Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка адзначыў свой юбілей на палях і атрымаў мэдаль “Слава Адыгеі”


Юры Сьвірко, Менск Сваё 50-годзьдзе кіраўнік Беларусі сустрэў бяз гальштука — у льняной кашулі, даючы ўказаньні пашыраць ільнопасевы, экспарт бульбы і ўнутраныя закупкі броварнага ячменю.

У свой дзень нараджэньня Аляксандар Лукашэнка вылецеў зь Менску на верталёце ў Карэліцкі раён Гарадзеншчыны. Як падкрэсьлівалі афіцыйныя крыніцы, ніякіх урачыстых імпрэзаў з нагоды 50-годзьдзя спадара Лукашэнкі не было. Аднак узнагароды й падарункі ўсё адно паступалі ў ягоную менскую рэзыдэнцыю.

Пакуль вядома пра тры мэдалі, якімі Аляксандра Лукашэнку ўзнагародзілі напярэдадні юбілею. Гэта мэдаль “Слава Адыгеі”, пра які падпісаў указ прэзыдэнт гэтай расейскай рэспублікі, юбілейны мэдаль “100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”, які зьбіраўся ўручыць старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік, ды “Пачэсны крыж францускага Супраціву”.

Як і кожны год, на адрас Аляксандра Лукашэнкі йдуць шматлікія віншавальныя лісты й тэлеграмы. Былы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч прыгадвае:

(Пашкевіч: ) “Гэта быў звычайны дзень заўсёды. Ён ніколі не рабіў з гэтага помпы. Віншаваньні, букеты кветак — гэта заўсёды, як для любога чалавека, у якога дзень нараджэньня. Можна было перадаць віншаваньні паштоўкай, тэлеграмай, а букет кветак — у прыёмную прэзыдэнта. Кветкі й тэлеграмы былі на працягу ўсяго дня”.

А Аляксандар Лукашэнка тым часам у Карэліцкім раёне выказаўся на тэму ўзнагарод зь іншай нагоды. Ён сказаў, што ніхто ня мае права сумнявацца ў колькасных паказьніках сабранага ўраджаю, і заявіў: “Нам трэба расказаць і паказаць “сьвядомым” апазыцыянэрам, колькі ўраджаю мы ўжо сабралі. Які нам сэнс сёньня хлусіць — ніхто ж, як у савецкі час, ужо не паедзе ў Крэмль па ордэны”. Аляксандар Лукашэнка загадаў паказаць і даць апазыцыі канкрэтныя лічбы што да ўраджаю, а таксама да 10 верасьня сабраць зерне на прысядзібных участках, перакінуўшы камбайны туды, у прыватны сэктар.

У Карэліцкім раёне, які спэцыялізуецца на льне, кіраўнік дзяржавы абвесьціў: “Беларусь — бульбяная краіна, таму трэба вырошчваць як мага больш бульбы з мэтай продажу яе на вонкавыя рынкі”. Тамсама Аляксандар Лукашэнка даручыў прадаць беларускім піваварам увесь ураджай броварнага ячменю — каб тыя не казалі, што ў Беларусі яго няма й таму трэба імпартаваць з Чэхіі.

Але спадар Лукашэнка, апрануты ў льняную кашулю безь пінжака й гальштука, зьвярнуў увагу й на лён. “Гэта самая зручная, карысная для здароўя тканіна. Зь беларускага льна ў часы Савецкага Саюзу касманаўтам ткалі адзеньне”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка ды агледзеў новы гомельскі льнокамбайн, пасьля чаго даручыў давесьці яго да ўсясьветнага ўзроўню, а льнопрадукцыю прадаваць за мяжу больш агрэсіўна.

Гл .таксама Як сьвяткуе 50-гадовы юбілей прэзыдэнт Лукашэнка?
XS
SM
MD
LG