Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратарка Крычаўскай выбарчай акругі судзіцца з патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў 30 жніўня ў Крычаве пачаўся судовы разбор, у якім бяруць удзел сакратарка акруговай выбарчай камісіі й патэнцыйны кандыдат у дэпутаты парлямэнта ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.

Сакратарка Крычаўскай акруговай камісіі й сябра БРСМ Натальля Амеліна абвінавачвае Мікалая Гердзія ў абразе гонару і годнасьці. Паводле словаў жанчыны, гэта адбылося ў дзень, калі патэнцыйны кандыдат даведаўся пра адмову ў рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы. Сакратарка камісіі зьвярнулася ў міліцыю.

(Амеліна: ) “Проста мяне чалавек абразіў пры выкананьні службовых абавязкаў. Вось і атрымаўся пратакол”.

Мікалай Гердзій называе абвінавачаньне прыдумкай, якая мае на мэце дыскрэдытацыю яго як патэнцыйнага кандыдата, бо цяпер крычавец вылучаецца як сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.

(Гердзій: ) “Баяцца нашыя ўлады, што я атрымаю доступ як кандыдат у дэпутаты да афіцыйнай трыбуны, прэсы, раскажу ўсю праўду. А так тут чыстай вады блеф”.

Як высьветлілася ў судзе пасьля выступаў бакоў, сьведак здарэньня няма. Дарэчы, справа аб абразе разглядалася ў закрытым паседжаньні — судзьдзя Кротава адмовіла крычаўскім журналістам і праваабаронцам, якія хацелі прысутнічаць на разборы. У панядзелак працэс не завершыўся, бо ў суд будзе выкліканы міліцыянт, які складаў пратакол. Суд працягнецца 1 верасьня.
XS
SM
MD
LG