Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сёньня Радыё Свабода на беларускай мове трансьліравала ўжо горш няма куды! Спачатку хрыпела, а потым зусім зьнікла”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 30 жніўня . Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Хачу выказацца на тры пытаньні. Па-першае, праслухаў мэмуары Шушкевіча. Малайчына! Аб’ектыўна, дакладна, вельмі правільныя характарыстыкі ён дае і становішча, якое было на той момант. Усё правільна. Малайчына!

Па-другое, мы хутка ўжо сабярэм 6.5 мілльёнаў тон збожжа. Ведаеце, становіцца сумна і жахліва. За гэтыя годы, 8 ці 10 год, мы так і не прасунуліся наперад у сельскай гаспадарцы. Гэта такі мізэр! Гэта настолькі няўмела! Колькі грошаў, людзкіх сілаў, бэнзіну, газу, якія мы патрацілі на гэтыя мільёны, ня вартыя таго, бо за гэтыя грошы магчыма было б купіць 10 мільёнаў тон і не сапсаваць людзям жыцьцё і здароўе!

Трэцяе, наконт нашых алімпійцаў. Дзіўлюся, за нашыя грошы павезьлі турыстаў у Грэцыю. Хай хлопчыкі возьмуць яшчэ мэдалёў, мы радыя за іх. Але ж, калі павезьлі дзяўчынак, якія няздольныя выканаць нейкі нарматыў, прайсьці кваліфікацыю, як, напрыклад, тая дзевачка, што кідала кап’ё, ня здолелі кінуць яго на 61 мэтра, а толькі на 50. Няўжо тут у нас на бацькаўшчыне яны ня бачылі, што яна кідае на 50 ці 55, а ніяк ні на 60, каб папасьці ў фінал?! Няўжо нашае Міністэрства спорту ня ведае гэтых дадзеных? Карацей, грошы нашага жабрацкага народу забіраюць на глупства, цягнуць туды турыстаў! Вельмі дрэнна, вельмі!”

(Спадар: ) “Генадзю Бураўкіну. Генадзь Мікалаевіч! Даражэнькі! Я спадзяюся, што вы па голасу пазнаеце, хто тэлефануе, а калі не пазнаеце, то гэта ня так і важна. Народзіны ў вас! Здаровічка вам моцнага! І каб доўга-доўга бадалі пад дых усялякай поскудзі сваімі цудоўнымі вершамі!

Хацеў бы запытаць, як у майстра паэзіі, ці ёсьць у вас вучань, якога вы падрыхтавалі б да высокага палёту паэзіі, напрыклад, як пісьменьнік Уладзя Содаль свайго ўнучака Сержыка?

І яшчэ адно пытаньне. Ці вядома вам што-небудзь пра Кастуся Новіка?”

(Спадар: ) “Добры вечар, Свабода! Адзін слухач заяўляе, што радыёстанцыя Свабода фальшывіць. А што дзяржаўныя сродкі інфармацыя не фальшывяць? Гляньце, што робіцца. У Расеі любы чыноўнік можа прыйсьці на Радыёстанцыю Свабода і гутарыць зь людзьмі па прамому тэлефону. А ў нас чыноўнікі шарахаюцца гэтай радыёстанцыі, як чорт ад ладану. Дзякую.”

(Мікола Саскевіч: ) “На вашае пытаньне, якія падзеі мяне ўразілі на Алімпіядзе. Дык гэта польскі спартовец Роберт Крыжаноўскі, спартыўная хадзьба, які ўсіх перагнаў, прыйшоў першы і атрымаў залаты мэдаль. І як сказаў адзін расейскі спартовец, што Роберт спрацаваў як робат. Ён, канечне, ня робат, але выдатны спартовец і добры чалавек. І яшчэ мяне ўразіў расейскі спартовец, таксама з гэтага забегу, які ня гледзячы на тое, што яго хістала ва ўсе бакі, дайшоў да канца, дайшоў да фінішу і потым зваліўся. Я захапляюся гэтым спартоўцам за яго волю да перамогі.

Зь дзяцінства я займаўся грэка-рымскай барацьбой, а ў маладосьці займаўся боксам, таму мне цікава было назіраць за барацьбой і боксам. Што тычыцца апошняга боксу за золата нашага баксёра Віктара Зуева з кубінцам, то хачу сказаць, што Зуеў выглядаў на рынгу лепей і мацней за кубінца, думаю, са мной усе пагодзяцца. Але што зробіш, спорт ёсьць спорт – кубінец набраў болей ачкоў і атрымаў золата. Але Зуеў малайчына, выдатны баец!

Шкада, канечне, што нашая каманда не выступае пад сваім сьцягам бел-чырвона-белым і гербам “Пагоня”. Шкада, што нашая краіна зьяўляецца дыктатарскай, бяспраўнай. Вельмі хочацца падтрымліваць нашую каманду, падняць наш сьцяг бел-чырвона-белы і радавацца перамозе спартоўцаў і радавацца за нашую краіну. Але што тут зробіш? Пакуль пры ўладзе дыктатар, таму я падтрымліваў Польшчу і ЗША, краіны, якія я люблю, якія я ўвесь час падтрымліваў і буду падтрымліваць.

