўсё ж пайшло на гэты крок.

Паводле сёньняшняга нямецкага друку, ня выключана, што да пачатку новага навучальнага году, што ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччына пачынаецца ў сярэдзіне кастрычніка, будзе знойдзенае фінансаваньне для вучобы яшчэ некалькіх дзесяткаў беларускіх навучэнцаў. Сваю гатовасьць прадставіць вучэбныя месцы для студэнтаў ЭГУ выказала старэйшая навучальная ўстанова краіны – Бэрлінскі свабодны ўнівэрсытэт. Як піша на старонках уплывовай нямецкай газэты “Frankfurter Allgemeine” патсдамскі навуковец, нямецкае грамадзтва мусіць усьвядоміць, што азначае закрыцьцё ЭГУ для маладога пакаленьня Беларусі.
XS
SM
MD
LG