Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валянцін Елізар’еў: “Я гатовы змагацца за жыцьцё беларускага балета”


Галіна Жарко, Менск Сёньня ў Беларускім тэатры балета першы працоўны дзень. Артысты вярнуліся з адпачынку і 3 верасьня выйдуць на сцэну ў “Лебядзіным возеры”. Сёлетняе адкрыцьцё – ня толькі ўрачыстае, але й з даволі сумным адценьнем. Гледачам варта пасьпяшацца ў тэатар: даўнія размовы пра тое, што тэатар опэры і балета зачыняецца на рамонт, пацьвярджаюцца.

Дарэчы, вядуцца яны значна даўжэй, чым мы думаем. Мастацкі кіраўнік тэатру Валянцін Елізар’еў кажа, што калі 30 гадоў таму ён толькі ўладкоўваўся на працу, яго папярэдзілі, што ненадоўга – тэатар зачыняецца на капітальны рамонт. І па сёньняшні дзень аніякае пэўнасьці. Закрыць могуць і праз паўгода, і ў канцы сэзону.

“Пакуль для мяне ўсё складаецца з пытаньняў”, кажа спадар Елізар’еў. Але ў яго няма сумневу, што рамонт, кошт якога ацэньваецца ў межах 100 мільярдаў рублёў, зацягнецца на добрае дзесяцігодзьдзе. І тэатар давядзецца ствараць нанава. Вось што кажа Валянцін Елізар’еў:

(Елізар’еў: ) “Зачыніць яго лёгка, але калі рамонт будзе фінансавацца з тоненькай ручаінкі, ён будзе болей раскрадацца, разбурацца, чым тады, калі ў ім людзі ёсьць. Вядома, пры пераезьдзе нас чакаюць вялікія страты. Паглядзім наколькі ўважліва паставіцца дзяржава да нашага пераезду, колькі нам дазволяць даваць спэктакляў у Палацы рэспублікі”.

Арэндную плату ў Палацы Рэспублікі – 8 тысяч даляраў за вечар – беларускі балет, па словах мастацкага кіраўніка, “не пацягне”. “Але я гатовы змагацца за жыцьцё беларускага балета”, кажа ён. Праўда, захаваць удасца толькі самыя лёгкія спэктаклі. Тыя, што лёгка мантуюцца, лёгка асьвятляюцца – у асноўным, гэта клясыка. А для новага памяшканьня мяркуецца паставіць балет “Клеапатра”. Дэкарацыі будуць рабіцца адразу ў разьліку на Палац Рэспублікі.

Нездарма, відаць, кажуць, што тэатар пачынаецца зь вешалкі... Калі гледачы могуць захапляцца майстэрствам артыстаў на любой сцэне, дык адметны тэатральны дух усё ж будзе страчаны...

Непаўторны дух тэатру стварае велізарная колькасьць людзей. Апроч артыстаў балета, опэры й аркестра гэта інжынэры, рабочыя сцэны, асьвятляльнікі... каго тут толькі няма. Гэта, па сутнасьці, вытворчасьць. Але ў Палацы Рэспублікі яны будуць непатрэбныя, бо там свой пэрсанал. Спадар Елізар’еў назваў гэта сацыяльнай праблемай, бо людзей, відаць, давядзецца звальняць.

Але пакуль тэатар яшчэ запрашае на спэктаклі. Квіток у новым сэзоне будзе каштаваць у межах 20 тысяч рублёў. Квіткі для ільготнікаў зусім танныя. Заля заўсёды поўная. Дарэчы, артысты беларускага балета “працуюць на гледача” сапраўды самаахвярна. Валянцін Елізар’еў заўважыў, што ўжо два тыдні многія артысты (а яны яшчэ ў адпачынку) ходзяць у тэатар пазаймацца. І з гастроляў усе вярнуліся, хоць за мінулы сэзон тэатар даў больш за 140 спэктакляў за мяжою – Францыя, Кітай, Кіпр.

(Елізар’еў: ) “Новы сэзон пачынаем бяз стратаў. У нас няма людзей, якія зьехалі за мяжу. Больш за тое, мы ўзялі добры выпуск з харэаграфічнага каледжа. Вельмі пэрспэктыўныя Мікалай Ранеж і Алег Яромкін”.

Хоць пэрспэктывы беларускага балету вельмі туманныя, на афішах – новыя прозьвішчы й новыя назвы. “Легенда аб Уленшпігелі” – гэта абноўленае вяртаньне таго “Тыля Ўленшпігеля”, які ня йшоў ужо 14 год. А настрой жа і ў мастацкага кіраўніка беларускага балета Валянціна Елізар’ева, і ў аматараў – сумны й трывожны. Што, калі народжаная ў тэатры харэаграфічная вэрсія “Стварэньня сьвету” прыйдзе ў заняпад ад фактычнага разбурэньня цэлага тэатральнага сьвету беларускага балета?
XS
SM
MD
LG