І хачу павіншаваць вялікую дэмакратычную дзяржаву ЗША зь перамогай спартовай зборнай каманды на Алімпіядзе ў горадзе Афіны ў Грэцыі! Зь перамогай вас, амэрыканскі народ! Вашыя спартоўцы і трэнэры найлепшыя ў сьвеце! Малайцы! Так трымаць! Посьпехаў вам і хавай Бог Амэрыку! Дзякуй за ўвагу.”

(Жыхар Менску: ) “Зноў радыё пахрыпвае, голас зьнікае. Ну што гэта вы не назіраеце, як яно размаўляе?

На пытаньне тыдня, хто наш дэпутат. Нашым дэпутатам вось гэтай кішэннай палаты была Вольга Абрамава. Хто яе выбіраў ведае толькі адзін Бог. Мы галасавалі тады супраць яе, і, як паказала яе дэпутацтва, мы не памыліліся, бо нічога добрага яна для народу, рэжыму і дзяржавы не зрабіла і ня думала рабіць. Я так і не дачакаўся, што яна далучыцца да галадаючых дэпутатаў за народнае шчасьце. Прыходзіў яе сябра за подпісам тыдні тры таму назад, дык яго мая жанчына нават у кватэру не пусьціла! Гэта не дэпутат, а марыянэтка Вольга.

У мяне пытаньне да Лукашука. Чаму ўсе тэлефанаваньні не магчыма было пачуць? Толькі стала чуваць, калі Лукашук стаў адказваць на пытаньне аднаго слухача. Што гэта такое?!

Паважаны Лукашук! Сёньня Радыё Свабода на беларускай мове трансьліравала ўжо горш няма куды! Спачатку хрыпела, а потым зусім зьнікла. Няўжо амэрыканскі плацельшчык задаволены такой трансьляцыяй? Чакаю вашага адказу.”

(Спадарыня: ) “Паважанае спадарства! Усім вядома, што дэпутаты палаты ня маюць ніякіх правоў і магчымасьцяў, каб прынесьці нейкую карысьць канкрэтнай справе ці канкрэтнаму чалавеку. Аб гэтым лішні раз гаварылі спадар Фралоў і спадарыня Машэрава. І ў гэтай сытуацыі “5+” і іншыя, як спадар Сацкевіч, Бандарэнка, заклікаюць людзей удзельнічаць у выбарах, што забясьпечыць яўку і выбары будуць прызнаныя. Пры тым, кандыдаты так званай апазыцыі ня будуць выбраныя, аб чым гэтыя дэпутаты самі прызнаюць і кажуць у сваіх заявах па Радыё Свабода. Дык што ж робяць гэтыя ўдзельнікі ў выбарах? Трэба сумленна сказаць, што яны займаюцца палітычным бізнэсам, здрадай, пры тым яны хлусяць людзям, што яны могуць быць абраныя і што змогуць нешта зрабіць для гэтых людзей, калі будуць абраныя. Вам павінна быць сорамна, спадары, толькі адмоўны байкот выбарам зможа паказаць адмоўныя адносіны народу да ўлады, як у 2000-м годзе стаць прычынай непрызнаньня выбараў і саміх палац. Людзі дарагія! Не ідзіце на ашуканскія выбары, тым больш на рэфрэндум! Пайсьці на выбары – гэта значыць здрадзіць Беларусі! Я толькі не ўпэўненая, што гэтае маё тэлефанаваньне будзе агучанае па Радыё Свабода, як ужо было ні адзін раз. Дзякуй.”

(Спадар: ) “Спадары замежнікі! Выказваю сваё меркаваньне. У нашай Беларусі існуе першая праграма, “Культура”, “Сталіца”, радыё абласных цэнтраў цудоўныя перадачы перадае. Сапраўды, ёсьць, што паслухаць! А вось вашыя перадачы нейкія дэбільныя! Вось гэты Барадулін кожны дзень, Маёрчык ваш недзе па балотах і лясах усё лазае, Шушкевіч свае мэмуары чытае. Проста няма чаго ў вас слухаць! Ці ня час закрыць вашую гэтую лавачку, каб толькі дарэмна грошы амэрыканскіх плацельшчыкаў ня траціць?”

