Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія’2004: тэндэнцыі й дэталі


Валер Каліноўскі, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Першы выпуск перадачы, прысьвечаны складанасьцям, якія ўзьнікаюць падчас збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты. У круглым стале ўдзельнічаюць нашыя карэснадэнты з Магілёва, Гомелю і Горадні Марыя Ўсьціновіч, Казімер Яноўскі й Сяргей Астраўцоў. Вядзе круглы стол Валер Каліноўскі.

(Валер Каліноўскі: ) “Набліжаецца да фінішу адзін зь першых этапаў выбарчай кампаніі — збор подпісаў за кандыдадаў у дэпутаты. У цэлым гэтая частка выбарчай гонкі небагатая на падзеі, тым ня менш, ужо цяпер яна выявіла даволі жорсткае процістаяньне ў шэрагу гарадоў і акругаў перш за ўсё паміж прэтэндэнтамі на дэпутацкі мандат ад палітычных партыяў, прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў уладных структураў.

Найбольш выразна гэтыя супярэчнасьці выявіліся, відаць, у Бабруйску, дзе на зборшчыкаў подпісаў дэмакратычнага кандыдата напалі невядомыя ў масках. Што гэта былі за людзі, ці будуць яны пакараныя? Гэтае пытаньне нашай магілёўскай карэспандэнтцы Марыі Ўсьціновіч. Марыя, ці ўдалося вам высьветліць падрабязнасьці?”

(Марыя Ўсьціновіч: ) “Падрабязнасьцяў пакуль няшмат, сытуацыя няпэўная. Сапраўды, патэнцыйны кандыдат Анатоль Рубанаў, ён сябра АГП і мае намер балятавацца ў Бабруйскай сельскай акрузе, паведаміў, што на яго зборшчыка подпісаў учынены напад. Маладога чалавека, жыхара Бабруйску, зьбілі да сінякоў. У Анатоля Рубанава ёсьць падставы сьцьвярджаць, што да гэтага інцыдэнту мае дачыненьне ягоны канкурэнт у акрузе — кандыдат ад улады. Аднак на гэты момант, зазначыў спадар Рубанаў, ён яшчэ асабіста разьбіраецца з сытуацыяй, і толькі яшчэ паведаміў, што перад зьбітым бабруйцам ужо нібыта прабачаліся, і сытуацыю спрабуюць нейкім чынам улагодзіць”.

(Каліноўскі: ) “Аб чым сьведчыць такое супрацьстаяньне, як яно ўплывае на сытуацыю на Магілёўшчыне, ці ахвотна выбаршчыкі ўключаюцца ў выбарчую кампанію?”

(Усьціновіч: ) “Ведаеце, сытуацыя ў Магілёўскай вобласьці з выбарамі жорсткая, ціск адміністрацыйнага рэсурсу адчуваюць і зборшчыкі подпісаў, і тыя, хто гэтыя подпісы ставіць. Напрыклад, у Шклоўскай 75-й выбарчай акрузе зьбірае подпісы Ўладзімер Канаплёў. Ягоная ініцыятыўная група складаецца з 350 чалавек. Ягоны супернік ад дэмакратаў — Рыгор Костусеў, лідэр Партыі БНФ у рэгіёне. Подпісы ў ягоную падтрымку зьбіраюць 23 чалавекі, і яны сутыкнуліся з тым, што людзі Канаплёва, а гэта пераважна чыноўнікі, як кажуць у Шклове, адказныя супрацоўнікі, папярэджваюць людзей, якія падпісаліся за Канаплёва, больш ні за каго ня ставіць свайго подпісу, і многія слухаюцца”.

(Каліноўскі: ) “У Гомельскай вобласьці зафіксаваны іншы факт — дэманстрацыя сілы: узброеная міліцыя прыехала на кватэру патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты ў Рэчыцы. На сувязі зь менскай студыяй Свабоды наш гомельскі карэспандэнт Казімер Яноўскі. Казімер, ці ўдалося высьветліць, хто і што стаіць за гэтым інцыдэнтам?”

(Казімер Яноўскі: ) “Міліцыянты прыяжджалі да незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты, вядомага ў горадзе пардпрымальніка Леаніда Невара. Яны ўварваліся ў прыватны дом спадара Невара ў бронекамізэльках, касках, з аўтаматамі ў руках. Міліцыянты патлумачылі: паступіў ананімны тэлефонны званок, што нібыта блізу сядзібы спадара Невара вядзецца стральба. Калі ўсім стала ясна, што ніякай стральбы не было і блізка, намесьнік начальніка міліцыі, падпалкоўнік Рыжкоў усур’ёз папярэдзіў Леаніда Невара, што знойдзе ў ягоным доме зброю.

Праўдападобна, сапраўднай мэтай налёту міліцыянтаў былі госьці спадара Невара — вядомы адвакат Гары Паганяйла і лідэр грамадзкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка. Яны прыяжджалі кансультаваць ініцыятыўную групу Леаніда Невара, а тыя, хто накіроўваў міліцыю, відаць, разьлічвалі, што менскія госьці прывезлі ў Рэчыцу нейкія агітацыйныя ўлёткі да выбараў. Дзеяньні міліцыі Леанід Невар абскардзіў мясцоваму пракурору Будкову. Апрача згаданага, у дачыненьні рэчыцкіх прадпрымальнікаў, якія найбольш актыўна зьбіраюць подпісы за Леаніда Невара, міліцыя і санітарная служба ўчыняюць усемагчымыя праверкі”.

