Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН вырашыла, што беларуская дзяржава павінна рэабілітаваць крычаўскага праваабаронцу й вярнуць яму спагнаныя грошы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Жыхар горада Крычава, грамадзкі актывіст Лявон Сьвецік упэўнены, што ў барацьбе за свае правы трэба ісьці да канца і цяпер мае на гэта доказ. Чатыры гады таму ён паскардзіўся ў камітэт правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацый і неўзабаве атрымаў адказ з Жэнэвы, які называе сваёй маленькай, але перамогай.

Гэта гісторыя пачалася ў 1999 годзе. Лявон Сьвецік на старонках газэты “Народная воля” заклікаў грамадзянаў не браць удзел у выбарах у мясцовыя саветы, якія лічыў несумленнымі. Пасьля гэтага яго выклікалі ў Крычаўскі раённы суд і наклалі штраф у 1 мільён рублёў – у той час гэта складала 2 мінімальныя заробкі і прыкладна чвэрць настаўніцкага заробку Лявона. Ён заплаціў, але ўсё ж быў і застаецца ўпэўненым, што ў яго ёсьць права выказваць сваё меркаваньне, пра выбары ў тым ліку. З гэтым Сьвецік прайшоў усе інстанцыі ў Беларусі, і ўрэшце паскардзіўся ў камітэт ААН. Праз 4 гады ён атрымаў адказ, якім, паводле яго словаў, цалкам задаволены.

(Сьвецік: ) “Камісія правоў чалавека вырашыла, што штраф быў незаконны, і што зараз дзяржава павінна вярнуць мне гэтыя грошы і не рабіць больш такіх парушэньняў у адносінах да грамадзянаў Беларусі”.

Беларуская дзяржава, якая парушыла правы грамадзяніна, павінна яго рэабілітаваць і зрабіць гэта галосна – вярнуць штраф, на працягу 90 дзён зрабіць справаздачу і надрукаваць яе ў прэсе.

Як паказала практыка, ланцуг выкананьня гэтага рашэньня доўгі, ідзе праз міністэрства замежных спраў, гэта цяжкая і марудная справа. Адказ з Жэнэвы Сьвеціку – адзін з нешматлікіх, якія атрымалі беларусы ўвогуле за апошняе дзесяцігодзьдзе. Некалькі гадоў таму падобны адказ атрымаў журналіст з Магілёва Уладзімір Лапцэвіч, які быў аштрафаваны за распаўсюд дэклярацыі правоў чалавека. Але ніякіх кампэнсацыяў ён так і не атрымаў. Пра гэта мне нагадаў магілёўскі правабаронца Уладзімір Краўчанка.

(Краўчанка: ) “Мне такія выпадкі, калі рэкамэндацыі камітэту выконваліся на тэрыторыі Беларусі ўрадам, невядомыя. Няма мэханізму, які забясьпечыць іх безумоўнае выкананьне”.

Праўда, сам Лявон Сьвецік гаворыць, што вяртаньне грошай – гэта для яго ня самае галоўнае. Асноўнае, лічыць крычавец, каб быў выпрацаваны мэханізм кампэнсацыі тым людзям, правы якіх парушаныя. І каб на яго прыкладзе людзі зразумелі, што калі маеш рацыю, трэба змагацца за свае правы і справядлівасьць.

(Сьвецік: ) “Я спадзяюся, што празь нейкі час – доўгі ці нядоўгі, як там лёсам наканавана – у Беларусі будуць паважаць правы чалавека, будзе прававая па-сапраўднаму дзяржава”.
XS
SM
MD
LG