Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку пачалася Канвэнцыя Рэспубліканскай партыі


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Вядучыя палітыкі Рэспубліканскай партыі распачалі чатырохдзённую канвэнцыю ў Нью-Ёрку, прывітаўшы Джорджа Буша як “лідэра, які заставаўся цьвёрдым у цяжкія для Злучаных Штатаў часы”. Сэнатар Джон Макэйн і былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні выступілі ў абарону рашэньня Буша распачаць вайну супраць рэжыму Садама Хусэйна.

Сэнатар Джон Макэйн, былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні ды іншыя вядучыя палітыкі рэспубліканскай партыі з усяе краіны заявілі, што адказ Джорджа Буша на тэрарыстычныя замахі 11 верасьня быў правільны. Макэйн, які ваяваў у Віетнаме, адзначыў, што Буш давёў усім, што ён здольны кіраваць краінай у крызысных сытуацыях.

(Макэйн: ) “Буш стаў перад выпрабаваньнем і прыняў найбольш важны выклік нашага часу, і я вітаю гэты выбар. Вітаю ягоныя намаганьні зрабіць гэты сьвет лепшым, больш бясьпечным месцам. Ён не здрыгануўся, не адмовіўся ад цяжкага выбару. Ён ня будзе саступаць. І мы таксама ня будзем”.

Макэйн бараніў вайну ў Іраку, гаворачы, што Злучаныя Штаты вычарпалі ўсе дыпляматычныя сродкі, каб паўплываць на Садама Хусэйна. Паводле сэнатара, бязьдзеяньне прывяло б да больш сур’ёзных пагрозаў для ЗША.

(Макэйн: ) “Гэта ня быў выбар паміж статус-кво і крывавай вайной. Гэта быў выбар паміж вайной і больш сур’ёзнай пагрозай. Не дазвольце, каб нехта казаў вам іначай”.

У часе канвэнцыі Дэмакратычнай партыі ў мінулым месяцы ў Бостане, лідэры гэтай партыі крытыкавалі Буша за тое, што ягоная адміністрацыя падышла да вайны занадта неразважліва.

Між тым былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні заявіў, што падыход Буша да барацьбы з тэрарызмам нагадвае яму палітыку былога брытанскага прэм’ера Ўінстана Чэрчыля і былога прэзыдэнта ЗША Роналда Рэйгана.

(Джуліяні: ) “Рэйган бачыў, што Савецкі Саюз гэта імпэрыя зла і так яго называў у той час, калі ва ўсім сьвеце гэта ўспрымалася як непазьбежнасьць і над ім пасьмейваліся. Прэзыдэнт Буш бачыць сусьветны тэрарызм як зло – такім якім ён ёсьць”.

Джуліяні адзначыў, што канкурэнт Буша – кандыдат ад дэмакратычнай партыі Джон Кэры гэта чалавек нерашучы, бо ён заняў розныя пазыцыі што да войнаў у Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе і ў 2003 годзе.

Былы мэр Нью-Ёрку таксама заявіў, што некаторыя эўрапейскія краіны, такія як Нямеччына, вядуць занадта слабую палітыку ў вайне з тэрарызмам і Кэры будзе знаходзіцца пад іхным уплывам.

У панядзелак Зайнаб Ас-Шувай – лідэр Амэрыканскага Ісламскага Кангрэсу, якая пакінула Ірак у 1991 годзе – таксама дзякавала Бушу за тое, што пазбавіў іракцаў ад чалавека, які цягам трох дзесяцігоддзяў ваяваў супраць уласнага народу.

Сёньня ў часе канвэнцыі будуць прамаўляць губэрнатар Каліфорніі Арнольд Шварцэнэгер і першая дама – Лаура Буш.

Паводле адмыслоўцаў, канвэнцыя рэспубліканцаў можа дапамагчы Джорджу Бушу атрымаць некалькі дадатковых пунктаў у перадвыбарчых рэйтынгах, аднак Буш і Кэры маюць настолькі зьбліжаны ўзровень папулярнасьці, што прадказаць вынік выбараў вельмі цяжка.

На фотаздымку: Джордж Буш і Рудольф Джуліяні. © AFP
XS
SM
MD
LG