(Каліноўскі: ) “Казімер, у Гомелі зьбіраецца балятавацца лідэр апазыцыйных камуністаў Сяргей Калякін. Яму нядаўна было вынесенае папярэджаньне ад акруговай камісіі нібыта за заўчасную агітацыю. Ці настолькі ж пільныя іншыя камісіі на Гомельшчыне?”

(Яноўскі: ) “У вобласьці на 17 дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць блізу 100 чалавек, у тым ліку 35 прадстаўнікоў палітычных партыяў. Ва ўсякім разе, столькі ініяцыўных групаў зарэгістравана. І вось гэтыя камісіі пільныя якраз у адносінах да апазыцыйных кандыдатаў. А што тычыцца іншых, то выявілася такая заканамернасьць, што ініцыятыўныя групы ў падтрымку прадстаўнікоў партыяў зьбіраюць подпісы, абапіраючыся на свае сілы. А вось так званыя кандыдаты ад улады, да ліку якіх адносяцца і 8 цяперашніх дэпутатаў парлямэнту, скарыстоўваюць яшчэ і так званы адміністрацыйны рэсурс.

І вось тут пільнасьць акруговых камісіяў зьнікае. У Рагачоўскай выбарчай акрузе №47 цяперашні дэпутат Міхаіл Паплаўскі пачаў актыўна вылучацца яшчэ і ад працоўных калектываў: калгасу “Чырвоная армія”, саўгасаў “Ціхінічы”, “Зарэчча”. Вылучылі таксама ў кандыдаты спадара Паплаўскага санаторыю “Прыдняпроўскі”, малочна-кансэрвавы камбінат. Пікантным зьяўляецца тое, што цяпер спадара Паплаўскага не падтрымаў завод “Дыяпраектар”, дзе ён у свой час быў дырэктарам.

І такая дэталь. У афіцыйным друку сталі зьяляўцца адно за адным інтэрвію зь цяперашнімі дэпутатамі парлямэнту, якія хочуць балятавацца зноў. Яны распавядаюць, як шмат зрабілі для выбарцаў. Аднак, калі пытаеш у саміх выбарцаў, ці ведаюць яны сваіх дэпутатаў, то большасьць зь іх адказвае, што ня ведаюць. І нават прозьвішча свайго дэпутата ня могуць успомніць”.

(Каліноўскі: ) “На гэтым тыдні збор подпісаў за кандыдатаў завяршаецца. Каб зарэгістравацца, прэтэндэнтам на мандат патрэбна сабраць і падаць у акруговую выбарчую камісію 1000 подпісаў выбаршчыкаў. На сувязі Горадня, наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў. Сяргей, у вашым горадзе дзейнічаюць, відаць, самыя незвычайныя ініцыятыўныя групы, якія зьбіраюць подпісы за Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева, якіх сёньня судзяць нібыта за нанясеньне публічнай абразы прэзыдэнту Лукашэнку. Якая ў іх сытуацыя са зборам подпісаў, ці ўдалося сабраць патрэбную тысячу?”

(Сяргей Астраўцоў: ) “Пакуль што не ўдалося, наколькі мне вядома. Становішча лепшае ў Аляксандра Васільева. Абедзьве ініцыятыўныя групы зарэгістраваныя са спазьненьнем, спачатку ім адмовілі ў рэгістрацыі. Яны страцілі ў выніку шмат часу для збору подпісаў. Але ў Васільева ёсьць дасьведчаныя зборшчыкі. Што датычыць Леванеўскага, дык ягоны адвакат і ён сам прасілі выпусьціць яго з-за кратаў, каб ён мог арганізаваць збор подпісаў за сябе, але судзьдзя Дземчанка пакінуў просьбу без адказу. Подпісы зьбіраюцца, але ня вельмі вынікова”.

(Каліноўскі: ) “Сяргей, а якія ўвогуле заўвагі найчасьцей выказваюць удзельнікі збору подпісаў?”

(Астраўцоў: ) “Найбольш яны гавораць пра тое, што ўлады выкарыстоўваюць гэтак званы адміністрацыйны рэсурс. Людзі прызнаюцца зборшчыкам, што настаўніц, выхавацелек дзіцячых садкоў прымушаюць сабраць 30 подпісаў за афіцыйнага кандыдата, хаця гэтыя людзі не зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўных групаў. Напрыклад, Раман Юргель, кіраўнік ініцыятыўнай групы прафэсара Алеся Астроўскага, мне гаварыў наступнае. Жыхары Гарадзенскай Паўночнай 53-й акругі заўважылі, што зборшчыкі толькі даюць ім расьпісацца і паставіць дату ў ведамасьці, а пашпартныя зьвесткі запісваюць у сшытак. Напэўна, яны не зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы, а выконваюць за іх чарнавую працу, так лічаць людзі”.

(Каліноўскі: ) “Нашыя рэгіянальныя карэспандэнты працягваюць сачыць за хадою выбарчай кампаніі. 1 верасьня завяршаецца фармаваньне выбарчых камісіяў. А 6 верасьня — апошні дзень вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG