Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі распачнуць працу назіральнікі на выбарах ад АБСЭ?


Юры Сьвірко, Менск Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ пакуль яшчэ не адкрыла свой часовы офіс у Менску, але абяцае зрабіць гэта найбліжэйшымі днямі. Кіраўніца місіі назіральнікаў на выбарах брытанка Одры Главэр, як чакаецца, прыбудзе ў Менск у суботу.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якое базуецца ў Варшаве, апублікавала ў беларускай прэсе ўжо некалькі абвестак, што адкрывае ў Менску місію назіраньня за выбарамі. Бюро паведамляе, што яму патрэбныя перакладчыкі, офісныя клэркі, памочнікі экспэртаў ды кіроўцы. Раней паведамлялася, што першая група назіральнікаў прыедзе ў Беларусь 30 жніўня, а потым да іх далучыцца кіраўніца місіі Одры Главэр, былая дырэктарка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.

Ці значыць гэта, што назіраньне за беларускімі выбарамі пачалося? Вось як на гэтае пытаньне адказала прэсавая сакратарка варшаўскага бюро АБСЭ Урдур Гунарсдотыр:

(Гунарсдотыр: ) “Заўсёды ёсьць пытаньне, калі гэта пачынаецца. Ці назіраньне пачынаецца, калі прыбывае нейкая асоба, або калі адкрываецца офіс, або калі прыяжджае кіраўнік місіі? Заўсёды ўсяго пакрысе. Людзі прыяжджаюць гэтымі днямі. Спадарыня Главэр прыбудзе толькі на наступным тыдні, але й да яе будуць людзі”.

Кіраўніца беларускага аддзелу ў справе назіраньня за выбарамі варшаўскага бюро Халі Бутраф ужо знаходзіцца ў Менску. АБСЭ мела намер адкрыць для сваіх назіральнікаў часовы офіс у цэнтры беларускай сталіцы, а не каля сталага Офісу АБСЭ ў Менску. Ці ажыцьцявіліся гэтыя пляны, спытаўся я ў спадарыні Бутраф.

(Бутраф: ) “На гэтым тыдні мы ўсё яшчэ спрабуем атрымаць наш офіс. Прыехала наша каманда экспэртаў — гэта каля дзесяці чалавек. Мы называем яе ключавой камандай. Яны арганізоўваюць прыезд доўгачасовых наіральнікаў, якія прыбудуць на наступным тыдні, 8 верасьня. Іх паінфармуе каманда экспэртаў, пасьля чаго іх накіруюць па ўсёй краіне. Гэта стандартная мэтадалёгія, якую мы ўжываем і тут на парлямэнцкіх выбарах”.

Халі Бутраф паведаміла, што кіраўніца місіі назіральнікаў ад АБСЭ Одры Главэр прыедзе ў Менск у гэтую суботу.

Якіх-небудзь папярэдніх высноваў ад назіральнікаў АБСЭ найбліжэйшым часам чакаць ня варта. Варшаўскае бюро кажа, што спачатку трэба абнародаваць адрас і тэлефоны часовага менскага офісу, куды маглі бы зьвяртацца зацікаўленыя. Офіс будзе прымаць любую інфармацыю пра выбарчую кампанію. Але першы прэсавы рэліз беларускай місіі назіральнікаў можна чакаць ужо ў гэты чацьвер.
XS
SM
MD
LG