Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” сталіся прычынаю перасьледу актывіста АГП у Жлобінскім раённым судзе


Казімер Яноўскі, Жлобін У Жлобінскім раённым судзе судзілі намесьніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Кацору за ўлёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” і газэту “Время”. Як паведамляла наша радыё, 12 жніўня спадар Кацора перавозіў на ўласным легкавіку каля 15 тысяч улётак і звыш тысячы асобнікаў газэты “Время”. Пад выглядам таго, што легкавік знаходзіцца ў вышуку, дзяржааўтаінспэкцыя на пасту блізу Жлобіна спыніла партыйнага актывіста. У райаддзеле міліцыі быў учынены вобшук. Улёткі й газэты, што ляжалі ў багажніку легкавіка, жлобінскія міліцыянты сканфіскавалі, склалі пратакол і накіравалі яго ў мясцовы суд.

Судзьдзя Алена Ярмольчык, якая разглядала складзены міліцыяй адміністрацыйны пратакол, дапытвалася ў спадара Кацоры, адкуль і куды ён вёз 15 тысяч улётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”? Ці зарэгістраваныя афіцыйна кааліцыя “Пяцёрка плюс” і Аб’яднаная грамадзянская партыя? Ці зьяўляецца газэта “Время” партыйным выданьнем?

Спадар Кацора патлумачыў, што вёз улёткі зь Менску ў Гомель на просьбу знаёмага. Што да газэты “Время”, то паміж АГП і рэдакцыяй ёсьць дамова на распаўсюд гэтага выданьня. Падсудны партыйны актывіст прасіў судзьдзю патлумачыць, што ён парушыў.

Але па сутнасьці на гэтым судовае паседжаньне і скончылася. Судзьдзя Ярмольчык запатрабавала ад спадара Кацоры прадставіць да 14 гадзінаў заўтрашняга дня дакумэнты афіцыйнай рэгістрацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі й міжпартыйнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Чакаецца, што заўтра і будзе прынята рашэньне.

Адразу пасьля судовага паседжаньня ўладзімер Кацора сказаў нашаму радыё:

(Кацора: ) “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” — гэта праграма кааліцыі людзей, грамадзкіх дзеячоў. Яны маглі бы гэтую праграму ажыцьцявіць. І менавіта з гэтай прычыны ўлады не даюць, каб гэтая праграма дайшла да людзей”.

Сёньняшняя справа супраць спадара Кацоры — першая ў Беларусі, калі партыйнага актывіста, як прыватнага грамадзяніна, спрабуюць прыцягнуць да адназнасьці нібыта за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай палітычнай партыі ці грамадзкай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG