Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка не задаволены выступам беларусаў, а алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка трапіла ў шпіталь


Алег Супрунюк, Берасьце Аляксандар Лукашэнка лічыць, што беларускія спартоўцы павінны былі заваяваць на Алімпійскіх гульнях у Афінах 25 мэдалёў і не зрабілі гэтага толькі таму, што выступалі “недарэчна і бесталкова”. Пра гэта ён заявіў у Берасьці, дзе наведваў спартовы комплекс “Вікторыя” і вясьлярны канал.

Унівэрсальны спартовы комплекс “Вікторыя” ўзьведзены на ўскрайку Берасьця. Пакуль пабудаваная толькі заля для трэніровак мясцовага гандбольнага клюбу. Будаўніцтва галоўнай арэны, якая разьлічаная на чатыры з паловай тысячы гледачоў, абяцаюць скончыць у наступным годзе.

Але Аляксандар Лукашэнка вырашыў не чакаць, калі комплекс будзе ўведзены цалкам і адмыслова прыехаў у Берасьце на адкрыцьцё трэніровачнай пляцоўкі. Будаўніцтва ўсяго комплексу будзе каштаваць прыблізна 8 мільёнаў даляраў, прычым больш за палову гэтай сумы — выдаткі расейскага “Газпрому”, які ёсьць спонсарам Берасьцейскага гандбольнага клюбу.

Плянавалася, што ў часе адкрыцьця комплексу Лукашэнка будзе віншаваць усіх берасьцейскіх спартоўцаў, якія заваявалі мэдалі на Алімпійскіх гульнях у Афінах. Але віншаваньні атрымалі толькі срэбраная прызэрка ў цяжкай атлетыцы Ганна Бацюшка і ўладальніца бронзавай узнагароды ў акадэмічным веславаньні Натальля Гелах.

Што да Юліі Несьцярэнкі, якая сэнсацыйна перамагла на дыстанцыі 100 мэтраў, яе сярод ганаровых гасьцей не было. Алімпійская чэмпіёнка пасьля вяртаньня на радзіму выглядала вельмі стомленай, прайшла мэдычнае абследаваньне і трапіла ў шпiталь.

Там зь ёй і сустрэўся Аляксандар Лукашэнка. Дарэчы, ужо 3 верасьня Несьцярэнка павінна браць удзел у спаборніцтвах легкаатлетычнай сэрыі Гран-пры ў Брусэлі.

У часе наведваньня вясьлярнага каналу Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт вынікаў выступаў беларускіх спартоўцаў на Алімпійскіх гульнях. Паводле ягоных словаў, плян у 25 мэдалёў ня быў выкананы таму, што беларусы ажно дзесяць разоў займалі чацьвертыя месцы. “Я глядзеў усю Алімпіяду, — заявіў Лукашэнка. — Чацьвертыя месцы мы займалі толькі таму, што недарэчна і бесталкова прайгравалі”.

Што да вясьлярнага каналу, дык Лукашэнка паабяцаў выдаткаваць грошы на ягоную мадэрнізацыю. Пра тое, у якім стане знаходзіцца цяпер галоўная ў Беларусі спартовая база падрыхтоўкі майстроў веславаньня паведаміў заслужаны трэнэр СССР Уладзімер Сінельшчыкаў:

(Сінельшчыкаў: ) “За гэты час, з 1996-га, прайшло восем гадоў, ператварылі яго ў жах. Мало таго, што ён не ахоўваецца, дык яшчэ і народ у нас такі — пагнуць, парваць, парэзаць. Там жа дарожкі нацягнутыя і якая можа быць рыбная лоўля, калі на глыбіні паўтара мэтра нацягнуты трос. І людзі ад злосьці рвуць яго. Няма гаспадара, разумееце”.

Паводле самых сьціплых падлікаў, рэканструкцыя вясьлярнага каналу ў Берасьці будзе каштаваць 4 мільярды рублёў.

***

Алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка ў бегу на 100 мэтраў была шпіталізавана ўчора ўвечары ў Берасьцейскі шпіталь хуткай дапамогі. Паводле галоўнага ўрача Алега Вялічкі яна застанецца ў шпіталі яшчэ некалькі дзён. Цяпер Юлія Несьцярэнка ляжыць у аддзяленьні рэанімацыі. Яна паступіла з тэмпэратурай 39 градусаў. У аўторак тэмпэратура ў спартоўкі нармалізавалася, паводле дактароў стан яе здароўя не выклікае перасьцярогаў.

Доктар Вялічка мяркуе, што прычынаю захворваньня маглі стаць такія фактары, як зьмена клімату і нэрвовае напружаньне. Ён цалкам выключае , што прычынаю быў прыём нейкіх мэдычных прэпаратаў.

***

І яшчэ ў дадатак да рэпартажу зь Берасьця – некалькі цытатаў з сёньняшняга выступу Аляксандра Лукашэнкі. Ён заявіў, што “спартоўцы прайгралі ў спаборніцтве зь сялянамі”, сяляне атрымалі 7 мільёнаў тонаў збожжа ў дзяржаўным сэктары і прынамсі 800 тысячаў тонаў у прыватным. Старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэту А. Лукашэнка адзначыў, што 25 мэдалёў было “цалкам рэальнай мэтай”, паводле яго прычына больш сьціплых паказчыкаў – у тым , што некаторых атлетаў рыхтавалі аўральным чынам. Лукашэнка сказаў, што рыхтавацца да наступнай Алімпіяды трэба пачынаць ужо зараз. Ён таксама дадаў: “Мы яшчэ не навучыліся быць краінай, не навучыліся абараняць гонар краіны”.
XS
SM
MD
LG