Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слабадан Мілошавіч пачаў абарону


Юры Дракахруст, Прага Сёньня на судовым працэсе Міжнароднага трыбуналу над былым прэзідэнтам Югаславіі Слабаданам Мілошавічам пачаўся выступ абароны. Гэты этап працэсу пераносіўся 5 разоў з прычыны кепскага стану здароўя падсуднага. Сёньняшні выступ на працэсе былога прэзыдэнта Югаславіі працягваўся 4 гадзіны.

Слабадан Мілошавіч, першы кіраўнік дзяржавы, які паўстаў перад міжнародным трыбуналам, абараняе сябе сам.

Ён заяўляе пра нелегітымнасьць суду над ім, але вельмі прафэсійна карыстаецца працэсуальнымі магчымасьцямі, якія прадстаўленыя яму судовай працэдурай. Ён папрасіў даць яму два дні, каб выступіць з прамовай у сваю абарону. Судзьдзя Патрык Робінсан не задаволіў хадайніцтва, абмежаваўшы сёньняшні выступ падсуднага чатырма гадзінамі.

Мілошавіч заявіў, што яму спатрэбіцца прынамсі 150 дзён, каб правесьці перакрыжаваны допыт тысячы сьведкаў.

У сваёй сёньняшняй прамове ён заявіў, што міжнародная супольнасьць была галоўным разбуральнікам былой Югаславіі. Ён таксама сказаў:

(Мілошавіч: ) “Абвінавачваньні, выстаўленыя супраць мяне – не добрасумленная і сьвядомая хлусьня, грэбаваньне законам і маральлю, цалкам безадказнае скажэньне гісторыі. Усё перакрыўленая дзеля таго, каб абараніць тых, хто сапраўды адказны за трагічныя падзеі”.

Міжнародны трыбунал абвінавачвае Мілошавіча ў 66 ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці падчас вайны ў 1991-1995-гадох у Харватыі, падчас грамадзянскай вайны ў Босьніі ў 1992-1995 гадох і падчас косаўскага канфлікту ў 1998-1999 гадох.

Мілошавічу таксама высунутае абвінавачваньне ў генацыдзе падчас басьнійскай вайны, у часе якой загінулі 200 тысячаў чалавек.

Працэс над былым прэзыдэнтам Югаславіі пачаўся ў лютым 2002 году, судовыя пасяджэньні шмат разоў пераносіліся з прычыны стану здароўя падсуднага.

Некаторыя крытыкі гавораць, што надзвычай марудная хада працэсу шкодзіць справе ўсталяваньня справядлівасьці, пакараньня вінаватых у балканскіх войнах. Аднак іншыя экспэрты лічаць, што хаця судовае разьбіральніцтва ідзе марудна і цяжка, гэта цалкам апраўдана. Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” Багдан Іванішавіч мяркуе

(Іванішавіч: ) “Посьпех ці няўдача судовага працэсу вымяраецца ступеньню незалежнасьці судзьдзяў і абвінаваўцаў і тым, у якой ступені вытрымліваюцца прафэсійныя стандарты паважаюцца правы падсуднага. Гэта тычыцца любога судовага працэсу і працэс Мілошавіча ня ёсьць выключэньнем”.

Першы сьведка абароны на працэсе Слабадана Мілошавіча будзе названы 7 верасьня.
XS
SM
MD
LG