(Маісеенка Генадзь: ) “Прывітаньне! Учора пасьля вашай праграмы і іншага пабачанага, паслуханага, я зрабіў адзін вынік, што большая частка эўрапейцаў, нашых саўкоў і іншых найменных міратворцаў так і не зразумела, што волю дэмакратыі ў 21-м стагодзьдзі трэба ў бальшыні выпадкаў здабываць праз малыя воіны і зброю на экспарт, асабліва тады, калі другія сродкі папросту не працуюць. Час да існасьці дыктараў і іх рэжымаў скончыўся. Таму, нягледзячы на бальшыня часткі народаў, якія ад жаху заўжды маўчаць, відаць іх дыктатараў і правадыроў, убогіх збройнай моцай, як гэта было і ёсьць у Югаславіі, Аўганістане і Іраку, бо іншае, кроў і генацыд, будзе яшчэ жудасьней, калі іх захоўваць ва ўладзе. А да тэрактаў і фанатыкаў рознага кшталту найменна лягчэй ужываюцца пры дыктатуры, а не на волі дэмакратыі. Так што аспрэчваць і ахайваць амэрыканцаў, брытанцаў, якія нясуць факел волі і свабоды, розуму большага ня трэба, а павінна самім уваходзіць у іх шэрагі ці найменш не гаманіць глупства і ня быць сьвяцей, чым сам Папа Рымскі. Бо прыйшоў час, калі зло павінна нішчыцца ўшчэнт, і крыжовае паходы супраціў яго ня толькі спраўдзенае, але і абавязковае да ўсіх нас. Час, калі злу трэба адлатвіць ягонаю меркаю, а не падстаўляць ланіту пад ягоную длань.”

(Лусевіч Міхаіл: ) “Паслухаў пачатак “Праскага акцэнту”, дзе ішла размова наконт небясьпекі спадара Лукашэнкі, яго рэжыму з боку ЗША, Эўропы ці там Расеі. І вось жадаю выказаць сваё меркаваньне, што на фоне абсалютна незразумелых тлумачэньняў як з боку нямецкага палітоляга, як з боку амэрыканскага палітоляга, як з боку нашага палітоляга абсалютна зразумелае і прадказаньне, на мой погляд, адказ з боку расейскага палітоляга, які сказаў адкрытым тэкстам, што нам патрэбен Лукашэнка, бо іншага няма, а іншага няма, таму што іншыя будуць арыентаваць Беларусь на Захад. І Расея гатовая цярпець Лукашэнку ў любым выпадку і ніколі ні ў ніякім разе ня будзе падтрымліваць ніякую апазыцыю, таму што апазыцыя, якая б яна не была, яна ўсё роўна пацягне туды, на Захад, але не ў Расею. І ўсё роўна заўсёды ва ўсе гады Расея будзе падтрымліваць толькі тых, хто будзе цягнуцца да яе. І таму мне зусім не зразумелыя, у які раз я кажу, бязглуздыя гульні спадарства нашай апазыцыі з Расеяй. Дзякуй.”

(Акуленка Міхаіл Ільіч: ) “Паважаная рэдакцыя! Дзень добры! Наконт Алімпіяды ў Грэцыі. Я думаю, што нашыя спартоўцы выступілі б значна лепш на Алімпіядзе ў Грэцыі, калі б дэлегацыяй кіравалі беларускія былыя алімпійцы як Парфяновіч, а не чыноўнікі ад улады з дрэннай рэпутацыяй. Гэта вельмі дрэнна паўплывала на пачатак спаборніцтваў. Нашыя чэмпіёны займалі чацьвёртыя і восьмыя месцы. Прыйшлося змагацца ня толькі на стадыёне, але і з уласнымі кіроўцамі ад спорту. Чаго толькі варты скандал зь Сіваковым! Канечне, гэта перашкодзіла выступіць больш пасьпяхова. Але я пільна сачыў і падтрымліваў нашую беларускую каманду.

Я ўдзельнічаў у пары з вашай рэдакцыяй. Я спадзяваўся на 17 мэдалёў. Аб гэтым пары з вамі ведалі ўсе мае сябры і родзічы, і мы сумесна перажывалі за посьпех каманды. Мне параілі патэлефанаваць вам і падлічыць мэдалі больш канкрэтна, то і атрымаецца 17 мэдалёў, бо атрымалі мэдалі двойка ў акадэмічным веславаньні і двойка на байдарках. Мы спадзяваліся атрымаць ваш прыз, гэта было б нашым посьпехам. Але гульня ёсьць гульня. Дзякуй вам за ўвагу. Да пабачэньня.”

(Спадар: ) “На вашае пытаньне, што асабліва ўразіла на Алімпійскіх гульнях. Мяне асабліва заўсёды ўражвае той факт, што ніводзін наш беларускі спартовец на чале зь міністрам спорту не размаўляюць па-беларуску, не размаўляюць, бо русыфікаваны ў адрозьненьні ад усіх іншых спартоўцаў, якія ведаюць і размаўляюць на роднай мове.

Уразіў і той факт, што мэдалі заваявалі тыя спартоўцы, на якіх спадзяваньня ў перамозе не было. Гэта паказвае той нізкі ўзровень прафэсіяналізму, якім валодаюць спартыўныя кіраўнікі краіны.

Самае цяжкае ўражаньне пакінула паведамленьне аб тым, што Лукашэнка даў загад прывезьці 25 мэдалёў. Ну гэта ўжо ні ў ніякую браму ня лезе па недарэчнасьці! Такі мудрэц ніколі не згадзіцца на апублікаваньне фотаздымку з вышэйшым за сябе спартоўцам, такім як капітан каманды Дзьмірава. Дзякуй.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG