Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З наркотыкамі й лішнім тлушчам справіцца новая нямецкая таблетка “Acomplia”


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: навукоўцы распрацавалі таблетку, якая дапаможа ў барацьбе з атлусьценьнем і курэньнем.

“Таблетка, якая дапаможа згубіць лішнія кіляграмы і кінуць курыць будзе даступная на рынку цягам двух гадоў”, – пра гэта навукоўцы паведамілі 29 жніўня ў часе канфэрэнцыі Эўрапейскага таварыства кардыялёгіі ў Мюнхене. Лек, які атрымаў гандлёвую назву “Акомплія” (Acomplia) распрацаваны фармакалягічнай кампаніяй “Санофі-Сэнтэляба” (Sanofi-Synthelabo).

Ён узьдзейнічае на нядаўна выяўлены ў мозгу мэханізм, які адказны і за апэтыт, і за цягу да тытуню. Сувязь паміж апэтытам і паленьнем была заўважаная ўжо даўно: людзі пасьля курэньня гашышу або марыхуаны звычайна адчуваюць голад. Цяпер навукоўцы распрацавалі лек, які ўзьдзейнічае на адпаведныя часткі мозгу.

Падчас выпрабаваньняў новага леку каля 45% удзельнікаў цягам году страцілі 10% сваёй вагі. “Акомплія” зьмяншае таксама колькасьць тлушчу ў крыві і мэтабалічны сындром, які выклікае дыябэт. Атлусьценьне, курэньне й дыябет зьяўляюцца ў сваю чаргу галоўнымі фактарамі рызыкі сардэчна-судзінных хваробаў.

Новы лек блякуе рэцэптары сыстэмы, адказнай за апэтыт і курэньне, і дзейнічае адначасова і на тлушч, і на клеткі мозгу. Ён дазваляе ўтрымаць арганізму балянс і ўтаймоўвае апэтыт, калі арганізм ўжо сыты. Дасьледаваньне з удзелам 1,500 чалавек паказала, што тыя, хто прымаў 20 міліграмаў леку ў дзень, страцілі ў сярэднім 6,5 кіляграмаў вагі, а тыя, хто прымаў 5 міліграмаў – схуднелі на 3,5 кіляграмы. Усім удзельнікам экспэрымэнту рэкамэндавалася зьменшыць колькасьць штодзённа спажываных калёрыяў на 600 і займацца фізычнымі практыкаваньнямі. Агулам, у 7 дасьледаваньнях, якія ставяць за мэту высьветліць сувязь паміж атлусьценьнем, курэньнем і дыябэтам, па ўсім сьвеце ўзялі ўдзел 13 тысяч чалавек.

“Гэта вельмі дарэчы, што новы лек быў прадстаўлены ў часе зьезду кардыёлягаў”,– заявіў спэцыяліст ў галіне барацьбы з атлусьценьнем са Шпіталю Адэнбрукс у Кэмбрыджы, Нік Фінэр. Ён падкрэсьліў, што новы лек, які дзейнічае на мэханізм у мозгу, адказны за атлусьценьне й курэньне, важны таксама і для кардыёлягаў, паколькі гэта два асноўныя чыньнікі рызыкі сардэчна-судзінных хваробаў.

“Гэта мусіць зьмяніць таксама падыход да праблемы атлусьценьня і тоўстых людзей з боку лекараў. Барацьба з атлусьценьнем складаная і для лекараў, і для пацыентаў. Мы маем лекі, якія зьніжаюць крывяны ціск і ўзровень халестэрыну, але раней мы не маглі дапамагчы людзям з празьмернай вагай”, – сказаў Нік Фінэр. Ён ня згодзен з тым, што тоўстыя людзі ня маюць дастаткова сілы волі, каб накінуць сабе рэжым, які дазволіць ім схуднець. “Мае пацыенты губляюць вагу ў 10 разоў хутчэй за астатніх, але тоўстыя людзі пасьля схудненьня, як правіла, хутка ізноў набіраюць вагу”, – кажа Нік Фінэр.

Спэцыялісты мяркуюць, што новы лек супраць атлусьценьня і курэньня ня будзе дзейнічаць гэтак хутка, як лекі, што зьніжаюць крывяны ціск і ўзровень халестэрыну. Хутчэй за ўсё, эфэкты будуць заўважныя толькі пасьля працяглага прыйманьня леку.

А зараз – яшчэ адна тэма з канфэрэнцыі кардыёлягаў у Мюнхене. Магчыма, вы ня любіце ласункаў і пазьбягаеце іх з прычыны цукру і небясьпекі атлусьценьня. Аднак у часе сустрэчы Эўрапэйскага кардыялягічнага таварыства ў Мюнхене спэцыялісты пацьвердзілі, што для чорнага шакаляду можна зрабіць выключэньне. У 100 грамах шакаляду ўтрымліваецца 500 калёрыяў, аднак памяркоўнае яго спажываньне не вядзе да атлусьценьня. Шакаляд, асабліва чорны, карысна ўплывае на вены і артэрыі, і гэткім чынам засьцерагае ад сардэчна-судзінных хваробаў.

Доктар Хараламбас Влачапулас з мэдычнага факультэту ў Афінах нагадаў, што асноўны складнік шакаляду – какава, была вядомыя ўжо амаль 3500 гадоў таму. У старажытных амэрыканскіх народаў – маяў і ацтэкаў напой з какавай, спэцыямі, кукурузнай мукі і розных дадаткаў лічыўся каралеўскім. Легендарны правадыр Мантэсума выпіваў некалькі кубкаў шакаляду ў дзень.

Вынікі апошніх дасьледаваньняў пацьвердзілі, што паліфэнолы, якія ўтрымліваюцца ў зерне какавы, станоўча ўплываюць на ўсю крывяносную сыстэму. Паліфэнолы нэўтралізуюць дзеяньне “дрэннага” халестэрыну і прадухіляюць фармаваньне згусткаў, якія выклікаюць тромбы ў артэрыях. На думку спэцыялістаў, спажываньне траціны пліткі чорнага шакаляду ў дзень засьцерагае ад хваробаў сэрца. Прадукты з дадаткам какавы ўтрымваюць у сабе каля 600 хімічных рэчываў, які засьцерагаюць арганізм ад іншых хваробаў, у прыватнасьці ад раку. Яны стымулююць імунную сыстэму, зьмякчаюць рэўматычныя болі і зьмяншаюць рызыку дэпрэсіі.
XS
SM
MD
LG